І чаму падчас свайго публічнага візыту ў Менск першая ракетка сьвету Арына Сабаленка так і не сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам? У «ПіКу Свабоды» падсумоўваем галоўныя падзеі тыдня разам з палітычным аглядальнікам агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім і палітычным аглядальнікам Віталём Цыганковым.
Глядзець усё відэа цалкам
00:00 Зачыстка беларускага: чаму ў Беларусі зьнікаюць нацыянальныя брэнды
10:26 Ці магчымы дыялёг паміж рознымі часткамі беларускага грамадзтва, пра які загаварыла нобэлеўская ляўрэатка Алексіевіч?
22:01 Ці праваліцца ініцыятыва Лукашэнка замяніць на ўзбэцкіх мігрантаў беларускіх работнікаў
30:32 Чаму падчас свайго публічнага візыту ў Менск Арына Сабаленка так і не сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам?
Тут фрагмэнт размовы з Аляксандрам Класкоўскім
— У Беларусі адна за адной зачыняюцца знакамітыя крамы з беларускім адзеньнем і этнасымболікай. Упершыню за 16 гадоў быў адменены фэстываль «Наш Грунвальд» у Дудутках. Спадар Аляксандар, пра што сьведчыць паступовае зьнікненьне бізнэсаў і мерапрыемстваў, зьвязаных з беларускай нацыянальнай сымболікай і незалежнай культурай?
— Гэта працяг зачысткі, якая пачалася пасьля падзеяў 2020 году. Да гэтых падзеяў беларускія ўлады вельмі кан’юнктурна ставіліся да праяваў беларускасьці. Дастаткова згадаць дазволены мітынг да стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, калі бел-чырвона-белыя сьцягі, якія пазьней былі абвешчаныя «фашысцкімі», афіцыйна дазваляліся ў межах мерапрыемства. Але ў 2020 годзе, калі калёны пратэстоўцаў ішлі менавіта пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, улады зразумелі сілу нацыянальнай сымболікі. Яны ўбачылі яе сувязь з апазыцыйнасьцю, з патрабаваньнем сумленных выбараў і сапраўднай незалежнасьці. Таму і пачалося татальнае вынішчэньне ўсяго, што з гэтым асацыюецца.
Думаю, цяпер найбольш рупліва дзейнічаюць выканаўцы. Мы чулі, як на гэтую тэму выказваліся Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін. Адчуваецца, што яны робяць гэта з асаблівай асалодай. Ня думаю, што Лукашэнка асабіста загадвае: «Зачыніце гэтую краму, зьнішчыце тую». Гэта для яго занадта дробны ўзровень. Але выканаўцы добра ведаюць ягонае стаўленьне да ўсяго беларускага і разумеюць, што за такія дзеяньні іх ніхто наверсе не пакарае. Таму яны з поўнай апантанасьцю працягваюць гэтую барацьбу. Яны таксама разумеюць, што людзі, якія цікавяцца беларускай сымболікай і купляюць такія рэчы, у сваёй большасьці крытычна ставяцца да рэжыму. У гэтым сэнсе іхняя «чуйка» працуе. Яны бачаць, што хоць адкрыты пратэст быў задушаны, дух жаданьня пераменаў у краіне нікуды не зьнік. Разам з тым закрыцьцё гэтых крамаў — безумоўна, страта. Але тое, што жыве ў людзях, у іх душы, адміністрацыйнымі і рэпрэсіўнымі захадамі зьнішчыць немагчыма.
— Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін фактычна адкрыта казалі пра неабходнасьць «выкараняць» усё нацыянальнае. Адначасова Лукашэнка на Купальлі ў Александрыі прамаўляў частку сваёй прамовы па-беларуску. Некаторыя былыя чыноўнікі цяпер удзельнічаюць у дзяржаўных праектах, прысьвечаных народнай культуры. Ці азначае гэта, што ўлада хоча пакінуць манаполію на ўсё беларускае толькі за сабой?
