З такой заявай выступіў прадстаўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі Яўген Корзун на сэсіі Камітэту сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА ў Паўднёвай Карэі.
Паводле афіцыйнага Менску, пытаньні, зьвязаныя з пушчай, павінны вырашацца «без палітызацыі», а міжнародныя арганізацыі могуць дапамагчы аднавіць кантакты паміж беларускімі і польскімі экспэртамі. «Прырода ня ведае межаў», — заявіў Корзун:
«Беларусь пацьвярджае нязьменную гатоўнасьць аднавіць канструктыўны дыялёг на любых пляцоўках і ў любых фарматах у пытаньні захаваньня экасыстэм пушчы. Лічым, што ўзаемадзеяньне на тэхнічным узроўні павінна быць адноўленае неадкладна».
Польская агароджа на мяжы зь Беларусьсю зьявілася пасьля міграцыйнага крызісу 2021 году, калі тысячы мігрантаў з Блізкага Ўсходу, Азіі і Афрыкі спрабавалі трапіць у Эўразьвяз празь беларускую тэрыторыю. Польшча і Эўразьвяз называлі гэта арганізаваным міграцыйным ціскам з боку Менску і Масквы. Беларускія ўлады абвінавачаньні адкідалі.
У 2021 годзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць паток мігрантаў да межаў ЭЗ: «Мы спынялі мігрантаў на мяжы з Польшчай, Літвой, Латвіяй. Цяпер вы іх самі будзеце лавіць», — казаў Лукашэнка.
Пасьля гэтага колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы зь беларускага боку рэзка вырасла. Паводле польскай Памежнай службы, у 2023 годзе было зафіксавана каля 25 тысяч спробаў, у 2024 годзе — больш за 30 тысяч, у 2025 — крыху менш: 29,6 тысяч.
Польшча ў адказ пабудавала мэталічны бар’ер працягласьцю каля 186 кілямэтраў і ўзмацніла мяжу камэрамі, датчыкамі і іншымі тэхнічнымі сродкамі назіраньня. Варшава тлумачыць гэта неабходнасьцю для бясьпекі мяжы Эўразьвязу, а эколягі зьвяртаюць увагу, што такая інфраструктура ўскладняе перамяшчэньне жывёлаў у Белавескай пушчы.
- Белавеская пушча — адзін з найстарэйшых лясных масіваў Эўропы і аб’ект Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Яна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і Польшчы, але пасьля палітычнага крызісу і міграцыйнай напружанасьці супраца паміж краінамі ў галіне аховы прыроды фактычна спынілася.
- Цяпер Менск прапануе аднавіць дыялёг праз міжнароднае пасярэдніцтва.
Форум