Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва Dunyo, грамадзянін Узбэкістану прыбыў у Беларусь у ліпені, але чалавек, які прапанаваў яму працу, перастаў выходзіць на сувязь. Пасьля марных спробаў зьвязацца з патэнцыйным працадаўцам мужчына «застаўся бяз сродкаў на існаваньне і апынуўся ў цяжкай фінансавай сытуацыі».
Супрацоўнікі дыпляматычнага прадстаўніцтва «ў апэратыўным парадку прынялі ад грамадзяніна неабходныя заявы і дакумэнты». Разам з Агенцтвам міграцыі Ўзбэкістану за рахунак Міграцыйнага фонду яму купілі авіябілет, і 24 ліпеня грамадзянін вылецеў зь Менску ў Ташкент.
На афіцыйным сайце амбасады Ўзбэкістану ў Беларусі гэтай інфармацыі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як скандал з узбэкамі прывёў да новых пагроз ад улады карыстальнікам сацсетак. Тлумачыць КарбалевічШто папярэднічала
Выданьне «Позірк» нагадала, што 22 ліпеня амбасадара Ўзбэкістану ў Менску Рахматулу Назарава вызвалілі ад пасады «праз абыякавасьць да пытаньняў інвэстыцыяў і замежнага гандлю». Прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў звольніў дыплямата неўзабаве пасьля свайго візыту ў Беларусь 8–9 ліпеня.
Аляксандар Лукашэнка тады «назваў радасным» тое, што за пэрыяд пасьля яго візыту ва Ўзбэкістан у лютым 2024 году бакі «прыкметна рушылі наперад» — летась Менск і Ташкент выйшлі на максымальны ў гісторыі двухбаковых стасункаў паказьнік аб’ёму ўзаемнага гандлю і «шчыльна наблізіліся да аднаго мільярда даляраў».
Мірзіёеў тады ж заявіў, што за пяць гадоў узаемны тавараабарот павялічыўся амаль утрая, а з пачатку 2026 году вырас яшчэ на 30%.
На сустрэчы зь Мірзіёевым 9 ліпеня Лукашэнка прапанаваў узбэцкім працоўным мігрантам прыяжджаць у Беларусь зь сем’ямі. У той жа дзень бакі заключылі міжурадавае пагадненьне пра «арганізаваны набор і працаўладкаваньне» грамадзян Узбэкістану для «ажыцьцяўленьня часовай працоўнай дзейнасьці ў Беларусі».
Узбэцкія працоўныя мігранты пачалі прыбываць у Беларусь з 13 ліпеня, а ўжо 15 ліпеня ў сацыяльных сетках зьявіўся іх відэазварот з крытыкай умоваў у Беларусі. У прыватнасьці, паведамлялася, што ім прапануюць плаціць толькі па 500 даляраў на месяц, пры гэтым яны мусяць самастойна аплачваць сваё харчаваньне і пражываньне.
Пасьля гэтай скаргі дзяржаўная прапаганда паказала сюжэты, у якіх узбэцкія мігранты хваляць умовы, якія нібыта палепшыліся. Прычым заробкі, якія агучвалі, былі вышэйшыя, чым у беларускіх вяскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Рабочаму з Узбэкістану $700, інжынэру зь Беларусі $518. Колькі зарабляюць у рэгіёнах, куды запрасілі працаваць іншаземцаўЧаму гэта важна
Беларусь сутыкаецца з вострым дэфіцытам кадраў. Банк вакансіяў налічвае дзясяткі тысяч прапановаў, асабліва ў прамысловасьці, будаўніцтве і мэдыцыне.
Гэта выклікана дэмаграфічнай сытуацыяй і міграцыяй беларусаў за межы краіны — як працоўнай, гэтак і палітычнай. Сотні тысяч беларусаў мусілі ўцячы ад перасьледу з палітычных прычын.
У выніку Лукашэнка прапаноўвае займаць працоўныя месцы мігрантам з азіяцкіх краін.