— Найперш зраблю адну заўвагу размовы Гігіна з Азаронкам. На маю думку, на нашых вачах адбываецца дэградацыя беларускай прапаганды. У свой час Вадзім Гігін вёў ток-шоў на тэлеканале АНТ, і мяне тузін разоў запрашалі ў эфір. Тады яшчэ спрабавалі паказваць нейкі плюралізм, бо аднабаковае абмеркаваньне выглядала непераканаўча. У студыі пераважалі праўладныя і прарасейскія ўдзельнікі, але нехта павінен быў прадстаўляць незалежніцкую пазыцыю. Напрыклад, падчас абмеркаваньня анэксіі Крыму я выступаў з украінскіх і незалежніцкіх пазыцыяў. Цяпер жа мы бачым іншае: адзін прапагандыст размаўляе зь іншым прапагандыстам, і абодва паўтараюць адно і тое ж. Гэта і ёсьць прыкмета дэградацыі прапаганды.
Што тычыцца Лукашэнкі, то формула, што ён — «закляты вораг беларушчыны», на мой погляд, занадта спрошчаная. Ягонае стаўленьне да беларускага заўсёды залежала ад палітычнай канʼюнктуры. Ён разглядае гэта выключна праз прызму захаваньня сваёй улады. Я ўжо згадваў сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР. Гэта адбылося ў той момант, калі ў Лукашэнкі чарговы раз абвастрыліся адносіны з Масквой, якая настойвала на так званай паглыбленай інтэграцыі.
Можна таксама ўзгадаць сьнежань 2019 году, калі Павал Севярынец арганізоўваў маршы супраць паглыбленай інтэграцыі. Улады іх не дазвалялі, але і не разганялі ўдзельнікаў, бо гэта было выгадна самому Лукашэнку. Яшчэ адзін прыклад — суд над аўтарамі расейскага агенцтва Regnum. Тады яны атрымалі рэальныя тэрміны зьняволеньня. Калі трэба было супрацьпаставіць сябе Маскве, Лукашэнка быў гатовы выкарыстоўваць беларускую карту. Тое самае адбывалася і падчас канфлікту зь Літвой. Тады ён пачаў апэляваць да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і абвінавачваць літоўцаў у тым, што яны нібыта прысвойваюць беларускую гісторыю.
Але пасьля 2020 году канʼюнктура зьмянілася. Я думаю, Лукашэнка не ў захапленьні ад таго, што «рускі мір» усё глыбей пранікае ў Беларусь. Некалькі месяцаў таму на сустрэчы, дзе прысутнічаў расейскі амбасадар Барыс Грызлоў, у яго нават вырвалася, што ня трэба «хадзіць тут» з «Россотрудничеством» і лепш займацца эканомікай. Значыць, гэта яго таксама непакоіць. Аднак цяпер ён зрабіў стаўку на Маскву і фактычна апынуўся ў становішчы васала. Таму галоўным для яго становіцца жаданьне дагадзіць Крамлю.
Разам з тым сытуацыя яшчэ можа зьмяніцца. Мы бачым, што цяпер, калі яго дадаткова прыціскае Ўкраіна, Лукашэнка пачынае манэўраваць і весьці непублічныя перамовы з Кіевам. Калі яму становіцца цяжка, ён пачынае мяняць сваю пазыцыю і прыстасоўвацца да новых абставінаў. Таму ў залежнасьці ад таго, як будзе разьвівацца вайна ва Ўкраіне, мы яшчэ можам убачыць цікавыя мэтамарфозы ў паводзінах Лукашэнкі.
— На гэтым тыдні разьвівалася гісторыя з запрашэньнем узбэцкіх працоўных мігрантаў у Беларусь. Пасьля таго як першая група працоўных мігрантаў з Узбэкістану паскардзілася на нізкія заробкі і дрэнныя ўмовы пражываньня, дзяржаўная прапаганда паказала сюжэты, у якіх узбэцкія мігранты хваляць умовы, якія нібыта палепшыліся. Прычым заробкі, якія агучваюцца, вышэйшыя чым у беларускіх вяскоўцаў. Лукашэнка хоча прыцягнуць каля 5 тысяч грамадзян Узбэкістана, каб закрыць востры дэфіцыт працоўнай сілы. Наколькі рэалістычнай выглядае стаўка Лукашэнкі на мігрантаў з Азіі?
