Як паведаміла выданьне «Позірк» па выніках свайго экспрэс-аналізу апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамэта, пасьля 15 гадзін у Берасьці паветра прагрэлася да 35,6 градуса. Ранейшы экстрэмум быў зафіксаваны 1 жніўня 1936 года ў Васілевічах — 35,2 градуса. Канчатковыя паказьнікі стануць вядомыя пасьля 22 гадзін.
За 47 гадзін Белгідрамэт выпусьціў тры «чырвоныя» штармавыя папярэджаньні аб сьпякоце.
30 ліпеня а 14:00 сыноптыкі папярэдзілі аб павышэньні 1 жніўня да 35-37 градусаў тэмпэратуры ў многіх раёнах Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцяў і да 30-34 градусаў — на астатняй тэрыторыі (у Менску — да 30-32).
31 ліпеня а 09:24 апублікавалі папярэджаньне аб 35-градуснай сьпякоце з 13 да 19 гадзін «па паўднёвым захадзе рэспублікі».
1 жніўня а 13:02 Белгідрамэт распаўсюдзіў папярэджаньне, што 2 жніўня ў многіх раёнах Гомельскай вобласьці тэмпэратура паднімецца да 35-37 градусаў, агулам па паўднёвым усходзе — да 30-34.
Мяркуючы па сьвежым трохдзённым прагнозе сыноптыкаў, сьпякота трохі аслабне на суткі (3 жніўня — да 30-33 градусаў на поўдні і паўднёвым усходзе), а затым зноў узмоцніцца (4 жніўня — да 32-37 па поўдні). Пры гэтым у ноч на 4 жніўня на поўначы тэмпэратура можа апусьціцца да 8 градусаў.
Абсалютны тэмпэратурны рэкорд быў зафіксаваны сёлета 29 чэрвеня ў Пінску — 40,4 градуса.
Апроч таго, Белгідрамэт папярэдзіў пра іншыя небясьпечныя мэтэазьявы: 1 жніўня навальніцы, якія назіраюцца на паўночным захадзе, распаўсюдзяцца на большую частку тэрыторыі краіны. Пры навальніцах месцамі моцныя залевы, град і шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі 15-20 м/с, у асобных раёнах да 24 м/с. Уначы і раніцай 2 жніўня на большай частцы тэрыторыі чакаюцца навальніцы, пры навальніцах месцамі моцныя залевы, шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі 15-20 м/с.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
+40,4°! У Беларусі — новы тэмпэратурны рэкорд за ўвесь час мэтэаназіраньняўШто папярэднічала і чаму гэта важна
Праз сьпёку ў траўні і чэрвені ў Заходняй Эўропе засуха ахапіла велізарныя тэрыторыі, што зрабіла іх асабліва ўразьлівымі да лясных пажараў.
Дасьледнікі адзначаюць, што сёлетняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.
Асноўныя прычыны гэтага, паводле навукоўцаў: глябальнае пацяпленьне праз спальваньне выкапнёвага паліва; перасушаныя глебы, якія ўзмацняюць награваньне паветра; зьмены ў атмасфэрнай цыркуляцыі, якія «завешваюць» гарачае паветра над Эўропай; памяншэньне воблачнасьці і ахаладжальнага эфэкту аэразоляў.
Паводле Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, сярэдняя тэмпэратура ў Эўропе падымаецца ўдвая хутчэй за сярэдні паказьнік у сьвеце, што робіць працяглыя пэрыяды сьпёкі ўсё больш імавернымі.
Небясьпека цяпер ідзе ня толькі ад максымальных тэмпэратураў, але і ад высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузкі мэдычных установаў і транспарту.
Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.