Пракуратура варшаўскага раёну Ахота распачала справу супраць Марціна Н., якога падазраюць у зьдзяйсьненні трох хуліганскіх злачынстваў у пэрыяд з 10 да 11 ліпеня 2026 году на аўтавакзале Warszawa Zachodnia.
Ён нападаў на розных людзей, у тым ліку на былую віцэ-чэмпіёнку Алімпійскіх гульняў у плаваньні беларуску Аляксандру Герасіменю.
У паведамленьні пракуратуры гаворыцца, што арыштаваны прызнаў віну і ў сваіх тлумачэньнях заявіў, што пацярпелыя «былі ягонымі сябрамі, якім ён пазычыў грошы, а цяпер яны яго не пазнаюць», піша Белсат.
«Сабраныя доказы ўказваюць, што шкода беларускай віцэ-чэмпіёнцы Алімпійскіх гульняў у плаваньні не была нанесеная падазраваным праз нацыянальную прыналежнасьць пацярпелай. На цяперашнім этапе разбору высьвятляецца, ці былі іншыя пацярпелыя, а таксама ці ёсьць патрэба правесьці аднаразовае судова-псыхіятрычнае абсьледаваньне падазраванага», — паведамляе пракуратура.
Марцін Н. арыштаваны тэрмінам на тры месяцы, яму пагражае пакараньне паводле артыкулаў 57 і 217 Крымінальнага кодэксу Польшчы, якія прадугледжваюць пазбаўленьне волі тэрмінам да трох гадоў.
Аляксандра Герасіменя раней зьвярнулася ў паліцыю. 10 ліпеня, калі яна ўвайшла ў будынак вакзалу, мужчына, які разьняволена ішоў насустрач, ударыў яе. Яна адчувала звон у вушах і кружэньне галавы.
Хто такая Аляксандра Герасіменя?
Аляксандра Герасіменя — адна з найлепшых плыўчых незалежнай Беларусі. Яна была чэмпіёнкай сьвету і Эўропы, а таксама срэбнай (двойчы) і бронзавай мэдалісткай Алімпійскіх гульняў у Лёндане і Рыю-дзі-Жанэйру.
За вялікія заслугі журналісты называлі Герасіменю «Залатой рыбкай». Яна мела вялікую папулярнасьць і рэклямныя кантракты, у тым ліку зь дзяржаўнымі кампаніямі. Усё зьмянілася праз палітычныя погляды плыўчыхі. Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, якая суправаджалася фальсыфікацыямі і гвалтам, Аляксандра падпісала ліст спартоўцаў за свабодныя выбары, была адной з стваральніц Фонду спартовай салідарнасьці дзеля дапамогі спартоўцам, што за сваю пазыцыю пацярпелі ад рэпрэсіяў у Беларусі.
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці (БФСС) прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Фонд настойваў на байкоце спартыўных спаборніцтваў у Беларусі, міжнародныя фэдэрацыі скасавалі некаторыя спаборніцтвы. БФСС таксама заклікаў не дапускаць беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду й на іншыя спаборніцтвы.
Праз пагрозы і небясьпеку арышту з палітычных матываў Герасіменя мусіла пакінуць радзіму і цяпер некалькі гадоў жыве ў Польшчы. Рэжым Лукашэнкі завочна пачаў супраць яе крымінальную справу і асудзіў на 12 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і буйнымі штрафамі. Арыштавалі і ўласнасьць Герасімені — 48 тысяч даляраў на рахунках, аўтамабіль, кватэру, мабільныя тэлефоны, лядоўню, іншую маёмасьць.