Расейскі маркетплэйс Wildberries перастаў паказваць вайсковыя тавары па запытах «СВА» і «ўсё для СВА». На гэта зьвярнулі ўвагу ўкраінскія Telegram-каналы і выданьне «Вот Так».
Яшчэ ў канцы траўня па такіх запытах можна было знайсьці бронекамізэлькі, шаломы, рацыі, комплектуючыя для FPV-дронаў, элемэнты экіпіроўкі і іншыя тавары. Многія з іх мелі пазнакі тыпу «праверана ў СВА» або «выбар байцоў СВА». Цяпер пошук па гэтых словах не дае вынікаў.
Аднак самі тавары з каталёгу не прыбралі. Іх па-ранейшаму можна знайсьці празь іншыя запыты — напрыклад, «тавары для СВА» або «прадметы для СВА». У каталёгу застаюцца вайсковыя аптэчкі, рацыі, заплечнікі, шаўроны і сьцягі, у тым ліку савецкія.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Wildberries выкарыстоўваецца для паставак тавараў расейскім вайскоўцам, у тым ліку кампанэнтаў, якія могуць прымяняцца ў ваенных мэтах. На гэтым тле Ўкраіна нанесла шэраг удараў па лягістычных цэнтрах кампаніі ў Расеі (Электрасталь у Маскоўскай вобласці, Котаўск у Тамбоўскай, а таксама аб’екты ў Краснадарскім і Стаўрапольскім краях). Wildberries і Крэмль абвінавачаньні адмаўляюць. Сама кампанія пакуль не тлумачыла, чаму пошук па запытах «СВА» і «ўсё для СВА» больш не працуе. Пры гэтым доступ да большасьці адпаведных тавараў захаваўся — зьмяніўся толькі спосаб іх пошуку.
- Расейскія гандлёвыя пляцоўкі Wildberries і «Озон» займаюць амаль палову рынку электроннага гандлю Беларусі. На WB прыпадае траціна ўсіх продажаў беларускіх тавараў праз маркетплэйсы. Продажы беларускіх прадаўцоў праз Wildberries летась былі на суму 3,9 мільярда рублёў.
- Свае тавары праз WB прадаюць 22 тысячы прадаўцоў з Беларусі. Гэта тэкстыль, тавары для дому, дзіцячае харчаваньне, адзеньне, ручныя вырабы і шмат чаго іншага.
- Прысутнасьць на Wildberries тавараў для вайскоўцаў – адзін з аргумэнтаў на карысьць таго, каб лічыць склады кампаніі законнай ваеннай мэтай. Адзінай думкі аб законнасьці гэтай мэты ў спэцыялістаў няма.