Хроніка перасьледу 25 ліпеня: на продаж выставілі кватэру былога ўдзельніка ByPol Ігара Лобана

Суд у Горадні, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

На продаж выставілі кватэру былога ўдзельніка ByPol Ігара Лобана

У Горадні выставілі на аўкцыён кватэру былога сьледчага і былога ўдзельніка ініцыятывы ByPol Ігара Лобана, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Раней яму вынесьлі завочны вырак у Беларусі. Цяпер прадаюць ягоную трохпакаёвую кватэру плошчай 68, 3 кв. м, разьмешчанай на Індурскай шашы ў Горадні. Маёмасьць застаецца пад арыштам.

У кватэры зарэгістраваныя пяць чалавек, у тым ліку двое непаўналетніх.

Пачатковая цана нерухомасьці – 190 тысяч рублёў, таргі маюць пачацца 6 жніўня. Разам з кватэрай прадаецца мэбля і бытавая тэхніка гаспадара. Арганізатар таргоў – Горадзенская філія дзяржаўнага прадпрыемства БелЮрЗабеспячэньне.

Раней беларускі суд завочна пакараў Лобана на 12 год калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 200 тысяч рублёў. Яго прызналі вінаватым у «распальваньні варожасьці», «змове з мэтай захопу ўлады» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня».

Улады Беларусі працягваюць перасьледаваць сваіх апанэнтаў, якія зьехалі з краіны, завочнымі судамі і канфіскацыяй маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 24 ліпеня: пінскага сьвятара пакаралі на 2 гады «хатняй хіміі»

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.