Адразу некалькі францускіх выданьняў паведамілі аб сьмерці 54-гадовага грамадзяніна Беларусі, які працаваў у літоўскай кампаніі кіроўцам грузавога аўтамабіля.
Як паведаміла выданьне actu.fr, беларускага кіроўцу знайшлі прыблізна а 15:00 24 чэрвеня ў кабіне грузавіка, прыпаркаванага на вуліцы недалёка ад цэнтру гораду Бур-Аржэнталю (дэпартамэнт Люара на ўсходзе Францыі).
Ратаўнікі спрабавалі яго рэанімаваць, але неўзабаве канстатавалі сьмерць. Абставіны сьмерці расьсьледуюць.
Паводле выданьня routiers.com, беларус працаваў у літоўскай транспартнай кампаніі. Ён даставіў груз у кампанію, што спэцыялізуецца на распрацоўцы абсталяваньня для сьвідравін, і вярнуўся ў кабіну грузавіка.
Трывогу паднялі прадстаўнікі літоўскай кампаніі, бо праз чатыры гадзіны не атрымалі ад кіроўцы ніякай весткі, і папрасілі францускае прадпрыемства знайсьці яго. Калі тыя падышлі да грузавіка і пастукалі, ім не адказалі. На месца выклікалі ратавальную службу.
Што папярэднічала
Эўропа, у тым ліку часткова і Беларусь, сутыкнуліся з анамальнай сьпёкай: тэмпэратура ў шэрагу краін пабіла гістарычныя рэкорды. Пад ударам аказаліся Нямеччына, Францыя, Італія, Польшча, Бальканы, Вялікая Брытанія, дзе выдаюць папярэджаньні пра небясьпечныя ўмовы і перагрузку інфраструктуры.
У Беларусі таксама фіксуюць высокія тэмпэратуры, хоць і менш экстрэмальныя, чым у Заходняй Эўропе, але ў цэлым краіна знаходзіцца ў кліматычнай хвалі, якая ахапіла кантынэнт. Пік сьпёкі ў Беларусі прагназуюць на 28–30 чэрвеня. У заходніх і паўднёвых раёнах тэмпэратура можа дасягаць +35...+38°C — гэта анамальна высока для канца чэрвеня. Абвешчаны максымальны — чырвоны — узровень небясьпекі.
Дасьледнікі адзначаюць, што цяперашняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.
Экспэрты падкрэсьліваюць: небясьпека цяпер ня толькі ў максымальных тэмпэратурах, але і ў высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузцы мэдыцыны і транспарту. Нават адносна «неэкстрэмальныя» +30...+35°C у новых умовах могуць быць небясьпечнымі для здароўя.
Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.
Форум