«Пачуў акцэнт — пачаў абражаць і ўдарыў». Беларуска расказала падрабязнасьці нападу ў цэнтры Варшавы

Беларуска Марына Нікандрына і мужчына, які абразіў і ўдарыў яе ў цэнтры Варшавы

У цэнтры Варшавы незнаёмы мужчына абразіў і ўдарыў беларуску Марыну Нікандрыну. Паводле жанчыны, агрэсію выклікаў ейны акцэнт. Як расказала Свабодзе жанчына, паліцыя перадала матэрыялы справы ў пракуратуру, але нападніка пакуль не знайшлі.

Інцыдэнт адбыўся 30 траўня. На ходніку каля станцыі мэтро Rondo ONZ мужчына, які ішоў побач з Марынай, па-польску груба загадаў ёй саступіць дарогу і назваў «каровай».

Марына Нікандрына расказала Свабодзе, што яна юрыстка паводле адукацыі. У Беларусі працавала па спэцыяльнасьці каля 20 гадоў. Пасьля падзеяў 2020 году жанчына выехала з краіны праз пагрозу палітычнага перасьледу. Цяпер яна жыве ў Польшчы, кіруе праваабарончай арганізацыяй «Дыхай вольна», якая дапамагае беларусам, а таксама валодае кавярняй у Варшаве.

Спачатку Марына не зразумела, што незнаёмец зьвяртаецца менавіта да яе.

— Я адышла і сказала па-польску: «Прабачце, тут, відаць, мала месца, каб прайсьці». Ён мяне адпіхнуў і пачаў лаяцца, крычаць, каб я «валіла ва Ўкраіну», — расказала Марына Нікандрына Свабодзе.

Пачуўшы яе акцэнт, мужчына працягнуў абразы. Марына патлумачыла, што яна беларуска. Пасьля гэтага, паводле яе словаў, ён пачаў крычаць, каб яна «валіла ў Беларусь», называў яе «расейскай падсьцілкай» і ўжываў нецэнзурную лексыку.

«Ён кінуўся на мяне і ўдарыў»

Жанчына расказала Свабодзе, што патэлефанавала ў паліцыю і паведаміла, што незнаёмы мужчына яе абражае і штурхае. Калі яна зразумела, што ён зьбіраецца сысьці, то дастала тэлефон і пачала яго здымаць.

— Я разумела, што ён проста сыдзе і потым паліцыі будзе складана яго знайсьці. Таму пачала запісваць. У выніку ён кінуўся на мяне і ўдарыў, — кажа беларуска.

На відэа, якое Марына перадала паліцыі, відаць твар мужчыны і чуваць частку абразаў. Запіс абрываецца ў момант нападу.

Пасьля ўдару Марына паспрабавала пайсьці за нападнікам і папрасіла мінакоў дапамагчы затрымаць яго да прыезду паліцыі.

— Я казала, што выклікала паліцыю, што ня ведаю гэтага чалавека і што ён на мяне напаў. Але ніхто не дапамог яго затрымаць. Мужчына пасьпеў уцячы.

Паліцыянты, паводле Марыны, прыехалі досыць хутка. Яна падала заяву, перадала відэазапіс і здымкі, на якіх добра відаць твар нападніка.

«Некаторыя паліцыянты прасілі прабачэньня»

31 ліпеня Марыне патэлефанавалі з паліцыі і паведамілі пра стан справы.

Паводле атрыманай ёю інфармацыі, яшчэ 6 ліпеня матэрыялы перадалі ў пракуратуру. Цяпер паліцыя чакае рашэньня пракурора аб тым, ці будзе распачатая крымінальная справа. Пры гэтым нападніка пакуль не знайшлі.

Стаўленьне паліцыянтаў падчас падачы заявы Марына назвала добразычлівым.

— Некаторым зь іх было сапраўды няёмка слухаць, што ён гаварыў. Яны нават прасілі прабачэньня. Калі мне падрабязна пераклалі ўсе яго словы, аказалася, што гэта былі вельмі цяжкія абразы — амаль суцэльная лаянка.

Як паведамілі Свабодзе ў акруговай пракуратуры Варшавы, матэрыялы справы, якая тычыцца магчымага злачынства на глебе нацыянальнай нянавісьці, былі перададзеныя ў раённую пракуратуру Варшава-Жалібож, якая займаецца такімі вытворчасьцямі. У пракуратуры пацьвердзілі са спасылкай на інфармацыю паліцыі, што падазраваны пакуль не ўстаноўлены.

«Правапарушэньні трэба фіксаваць»

Марына Нікандрына тлумачыць, што вырашыла не ігнараваць абразы і зьвярнуцца ў паліцыю, бо як юрыстка перакананая: падобныя выпадкі трэба фіксаваць.

— Калі цябе прыніжаюць і абражаюць, нельга проста праходзіць міма. Ты знаходзісься ў чужой краіне, але не парушаеш законаў, працуеш, плаціш падаткі, карэктна ставісься да людзей. Чаму праз твой акцэнт з табой могуць так абыходзіцца?

