27 ліпеня Белстат апублікаваў справаздачу аб выніках беларускай эканомікі за паўгода.
Індэкс спажывецкіх цэнаў склаў 2,95 працэнта, прычым большая доля іх прыросту прыпала на камунальныя паслугі, якія рэгулюе дзяржава — ЖКГ, гарадзкі і прыгарадны транспарт.
Белстат пры гэтым паведамляе пра тэндэнцыю, якая хутка стане бачнай на прылаўках крамаў: гуртовыя цэны тавараў павысіліся на 13,2%. Гэта значыць, у крамах неўзабаве зьявіцца значна даражэйшы тавар.
Чаму гэта важна
Сярод прычынаў павышэньня гуртовых цэнаў могуць быць рост заработнай платы ў эканоміцы, падаражэньне сыравіны і дэталяў, ускладненьне і падаражэньне ланцужкоў паставак.
Вынік — высокая інфляцыя, спад аб’ёмаў продажаў, зьніжэньне прыбыткаў кампаніяў і інвэстыцыяў.
Што з інфляцыяй
Як паведамляе Белстат, ад пачатку году інфляцыя ў Беларусі склала 2,9%, у чэрвені — 0,3%. Найбольш падаражэлі паслугі — на 6,7%, харчовыя тавары падаражэлі на 1,8%, нехарчовыя — на 1,5%.
За чэрвень найбольш падаражэла бульба — з 1,2 да 2,08 рубля за кіляграм, капуста — з 1,76 да 2,1 рубля за кіляграм, морква — з 1,37 да 2,32 рубля за кіляграм, даражэла і іншая сьвежая гародніна.
Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) — 5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля — 3 рублі за даляр. У ЭАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.
Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволеньня інфляцыі ў Расеі і працягу адміністрацыйнага рэгуляваньня цэн. Тымчасам у Расеі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніцаў, склала 6,8%.