Пачобут і праваабаронцы Amnesty International заклікалі ўлады Польшчы спрасьціць прававое становішча беларусаў

Анджэй Пачобут

Былы беларускі палітзьняволены Андрэй Пачобут і праваабарончая арганізацыя Amnesty International зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска.

Яны заклікалі зьмяніць заканадаўства, каб спрасьціць прававое становішча беларусаў, якія пасьля ўказу Аляксандра Лукашэнкі пазбавіліся магчымасьці атрымліваць новыя пашпарты за мяжой.

Аўтары звароту адзначаюць, што пасьля ўступленьня ў сілу ў 2023 годзе «пашпартнага» ўказу № 278 многія беларусы, якія зьехалі з краіны праз пагрозы перасьледу, апынуліся ў сытуацыі, калі ня могуць атрымаць сапраўдныя дакумэнты.

«Польскі ўрад можа зьмяніць гэтую сытуацыю. Адносна простыя заканадаўчыя зьмены дазволілі б беларусам адчуваць сябе ў большай бясьпецы ў нашай краіне», — гаворыцца ў звароце.

Пачобут і праваабаронцы прапануюць ураду Польшчы павялічыць тэрмін дзеяньня польскіх праязных дакумэнтаў, якія выдаюцца замест нацыянальных пашпартоў, як мінімум да трох гадоў (цяпер іх выдаюць на 1 год), замацаваць адпаведныя нормы ў законе замест іх рэгулярнага падаўжэньня пастановамі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, а таксама ўрэгуляваць статус дзяцей беларусаў, якія нарадзіліся ў Польшчы і ня мелі дакумэнтаў.

Чаму гэта важна для беларусаў у Польшчы

Паводле былога палітвязьня Анджэя Пачобута і праваабаронцаў Amnesty International сытуацыя, пры якой беларусы без пашпартоў альбо з пратэрмінаванымі пашпартамі ня могуць выправіць становішча з асабістымі дакумэнтамі ў Польшчы, ставіць іх перад выбарам без добрага выйсьця: альбо вяртацца ў Беларусь, дзе ім могуць пагражаць арышт і працяглае зьняволеньне, альбо жыць у Польшчы з пратэрмінаванымі дакумэнтамі.

«Акрамя таго, адсутнасьць сапраўдных дакумэнтаў не дазваляе шматлікім беларусам зьдзяйсьняць звыклыя юрыдычныя дзеяньні, у тым ліку заключаць шлюб ці езьдзіць у Беларусь на пахаваньне сваякоў», — даводзяць аўтары ліста Дональду Туску.

Аўтары ліста пішуць, што ў Польшчы пражываюць больш за 140 тысяч беларусаў, якія ўносяць уклад у разьвіцьцё эканомікі і ахвотна інтэгруюцца ў польскую культуру, у тым ліку дзякуючы шырокім ведам польскай мовы.

«Мы хочам, каб людзі, якія ратуюцца ад рэжыму Лукашэнкі, адчувалі сябе ў Польшчы ў бясьпецы», — заявілі аўтары.

Яны мяркуюць, што прэмʼер-міністар краіны Дональд Туск можа «зрабіць рэальныя крокі для дасягненьня гэтай мэты».


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гісторыя Беларусі будзе інакшай ад гісторыі Расеі». Былы палітвязень Анджэй Пачобут сустрэўся зь віленчукамі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ня лідэр, не палітычны актывіст». Пагаварылі зь беларусамі, якім у Польшчы адмовілі ў міжнароднай абароне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што рабіць, калі адмовілі ў міжнароднай абароне ў Польшчы. Даведаліся ў экспэртаў