Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы пазбавіў прэзыдэнта Ўкраіны ордэну. Трое высокіх украінскіх чыноўнікаў на знак пратэсту адмовіліся ад сваіх узнагарод

Караль Наўроцкі (на заднім пляне) і Ўладзімір Зяленскі
Караль Наўроцкі (на заднім пляне) і Ўладзімір Зяленскі

Абвастрэньне паміж Варшавай і Кіевам выкліканае рашэньнем украінскага боку ўшанаваць герояў змаганьня за незалежнасьць Украіны.

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі 19 чэрвеня пазбавіў прэзыдэнта Ўкраіны ордэна Белага Арла. Гэта адбылося пасьля ўказу Ўладзіміра Зяленскага аб прысваеньні падразьдзелу Ўзброеных сіл гонару імені «герояў УПА». Наўроцкі заявіў, што для большасьці ў польскім грамадзтве Ўкраінская паўстанцкая армія застаецца «фармаваньнем, адказным за жорсткія злачынствы, учыненыя супраць грамадзян Рэспублікі Польшча ў час Другой усясьветнай вайны».

Наўроцкі падкрэсьліў, што ягонае рашэньне не азначае зьмены замежнай палітыкі і спыненьня польскай дапамогі Ўкраіне, пішуць поль скія інфармацыйныя агенцтвы.

Рашэньне варшаўскага калегі Зяленскі пакуль не пракамэнтаваў, затое неадкладная рэакцыя пачулася з іншых высокіх кабінэтаў у Кіеве. Міністар замежных спраў Андрэй Сыбіга назваў гэта «стратэгічнай памылкай, ад якой здабудзе толькі Масква».

«Мы шкадуем, што эмоцыі ўзялі верх у Варшаве і прымусілі польскіх палітыкаў рабіць неабгрунтаваныя, імпульсіўныя і пагардлівыя крокі нават не ў дачыненьні прэзыдэнта Зяленскага, а ў першую чаргу ў дачыненьні ўкраінскай дзяржавы», — сказаў ён.

Сыбіга дадаў, што ў гэтай сытуацыі ня бачыць магчымасьці захаваць узнагароду, атрыманую ад Польшчы ў кастрычніку 2022 году — Камандорскі крыж з зоркай ордэну «За заслугі перад Польшчай», і заявіў пра намер вярнуць яго, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.

Сыбіга не застаўся сам. Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў аб адмове ад атрыманьня Залатога афіцэрскага крыжа Ордэну «За заслугі перад Польшчай», якім яго ўганаравалі летась. У паведамленьні на сваім тэлеграм-канале Буданаў назваў рашэньне Наўроцкага «несяброўскім актам» у адносінах да ўкраінскага народу.

Пра намер вярнуць Польшчы Кавалерскі крыж Ордэну «За заслугі» таксама заявіў пасол Украіны ў Польшчы Васіль Боднар. Ён назваў рашэньне прэзыдэнта Польшчы «гістарычна несправядлівым».

Што адбылося і чаму гэта важна?

26 траўня прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прысваеньні Асобнаму цэнтру спэцыяльных апэрацый «Поўнач» Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны ганаровага званьня «імя Герояў УПА». Гэта выклікала крытыку з боку Варшавы. Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі абвясьціў, што будзе разглядаць пазбаўленьне Зяленскага ордэну Белага Арла.

У той жа час прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, камэнтуючы спрэчку, не ўхваліў рашэньня Кіева, але напісаў у сацыяльнай сетцы X: «Калі мы будзем сварыцца празь мінулае, будучыню здабудзе хтосьці іншы».

Падобным чынам выказаўся 20 чэрвеня й міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі:

«Толькі Масква можа стаць пераможцам вайны гісторыі і ордэнаў», — напісаў ён у X.

Крок Украіны скрытыкавалі прадстаўнікі ультраправых польскіх сілаў, у прыватнасьці партыя «Канфэдэрацыя», якая выступае супраць шырокай дапамогі Ўкраіне і выказвае эўраскептыцызм.

УПА — Украінская паўстанцкая армія, утвораная ў 1942 годзе ў мэтах здабыцьця Ўкраінай дзяржаўнай незалежнасьці. УПА змагалася на некалькі фронтаў — супраць нацысцкай Нямеччыны, бальшавіцкай Расеі і польскіх нацыяналістаў, іншымі словамі, супраць любой акупацыі ўкраінскіх земляў і за іх аб’яднаньне. На рахунку УПА ёсьць злачынствы супраць мірнага польскага насельніцтва. У Польшчы часта гавораць пра «Валынскую разаніну», расказваючы пра забойствы мірных палякаў у час ІІ усясьветнай вайны.

Пры гэтым толькі рэдкія польскія палітыкі прыгадваюць тое, што на Валыні крывавыя рэйды, ужо ва ўкраінскія сёлы, рабіла польская Армія Краёва і іншыя фармацыі, што змагаліся за Польшчу. Пра шматлікія ахвяры мірных украінцаў у той самы пэрыяд у польскай палітыцы не прыгадваюць, ня робіць гэтага і Наўроцкі.

Падобныя крокі з пазбаўленьнем дзяржаўных узнагародаў могуць пацягнуць за сабою пагаршэньне ўкраінска-польскай супрацы, што можа мець кепскія наступствы для вайны супраць Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG