Андрэй Шымановіч стаў фігурантам журналісцкага расьсьледаваньня, апублікаванага на міжнароднай плятформе журналісцкіх расьсьледаваньняў OCCRP.
«Улічваючы факты, згаданыя ў публікацыі, аб распрацоўцы праграм, якія могуць перадаваць пэўную інфармацыю ў Беларусь і Расею, і той факт, што Дэпартамэнт міграцыі не выконвае функцый прадухіленьня і праверкі кібэрбясьпекі, было таксама вырашана зьвярнуцца ў Нацыянальны цэнтар кібэрбясьпекі і Бюро крымінальнай паліцыі Літвы», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ведамства.
Абедзьве гэтыя структуры павінны ацаніць надзейнасьць праграм, згаданых у публікацыі, і іх унутранага праграмнага коду, патэнцыйныя прабелы ў бясьпецы і іншыя аспэкты, якія дапамогуць высьветліць магчымую шкоднасную прыроду такога праграмнага забесьпячэньня.
«Дэпартамэнт міграцыі пасьля атрыманьня ўсёй неабходнай інфармацыі ад іншых дзяржаўных устаноў ухваліць рашэньне адносна прававога статусу ў Літве згаданага ў публікацыі іншаземца», — адзначылі ў Дэпартамэнце міграцыі.
Што папярэднічала
Вынікі міжнароднага журналісцкага расьсьледаваньня з удзелам беларускіх журналістаў «Бюро» апублікавалі сёлета 21 ліпеня. У ім адзначалася, што Андрэй Шымановіч, які мае дазвол на пражываньне ў Літве, стварыў вядомы шпіёнскі сэрвіс і вёў справы адначасова ў Беларусі і Эўразьвязе.
У 2016 годзе Шымановіч ажаніўся на адзінай дачцэ Віктара Шэймана — Вользе. Але потым яны разлучыліся.
Паводле расьсьледнікаў, Шымановіч працягвае ствараць прыкладаньні ў Беларусі, якія лічаць небясьпечнымі, а таксама ажыцьцяўляе кіраўніцтва кампаній у Эўропе, якія зьвязаныя зь фігурантамі міжнародных карупцыйныях скандалаў.
Сярод праграм, якія ствараў Шымановіч расьсьледнікі назвалі:
- mSpy — дазваляе аддалена сачыць за чужым тэлефонам, пляншэтам або кампутарам, адсочваць іх геалякацыю, праглядаць фота, актыўнасьць у сацсетках, гісторыю званкоў і пошуку);
- Nicegram — надбудова для Telegram, якая дазваляе атрымаць дадатковыя магчымасьці ў выглядзе памочніка-штучнага інтэлекту і доступу да заблякаваных каналаў. Пры ўсталяваньні гэтага прыкладаньня карыстальнік павінен паведаміць сваё імя, адрас электроннай пошты, нумар тэлефону, даць дазвол да геалякацыі, мікрафону і камэры, а таксама да мэдыяфайлаў на тэлефоне. Калі дазволіць сынхранізацыю кантактаў, то прыкладаньне даведаецца таксама імёны і прозьвішчы з тэлефоннага нататніка карыстальніка,
- eSIM Plus — дазваляе атрымаць віртуальны нумар і ў паездках выходзіць у інтэрнэт без роўмінгу. Праграма зьбірае IP-адрасы карыстальнікаў, тэхнічныя зьвесткі і ідэнтыфікатары іх прыладаў, атрымлівае доступ да лякацыі, кантактаў, камэры і іншым функцыям тэлефону карыстальніка,
- InLab — гэта фотарэдактар. Ён не запытвае доступ да камэры, мікрафону, кантактам і геалякацыі, але атрымлівае вельмі шырокія правы на кантэнт карыстальнікаў. Пры запампоўваньні фота ў гэтую праграму кампанія Шымановіча аўтаматычна атрымлівае на яго бестэрміновую і бясплатную ліцэнзію, што дазваляе ўласьніку праграмы выкарыстоўваць фота карыстальнікаў у рэклямных і камэрцыйных мэтах. Праграма таксама можа перадаваць сабраныя зьвесткі афіляваным кампаніям, бізнэс-партнэрам, дзяржаўным органам, суду і новым уласьнікам прыкладаньня,
- Aivan — зьбірае тэхнічныя зьвесткі аб прыладзе, запытвае доступ да камэры, мікрафону, сховішча, лякацыі і аналізуе работу кліентаў з штучным інтэлектам. Зьвесткі могуць перадавацца партнэрам кампаніі, праваахоўнікам і новым уласьнікам прыкладаньня.
Экспэрты лічаць гэтыя праграмы небясьпечнымі.
Форум