«Патрабуем разысьціся»
Аляксей Санчук скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы каледж, прафэсійна займаўся зборкай мэблі. Захапляўся музыкай, але ня быў прафэсійным бубначом, сябраваў з гуртом «Патрабуем разысьціся». У 2020-м гэты гурт стаў своеасаблівым сымбалем летніх і восеньскіх пратэстаў. Хлопцы гралі дваравыя канцэрты, «задавалі рытм» на нядзельных маршах.
4 лістапада рэпэтыцыю гурту «Патрабуем разысьціся», якая праходзіла ў гаражы на вуліцы Ціміразева, наведаў ГУБАЗіК. Затрымалі 16 чалавек — ня толькі музыкаў, але і аматарў, якія захапляліся бубнамі, у тым ліку Аляксея Санчука. Камусьці прысудзілі штрафы па 30 базавых велічыняў. А шасьцярых затрыманых асудзілі на суткі.
Пратэсты жніўня 2020 у Менску. Архіўнае фота
Санчуку спачатку прызначылі 15 сутак арышту, але пасьля заканчэньня тэрміну на свабоду ён ня выйшаў. 26 лістапада на яго завялі крымінальную справу паводле часткі 1 і 2 артыкула 342 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). У лютым 2021 года Аляксею дадалі артыкул 293, часткі 3 (масавыя беспарадкі і фінансаваньне) і артыкул 13 (падрыхтоўка да злачынства) Крымінальнага кодэксу. 13 траўня 2021 года судзьдзя Маскоўскага раёну Тацяна Пірожнікава на запыт пракурора Яўгена Серыкава прысудзіла Аляксею Санчуку 6 гадоў пазбаўленьня волі.
«Не маё грамадзтва»
«На сёньня тэрмін, што цалкам адсядзеў Аляксей, самы доўгі для палітвязьня, які апынуўся на волі», — паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік дабрачыннай ініцыятывы BELAID Андрэй Стрыжак.
На волю Аляксей Санчук выйшаў 6 ліпеня 2026 года.
«Ад званка да званка адседзеў, толькі 75 артыкул (адзін дзень у СІЗА лічыўлася за паўтара) тэрмін на пару месяцаў скараціў. У дзень вызваленьня я стаяў на КПП Шклоўскай калёніі № 17 і думаў, што за 6 гадоў я ўжо прызвычайся да рэжыму, ведаў, што мяне чакае кожны дзень. А празь некалькі гадзін у мяне будзе зусім іншае жыцьцё, дзе нічога не зразумела. Было крыху страшнавата», — прызнаецца Аляксей.
Аляксей Санчук падчас судовага працэсу ў 2021. Архіўнае фота
На праезд да дому былому вязьню ў калёніі далі 2 рублі.За турэмнай брамай яго сустрэла жонка Ганна на машыне. Яны даехалі спачатку да Магілёва, прайшліся па горадзе, потым да Менску.
У Аляксея Санчука было 3 дні поўнай свабоды да пастаноўкі на так званы «прэвэнтыўны нагляд».
«Гэта вельмі жорсткі рэжым. Прэвэнтыўны нагляд — гэта з 22-й вечара да 6-й раніцы неабходна знаходзіцца дома, 4 разы на месяц прыходзіць адзначацца ў пастарунак, забаронена наведваць грамадзія месцы, рэстарацыі, кавярні, нават крамы з алькаголем. Я ведаю, што немагчыма набыць сім-карту, адкрыць банкаўскі рахунак, таму гэта я нават не спрабаваў. Трэба было яшчэ ўладкавацца на працу цягам двух тыдняў. За гэтыя тры дні назіранняў мне падалося, што людзі ў Беларусі вельмі памяняліся ў параўнаньні з 2020 годам: гэта ўжо не маё грамадзтва. Карацей, я ўзважыў ўсё акалічнасьці і вырашыў, што не змагу жыць у такіх умовах. І мы зь сям’ёй зьехалі з краіны», — тлумачыць Аляксей Санчук.
«У 2010 годзе я нічога не зрабіў. У 2020-м ужо ня змог маўчаць»
Чаму выходзіў на акцыі пратэсту? Аляксей кажа, што тая сытуацыя з выбарамі яго вельмі моцна раздражняла.
