11 лютага на аўкцыёне прадалі арыштаваную чатырохпакаёвую кватэру ў Менску, у якой раней была прапісаная спартсмэнка Аляксандра Герасіменя. Інфармацыя аб гэтым разьмешчана на сайце «БелЮрЗабеспячэньне».
Пачатковая цана на аўкцыёне складала 376,8 тысячы рублёў. Да таргоў былі дапушчаны 15 удзельнікаў. Таргі працягнуліся да 2 ночы. У выніку нерухомасьць прадалі за 661285 рублёў.
У гэтай кватэры ў Менску раней была зарэгістраваная спартоўка Аляксандра Герасіменя.
Аўкцыён, які праходзіў 19 жніўня 2025, не адбыўся, бо не знайшлося ахвочых набыць гэтую нерухомасьць.
Паводле спартоўкі, кватэра належала ня ёй, а ейнаму сваяку, але была арыштаваная разам зь іншай маёмасьцю яшчэ ў 2022 годзе, калі Герасіменю завочна асудзілі. Тады спартоўцаў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі на 12 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і буйнымі штрафамі. Была арыштаваная ўласнасьць Герасімені — 48 тысяч даляраў на рахунках, аўтамабіль, кватэра, мабільныя тэлефоны, халадзільнік і іншая маёмасьць.
З восені 2020 года Аляксандра Герасіменя знаходзіцца за мяжой.
Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2020 года, якая суправаджалася фальсыфікацыямі і гвалтам, Аляксандра падпісала ліст спартоўцаў за свабодныя выбары, была адным са стваральнікаў Фонду спартовай салідарнасьці дзеля дапамогі спартоўцам, што падвергніся за сваю пазыцыю рэпрэсіям у Беларусі.
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваньнем. Фонд настойваў на байкоце спартыўных спаборніцтваў у Беларусі, некаторыя спаборніцтвы былі адменены міжнароднымі фэдэрацыямі. Ён таксама заклікаў не дапускаць беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду і іншыя спаборніцтвы.