Лінкі ўнівэрсальнага доступу

+40,4°! У Беларусі — новы тэмпэратурны рэкорд за ўвесь час мэтэаназіраньняў

абноўлена
Сьпёка ў Менску. Архіўнае фота
Сьпёка ў Менску. Архіўнае фота

Больш за 40 градусаў у Беларусі не было прынамсі апошнія 145 гадоў.

Новы тэмпэратурны рэкорд за ўвесь 145-гадовы пэрыяд інструмэнтальных мэтэаназіраньняў зафіксавалі ў Беларусі 29 чэрвеня, паведамілі БелТА ў Белгідрамэтэацэнтры.

Паміж 14:00 і 14:20 ў Пінску паветра прагрэлася да 40,4 градуса.

Папярэдні гістарычны экстрэмум быў зарэгістраваны 8 жніўня 2010 году ў Гомлі 38,9°.

Рэкорд чэрвеня — 37,6 градуса ў Берасьці — пратрымаўся адзін дзень.

У Пінску лякальны гістарычны тэмпэратурны максымум пратрымаўся 120 гадоў (36,3 градуса 5 жніўня 1905 года).

На аўторак і сераду сыноптыкі яшчэ абяцаюць да +37° па поўдні краіны і да +34° на бальшыні тэрыторыі, але з чацьвярга ўжо пачне сьвяжэць.

Сьпёка ў краінах Эўропы, у тым ліку Беларусі

Дасьледчыкі адзначаюць, што цяперашняя сьпёка — адна з самых моцных і абшырных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.

Асноўныя прычыны, на якія паказвае навука: глябальнае пацяпленьне праз спальваньне выкапнёвага паліва; перасушаныя глебы, якія ўзмацняюць награваньне паветра; зьмены ў атмасфэрнай цыркуляцыі, якія «завешваюць» гарачае паветра над Эўропай; памяншэньне воблачнасьці і ахаладжальнага эфэкту аэразоляў.

Паводле кліматычных мадэляў, Эўропа награваецца прыкладна ўдвая хутчэй за сярэдні тэмп у сьвеце.

Небясьпека цяпер ня толькі ў максымальных тэмпэратурах, але і ў высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузцы мэдыцыны і транспарту.

Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG