Яе жыцьцё стала адным з найбольш вядомых сьведчаньняў лёсу дзяцей ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Мая Кляшторная нарадзілася 31 траўня 1937 году. Калі ёй было чатыры месяцы, яе бацьку, беларускага паэта Тодара Кляшторнага, расстралялі ў ліку больш як ста прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Неўзабаве арыштавалі і маці, Яніну Германовіч, як «жонку здрадніка радзімы». Разам зь немаўлём яе адправілі ў Акмолінскі лягер жонак «здраднікаў радзімы» (АЛЖЫР).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расстраляныя літаратары. Тодар Кляшторны, які адкрыта напісаў: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ГПУ»Першыя пяць гадоў жыцьця Мая правяла разам з маці ў лягеры. Потым яшчэ шэсьць гадоў знаходзілася ў дзіцячым спэцпрыёмніку НКВД, а пасьля разам зь маці яшчэ сем гадоў была ў ссылцы ў Сыбіры. У Беларусь яна вярнулася толькі ў 18 гадоў.
Дзе магіла самога Тодара Кляшторнага, ягоная дачка так і не даведалася, але хутчэй за ўсё — у Курапатах.
Паводле адукацыі Мая Кляшторная была архітэктаркай. У канцы 1980-х яна стала адной з заснавальніц гісторыка-асьветніцкага таварыства «Мартыралёг Беларусі», якое займалася дасьледаваньнем і ўшанаваньнем памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
Пасьля адкрыцьця масавых пахаваньняў у Курапатах Мая Кляшторная стала адной з найбольш актыўных удзельніц стварэньня і захаваньня народнага мэмарыялу. Як архітэктарка і навуковая кіраўніца мэмарыялу, яна ўдзельнічала ў яго добраўпарадкаваньні, распрацоўцы канцэпцыі і ахоўных зонаў, дзесяцігодзьдзямі адстойвала Курапаты ад забудовы і іншых пагрозаў, удзельнічала ў грамадзкіх кампаніях у іх абарону.
«Я ніколі не хацела, каб мая праца была адзначаная нейкімі пасадамі, але ж буду працягваць тое, што й рабіла раней», — казала Мая Кляшторная ў інтэрвію Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У лягеры мы сьпявалі песьню пра Варашылава, а маці пісала яму ліст», — Мая Кляшторная пра справу з архіваў КДБУ інтэрвію Радыё Свабода Мая Кляшторная неаднаразова расказвала пра лягернае дзяцінства, ссылку і лёс сваёй сям’і. У 2017 годзе яна паведаміла, што атрымала доступ да архіўнай справы сваёй маці, аднак зьвярнула ўвагу, што з матэрыялаў зьнік адзін з важных дакумэнтаў.
Мая Кляшторная на працягу многіх гадоў выступала на вечарынах памяці, сустракалася зь маладымі людзьмі, распавядала пра лёсы ахвяраў Вялікага тэрору і нагадвала пра неабходнасьць захоўваць памяць пра злачынствы сталінізму. Яна была адной з найбольш вядомых у Беларусі захавальніц гэтай памяці.
Апошнія некалькі гадоў з прычыны хваробаў яна амаль не выходзіла з
кватэры, кантактавала толькі з роднымі.