«Чаму так адбываецца ў маёй краіне? Галасы ня лічацца сумленна, падтасоўваюцца на карысьць улады. У 2010 годзе я бачыў гэта і нічога не зрабіў. У 2020-м ужо ня змог змаўчаць, выходзіў на акцыі. Бачыў, як шмат людзей выходзіла на маршы і не хацеў заставацца ў баку», — кажа ён.
Аляксей Санчук да арышту ў 2020. Архіўнае фота
На пытаньне, калі б ён ведаў, што тыя выхады на мірныя акцыі пратэсту скончацца шасьцю гадамі зьняволеньня, ці выходзіў бы на пратэсты, Аляксей адказвае, што ўсё адно выйшаў бы, але больш падрыхтаваны.
«Бо мы спачатку выходзілі як на сьвята — шмат народу, мы разам, падтрымліваем адзін аднаго, зь песьнямі, танцамі, музыкай — усё гэта было спачатку весела, пакуль не пачаліся актыўныя дзеяньні сілавікоў. Сьветлашумавыя гранаты кідалі ў натоўп сталых людзей, разганялі маршы пэнсыянэраў. Для мяне гэта падавалася вар’яцтвам — так абыходзіліся з пажылым людзьмі! Аднак усё адно б выйшаў! А то атрымалася, што рыхтаваліся да наступнага маршу, але недападрыхтаваліся — нас брутальна затрымалі», — узгадвае Санчук.
«Усё прыцягнулі за вушы і ўляпілі 6 гадоў»
На пачатку 2021 года за ўдзел у акцыях пратэсту звычайна давалі яшчэ па 2-3 гады калёніі. Аляксей адзін зь першых атрымаў па тых часах вельмі вялікі тэрмін — 6 гадоў. Як ўспрыняў яго?
«Усе тады казалі, што мы не адседзім такія тэрміны, нас вызваляць раней. Нават мая жонка мяне ў гэтым пераконвала. Але я мяркую, што мне ад пачатку плянавалі даць вялікі тэрмін. Спачатку завялі справу толькі па адным артыкуле — 342. Потым дадалі 293 — фінансаваньне, падрыхтоўка да ўдзелу. Як аказалася, гэта стала самым цяжкім абвінавачваньнем. У знаёмага знайшлі піратэхніку, а мы зь ім шчыльна кантактавалі, я да яго прыяжджаў рабіць чорную труну з надпісамі. Ну і звалілі ўсё да кучы, рэквізіты карткі банкаўскай былі ў нашым чаце, на якую пераводзіліся грошы на фарбы, атрыбутыку… Яшчэ мой знаёмы няўдала сказаў, што куплялася піратэхніка. І атрымалася, што я аплачваў піратэхніку, да якой ніякага дачыненьня ня меў — усё прыцягнулі за вушы і ўляпілі 6 гадоў», — распавядае Аляксей Санчук.
Суд па справе Аляксея Санчука, вясна 2021
У СІЗА ён спачатку сядзеў ў адзіночнай камэры. Узгадвае, як сумна было на Новы год у адзіночцы. Потым падсялілі людзей, але ўсё адно было незразумела, што адбываецца: нібыта жыцьцё спынілася.
«А я чуў, што за сьценамі СІЗА жыцьцё працягвалася: як так? Мяне нібыта выдзернулі з жыцьця. Спрабавалі падсяліць ў камэру для людзей зь нізкім сацыяльным статусам. А пасьля гэтага ў калёніі ў мяне былі б праблемы (мне ўжо тады падказалі добрыя людзі, што трэба бегчы з той камэры). Я рабіў усё, каб вырвацца адтуль, абвяшчаў галадоўкі, бо прыняцьцё ежы разам зь імі прыроўнівалася да прысваеньня мне нізкага статусу. Я гэта пераадолеў тады», — узгадвае Аляксей.
Потым была Шклоўская калёнія № 17, вядомая сваім жорсткім стаўленьнем да палітычных. Спачатку два тыдні жорсткага карантыну — па 5-6 прыборак камэры ў дзень. За любую драбязу — парушэньне, узгадвае былы палітвязень.
«Усяго ў мяне 29 парушэньняў назапасілася, за якія я сумарна адседзеў 9 месяцаў у ШІЗА і ПКТ (5 месяцаў у ШЫЗА і 4 — ў ПКТ). Хлопцы з атраду казалі, што я больш часу правожу ў ізаляцыі, чым у атрадзе», — кажа Аляксей.
На самым пачатку «адседкі» палітычныя яшчэ маглі крыху кантактаваць паміж сабой. Але хутка адміністрацыя калёніі гэтыя кантакты забараніла і жорстка карала 10-15 суткамі ШІЗА.
«Мы былі як пракажаныя. Калі „падымаецца“ чалавек з карантыну ў атрад, яму адразу тлумачаць, што ёсьць людзі з „дзясятым прафулікам“, зь імі нельга кантактаваць, нельга піць разам гарбату, дзяліцца ежай. За кантакты каралі. Прасьцей за ўсё было прычапіцца да вопісу рэчаў. Да прыкладу, у цябе паламалася мыла, і гэта ўжо не адзін кавалак, а два. Пішы тлумачальную, чаму ў цябе мыла больш, чым дазволена. Палітычным было забаронена наведваць стадыён, царкву, а для некаторых гэта было вельмі важна. Нібыта зьнешне калёнія і прыгожая, адрамантаваная, але ўнутры гнілая забудова. Харчаваўся там дрэнна, жывот быў упалы, калі выйшаў з ПКТ — вглядааў як шкілет, важыў 60 кг, да пасадкі — 90. Праўда, выходзіў ужо з вагой у 74 кіляграмы», — узгадвае пра Шклоўскую калёнію Аляксей.
Расстаньне з дачкой на 6 гадоў, цяжкая хвароба маці
І ўсё ж самае цяжкае за кратамі было было яго — адарванасьць ад сям’і, маленькай дачкі, цяжкая хвароба маці.
Суд па справе Аляксея Санчука. Вясна 2021
«4 лістапада 2020 года мяне затрымалі, а 13 лістапада — Дзень народзінаў дачкі, ёй спаўнялася 8 гадоў. Цяпер ёй 13. Яна фактычна вырасла без мяне. Я, шчыра кажучы, сам яшчэ не разумею, як зь ёй знайсьці кантакт. Цяжкавата, яна падлетак, складаны ўзрост переходны. Спадзяюся, час вылечыць, мы знойдзем паразуменьне. І другое — калі я сядзеў, мая мама захварэла на рак. Я знаходзіўся ў ПКТ і аднаўляў ў памяці ўсё, што раней ведаў, чытаў пра рак. Так атрымалася, што раней я выпадкова чытаў спэцыялізаваную літаратуру пра анкалягічныя хваробы і гэта раптам спатрэбілася. Я яе падтрымліваў у лістах, як мог. Мы з мамай прайшлі гэты нялёгкі шлях. Яна перамагла рак грудзей. Для мяне гэтыя два моманты вельмі цяжкія былі: знаходзячыся ў стражайшай ізаляцыі, падтрымліваць маці, якая змагаецца з ракам, і што дачка расьце бяз бацькі. Усё астатняе — побытавыя праблемы, фізычныяі — можна перажыць. А вось душэўныя пакуты — гэта цяжка», — шчыра прызнаецца Аляксей.
Сям’і Санчукоў патрэбна падтрымка
Зараз былы палітвязень вызначаецца, чым будзе займацца і зарабляць за мяжой. Музыку кідаць не зьбіраецца.
«Было б няблага атрымаць прафэсійнае навучаньне, разьвівацца і далей. Ня проста барабаніць на маршах, а штосьці больш сур’ёзнае зрабіць для беларускай культуры», — марыць ён.
Сям’я Санчукоў апынулася ў чужой краіне без сродкаў існаваньня. Зьехалі з маленькімі заплечнікамі. Усё няпроста са здароўем у самога Аляксея, у ягонай жонкі Ганны дагэтуль панічныя атакі.
Дамагчы сям’і Санчукоў можна па спасылцы.