Беларуска кажа, што ў Польшчы сутыкаецца з варожасьцю праз сваё паходжаньне і акцэнт не ўпершыню. Паводле яе, некаторыя наведнікі кавярні могуць пачуць акцэнт і адразу разьвярнуцца. Іншыя пытаюцца, адкуль яна.

— Адзін мужчына спытаў, адкуль я. Я сказала, што я беларуска. А ён адказаў: «Не, ты ўкраінка, проста баісься прызнацца, што вы бандэраўцы, таму называеш сябе беларускай». Я патлумачыла, што мне няма сэнсу хаваць сваё паходжаньне: я сапраўды беларуска.

Падобныя выказваньні, паводле Марыны, яна чуе і ў грамадзкім транспарце.

— У мэтро таксама могуць спытаць, што ты тут робіш. І ўжо звыклая фраза — «валі ва Ўкраіну». Потым тлумачыш, што ты зь Беларусі. Хтосьці пачынае ставіцца больш добразычліва, а хтосьці працягвае абражаць.

Разам з тым Марына прыгадвае, што пасьля яе прыезду ў Польшчу ў 2020 годзе мясцовыя жыхары ёй шмат дапамагалі. Аднак цяпер, паводле беларускі, з праявамі ксэнафобіі яна сутыкаецца рэгулярна.

— Часта кажуць, што ксэнафобія існуе толькі ў інтэрнэце. Але я амаль штомесяц сутыкаюся зь ёю ў рэальным жыцьці.

«Пачынаю думаць, што трэба шукаць больш бясьпечнае месца»

Пасьля падобных здарэньняў, кажа Марына, у яе ўзьнікаюць думкі зьехаць з Польшчы.

— Мне падабаецца гэтая краіна, падабаецца ўзровень жыцьця. Я добра размаўляю па-польску і хачу больш інтэгравацца ў грамадзтва, бо культура і мова нам блізкія. Але калі пастаянна сутыкаесься з агрэсіяй, пачынаеш думаць, што трэба шукаць больш бясьпечнае месца. Ідзеш па вуліцы і баісься гаварыць па-расейску, бо ня ведаеш, ці не нападзе на цябе нехта толькі праз мову.

Марына пакінула Беларусь у 2020 годзе. Яна ўдзельнічала ў дваровых ініцыятывах, дапамагала арганізоўваць маршы, была ў штабе Віктара Бабарыкі і прымала званкі на гарачай лініі ініцыятывы «Сумленныя людзі».

— У Беларусі я вяла вельмі актыўную дзейнасьць. Давялося зьехаць, бо за мной ужо хадзілі па пятах, — расказала яна.

Спачатку Марына прыехала ў Польшчу, пазьней жыла і працавала ў Літве, а потым вярнулася ў Польшчу, дзе вучылася яе дачка.

— Я працую, плачу падаткі, імкнуся дапамагаць людзям і больш інтэгравацца ў грамадзтва. Таму не разумею: калі мы не парушаем законаў, чаму да нас ставяцца з такой нянавісьцю?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Варшаве арыштавалі падазраванага ў нападзе на Аляксандру Герасіменю

Кантэкст: у Польшчы расьце колькасьць нападаў на ўкраінцаў

У апошнія месяцы ў Польшчы шырока абмяркоўваюць выпадкі варожасьці і гвалту ў дачыненьні да ўкраінцаў. Паводле зьвестак Галоўнай камэндатуры паліцыі, атрыманых выданьнем Rzeczpospolita, за першае паўгодзьдзе 2026 году паступіла 180 паведамленьняў аб магчымых злачынствах на глебе нянавісьці супраць грамадзян Украіны. Гэта больш як на 30% перавышае паказьнік за аналягічны пэрыяд 2025 году. Паліцыя падкрэсьлівае, што гаворка ідзе пра пададзеныя заявы, а не пра ўжо пацьверджаныя злачынствы.

Сярод найбольш рэзанансных здарэньняў — зьбіцьцё ўкраінца і ягонай дзяўчыны ва Ўроцлаве. У Познані зьбілі 60-гадовага паляка, які заступіўся за ўкраінскага хлопчыка. У Бельску-Бялай мужчына абражаў дзьвюх украінскіх дзяўчынак празь іхную нацыянальнасьць. У Легніцы жанчыне выставілі абвінавачаньне пасьля нападу на дзьвюх 13-гадовых украінак.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск асудзіў ксэнафобскія напады. Ён заявіў, што людзі, якія чыняць такі гвалт, дзейнічаюць супраць інтарэсаў Польшчы і на карысьць Расеі, а таксама польскага і ўкраінскага нацыяналізму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Польшчы пазбавіў прэзыдэнта Ўкраіны ордэну. Трое высокіх украінскіх чыноўнікаў на знак пратэсту адмовіліся ад сваіх узнагарод