— Лукашэнка ўжо спрабаваў прыцягнуць 150 тысяч пакістанцаў, але гэта быў сапраўдны правал. Думаю, гэтая тэма цяпер ужо закрытая. Трэба адзначыць, што ўлада ўсё ж мае пэўную зваротную сувязь з грамадзтвам. Лукашэнка яшчэ не да канца страціў інтуіцыю і разумее, што ня варта занадта злаваць людзей. Вестка пра 150 тысяч пакістанцаў выклікала незадавальненьне нават у беларусаў, запалоханых рэпрэсіямі. Гэта было відаць і ў сацыяльных сетках, і ў іншых праявах. Таму цяпер Лукашэнка дзейнічае значна асьцярожней. У сваіх выступах ён падкрэсьлівае, што ўсё знаходзіцца пад кантролем, што заключаныя адпаведныя дамовы, што гэтым займаецца Іван Кубракоў.
У выпадку з узбэкамі ёсьць яшчэ адзін фактар. Гэта не настолькі далёкія ў цывілізацыйным пляне людзі, бо існуе агульная савецкая спадчына, многія ведаюць расейскую мову. Акрамя таго, яны ўжо могуць параўноўваць стаўленьне да сябе ў Расеі і Беларусі, і, відавочна, Беларусь у гэтым сэнсе выглядае для іх лепш. Відаць, улада выкарыстоўвае камбінаваны падыход. Магчыма, ім крыху павысяць заробкі. Адначасова міліцыя патлумачыць, што лепш не выступаць публічна.
Дарэчы, сам факт таго, што ўзбэкі запісалі відэа са скаргамі, вельмі паказальны. Складаецца ўражаньне, што яны адчуваюць сябе свабадней, чым беларусы. Хоць прынята лічыць, што палітычная сыстэма Ўзбэкістану вельмі жорсткая, цяпер выглядае так, што беларусы баяцца больш.
Нават калі прыедуць пяць ці дзесяць тысяч чалавек, гэта не вырашыць праблемы. Ім прапануюць працаваць на фэрмах, даглядаць бычкоў, саджаць бульбу, абяцаюць зямлю. Гэта таксама патрэбная праца, але яна не заменіць кваліфікаваных кадраў. Пасьля 2020 году зь Беларусі ў значнай ступені зьехала эліта нацыі — лекары, тэхнічная інтэлігенцыя, ІТ-спэцыялісты, творчыя людзі. І ніякімі пакістанцамі ці ўзбэкамі гэтыя страты кампэнсаваць немагчыма. Больш за тое, гэты працэс працягваецца. Людзі зьяжджаюць ужо ня толькі па палітычных, але і па эканамічных прычынах. Так, улады зрабілі пэўныя высновы пасьля гісторыі з пакістанцамі, але гэта ўсё адно не кардынальнае вырашэньне праблемы.
— Які можа быць разьлік ва ўладаў акрамя намеру кампэнсаваць масавы ад’езд працоўнай сілы пасьля 2020 году? Працоўныя мігранты не галасуць, не ўдзельнічаюць актыўна ў грамадзкім жыцьці, ня ведаюць глыбока сытуацыі ў Беларусі. Ці гэта не ідэальныя работнікі для ўладаў?
— Часткова, магчыма, так. Але ўсё ня так проста. Мы ўжо бачылі, што нават узбэцкія рабочыя нечакана выступілі са скаргамі. Ніхто не чакаў, што яны публічна запішуць відэа. У выніку нават Івану Кубракову давялося стаць галоўным спікерам па гэтай тэме. Так, іх, напэўна, будуць спрабаваць «нармалізаваць», але гэта таксама патрабуе дадатковых высілкаў.
Да таго ж узбэкі працуюць пераважна ў сельскай гаспадарцы, на жывёлагадоўчых комплексах. Беларускія сяляне і раней не былі галоўнай рухаючай сілай пратэстаў 2020 году. Калі б мігранты замянялі беларускіх ІТ-спэцыялістаў ці іншых высокакваліфікаваных прафэсіяналаў, можна было б казаць пра нейкі кампэнсацыйны мэханізм. Але цяпер гаворка ідзе толькі пра спробу закрыць дзіркі на рынку працы ў сэгмэнце некваліфікаванай працоўнай сілы. Таму гэта хутчэй сутаргавыя спробы закрыць найбольш вострыя праблемы, чым сапраўднае вырашэньне кадравага крызісу.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум