Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійская мэдалістка Герасіменя расказала пра напад на яе ў Варшаве

Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

Аляксандра Герасіменя расказала Свабодзе пра абставіны здарэньня ў Варшаве. Раней стала вядома, што на знакамітую спартоўку, якая пасьля вымушанай эміграцыі жыве ў Польшчы, напаў незнаёмец.

Аляксандра Герасіменя вырашыла не пакідаць атаку на сябе без наступстваў і зьвярнулася ў паліцыю. Пра абставіны здарэньня яна расказала, што гэта адбылося ў пятніцу, 10 ліпеня, калі яна ехала ў сваіх справах на вакзал. Герасіменя ўвайшла ў будынак вакзалу, а насустрач разьняволена ішоў мужчына, які быў «высокім, хударлявым».

«І пасля, калі мы ўжо параўналіся зь ім, я адчула рэзкі ўдар у галаву. У першую хвіліну проста не зразумела, што здарылася, бо я ніяк не чакала таго — у цэнтры Варшавы раніцай, калі столькі людзей, пад камэрамі. Я проста стаяла і ня ведала, што рабіць. Павярнулася, паглядзела, ён стаяў і ўжо здаля пазіраў на мяне».

Далей, успамінае былая спартоўка, яна крыху пасядзела ў машыне, каб супакоіцца, ачомацца і зразумець, што адбываецца. Адчувала звон у вушах і кружэньне галавы.

«Пасьля я скончыла свае справы і зразумела, што так ня можна ўсё пакінуць, трэба ехаць у паліцыю. Па-першае, я зьвярнулася да мэдыкаў, можа каб яны мне далі даведку аб тым, што мяне пабілі, што ў мяне ёсьць траўмы. Але яны сказалі, што могуць мяне прыняць туды, але такой даведкі даць ня могуць. Мяне чакалі дзеці, таму трэба было вярнуцца дадому. Я зьвярнулася ў паліцыю і дала паказаньні аб тым, што мяне пабілі».

Герасіменя адзначыла, што вельмі спадзяецца на тое, што хулігана знойдуць. Бо іначай пацярпець могуць іншыя людзі, на якіх ён таксама можа зьнянацку напасьці.

У паліцыі з Аляксандрай была ейная сяброўка журналістка Натальля Радзіна. Яна адзначае, што была зьдзіўленая словам супрацоўніцы варшаўскай паліцыі.

«Яна сказала, што наўрад ці гэты чалавек будзе знойдзены, бо яшчэ невядома, ці будзе відэазапіс, ці ёсьць там камэры. Гэта вельмі дзіўна, бо камэры на вакзале павінны быць».

Радзіна дадала, што нават калі напад на Герасіменю трапіў на камэру відэаназіраньня, у паліцыі ня ведаюць, якая там атрымаецца карцінка, ці можна гэтага чалавека будзе пазнаць і ўвогуле, ці ёсьць ён у паліцэйскай картатэцы.

«Таксама сказалі, што ў выпадку, калі яго знойдуць, ён ня будзе асуджаны, бо гэта паводле польскага заканадаўства дробнае хуліганства, бо пасьля нападу няма цяжкіх траўмаў.

Верым, што ў гэтай справы будзе розгалас, а мы бачым, што цяпер пра гэта пішуць і беларускія, і польскія мэдыя, і што гэты розгалас прывядзе да затрыманьня злачынцы».

Цяпер Аляксандра пачуваецца нармальна. Беларускі дапушчаюць, што гэта мог быць палітычны матываваны напад, альбо напад на нацыянальнай глебе.

«Мы бачым таксама рост ксэнафобскіх настрояў у польскім грамадзтве, а таксама гэта можа быць хуліганства з боку неадэкватнага чалавека. Але трэба расьсьледаваць гэтую справу, бо Аляксандра мае палітычны прытулак у Польшчы. Гэта вядомы ў Беларусі чалавек, асуджаны за ўдзел у пратэстах у 2020-м годзе да 12 гадоў пазбаўленьня волі», — дадала Радзіна.

Хто такая Аляксандра Герасіменя?

Аляксандра Герасіменя — адна з найлепшых беларускіх плыўчых незалежнага пэрыяду. Яна была чэмпіёнкай сьвету і Эўропы, а таксама срэбнай (двойчы) і бронзавай мэдалісткай Алімпійскіх гульняў у Лёндане і Рыю-дэ-Жанэйру.

За вялікія заслугі журналісты пачалі называць Герасіменю «Залатой рыбкай». Яна мела вялікую папулярнасьць і рэклямныя кантракты, у тым ліку зь дзяржаўнымі кампаніямі. Усё зьмянілася праз палітычныя погляды плыўчыхі. Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, якая суправаджалася фальсыфікацыямі і гвалтам, Аляксандра падпісала ліст спартоўцаў за свабодныя выбары, была адной з стваральніц Фонду спартовай салідарнасьці дзеля дапамогі спартоўцам, што за сваю пазыцыю пацярпелі ад рэпрэсіяў у Беларусі.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Фонд настойваў на байкоце спартыўных спаборніцтваў у Беларусі, міжнародныя фэдэрацыі скасавалі некаторыя спаборніцтвы. БФСС таксама заклікаў не дапускаць беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду й на іншыя спаборніцтвы.

Праз пагрозы і небясьпеку арышту з палітычных матываў, Герасіменя вымушана пакінула радзіму і цяпер некалькі гадоў жыве ў Польшчы. Рэжым Лукашэнкі завочна пачаў супраць яе крымінальную справу і асудзіў на 12 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і буйнымі штрафамі. Арыштавалі і ўласнасьць Герасімені — 48 тысяч даляраў на рахунках, аўтамабіль, кватэру, мабільныя тэлефоны, лядоўню, іншую маёмасьць.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG