Са сьцен камэры № 16 на наведнікаў музэю ў былой вязьніцы КДБ ў Вільні цяпер глядзяць і партрэты былых беларускіх палітвязьняў.
Гэта тыя беларусы, якія цягам году выйшлі на волю і распавялі пра тое, як беларускі рэжым катуе сваіх грамадзянаў паводле палітычных матываў.
Усяго некалькі імёнаў з тысяч беларусаў-палітвязьняў, у тым ліку Анджэй Пачобут, Ігар Лосік, Ігар Карней, Натальля Дуліна... На здымках, зробленых адразу пасьля вызваленьня, — худыя шэрыя тавары, стомленыя позіркі.
Першай беларускую выставу наведала група турыстаў з ЗША, якая прыйшла да музэю за хвіліну да адкрыцьця.
Амэрыканцаў вельмі ўразіла пабачанае ў камэрах, захаваных з сталінскіх часоў: адмысловыя падлогі-басэйны, дзе трымалі вязьняў, папярэдне запоўніўшы «басэйн» халоднай вадой, малюсенькія дворыкі для прагулак, камэра, абабітая гумай, куды для «прафіляктыкі» зьмяшчалі самых незгаворлівых.
Але што ў вязьніцы робяць партрэты беларускага журналіста, выкладчыцы замежнай мовы, блогера?
«Тое, што вы тут бачыце, гэтак ці інакш захавалася ў краіне, якая адсюль усяго за 40 кілямэтраў — у Беларусі, дзе правіць рэжым Лукашэнкі», — тлумачыць амэрыканскім турыстам літоўскі гід.
«It’s very sad!» (гэта вельмі сумна) — зьдзіўлена прамаўляе сталага веку амэрыканец і пасоўваецца бліжэй да партэта Ігара Лосіка.
«Блогер. Вырак суду — 15 гадоў. У калёніі яго даводзілі на роспачы, ізаляцыі і спробы самагубства. Гадамі яму забаранялі бачыць сям’ю і маленькую дачку. Так сыстэма спрабуе зламаць чалавека, якога баіцца», — чытае турыст пра былога беларускага палітвязьня, які выйшаў на волю толькі год таму.
Выставу, якая адкрылася ў былым будынку КДБ у Вільні, праваабаронцы назвалі «Кошт нязгоды: дакумэнтальнае сьведчаньне наступстваў палітычных рэпрэсій у Беларусі».
Яе сумесна арганізавалі «Прававая ініцыятыва» і Міжнародны камітэт супраць катаваньняў у Беларусі. Гэта адна з імпрэзаў Тыдня супраць катаваньняў у Беларусі, які праходзіць у краінах Эўропы зь ініцыятывы беларускіх праваабаронцаў.
21 чэрвеня ў Кракаве яны правялі вулічны пэрформанс, на якім азнаёмілі мінакоў з практыкай катаваньняў у Беларусі.
23 чэрвеня онлайн адбылася прэзэнтацыя расьсьледаваньня «Катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў папраўчай калёніі № 3 Віцебскай вобласьці (ПК-3 „Віцьба“). Расьсьледаваньне заснаванае на 29 глыбінных інтэрвію з былымі зьняволенымі, якія адбывалі пакараньне ў калёніі з 2020 па 2023 год.
Сярод зафіксаваных у расьсьледаваньні выпадкаў — сьмерці палітвязьняў Мікалая Клімовіча і Вадзіма Храсько, а таксама іншыя сьмерці, што адбыліся ў калёніі за апошнія гады. З расьсьледаваньнем можна азнаёміцца тут.
У рамках тыдня па 26 чэрвеня ў Варшаве ў музэі Вольнай Беларусі ( Foksal 11,) будзе дзейнічаць выстава „Дэпатрыяцыя“. Тэрмін „Дэпатрыяцыя“ добра апісвае рэальнасьць, у якой апынуліся беларусы і беларускі, якія вымушана зьехалі за мяжу. Калі радзіма больш ня можа абараніць свае знакі, калі нацыянальныя сымбалі і артэфакты пратэсту вымушаныя пакідаць краіну, каб выжыць, — тлумачаць арганізатары выставы.
Ціханоўская: тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, нельга прымаць як норму
Да Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаваньняў лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заклікала памятаць пра ахвяр катаваньняў у Беларусі і дамагчыся прыцягненьня да адказнасьці тых службоўцаў, хто павінен у падобных злачынствах.
«Журналістка Ксенія Луцкіна выйшла на волю з пухлінай галаўнога мозгу, якая расла ў зьняволеньні. Ганна Кандраценка памерла ад раку праз некалькі месяцаў пасьля вызваленьня. Дыягназ ёй паставілі яшчэ ў турме, але датэрмінова вызваліць дзеля лячэньня адмовіліся. І колькі такіх гісторыяў, колькі тых, хто баіцца распавесьці свой досьвед тых, хто дагэтуль не можа аднавіцца ад жаху калёніяў», — зазначыла ў сваёй заяве Сьвятлана Ціханоўская.
Паводле яе «тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, нельга прымаць як норму. Мы павінны памятаць пра гэта і дамагацца, каб кожны, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады, панёс адказнасьць».
Узровень катаваньняў у Беларусі крытычна высокі
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка заявіў, што катаваньні ў Беларусі працягваюцца:
«Мы рэгулярна атрымліваем застрашвальныя зьвесткі пра ўжываньне катаваньняў і забароненага абыходжаньня з калёній, турмаў ды ізалятараў. Гэтыя зьвесткі ў моманце могуць утрымліваць ацэнкі аб зьніжэньні або росьце інтэнсіўнасьці забароненых практык: выкарыстаньне перапоўненасьці і заражэньняў паразытарнымі казуркамі ў ізалятарах, холаду і прыгнятальнай абстаноўкі штрафных ізалятараў у калёніях як бесчалавечнага сродку пакараньня, зьбіцьця ў апэратыўных кабінэтах спэцслужбаў, электрашокераў і слёзацечнага газу, бесчалавечных умоў працы, нефармальных звычаяў сярод зьняволеных для зьневажаньняў і бесчалавечнага абыходжаньня. Аднак да нулявога ўзроўню, нягледзячы на зьнешні ціск і дыпляматычныя намаганьні – катаваньні ды забароненае абыходжаньне не скарачаліся ніколі. Цяпер гэты ўзровень крытычна высокі".
Сапелка заявіў, што ўлады ўжываюць разнастайныя практыкі для таго, каб скараціць магчымасьці агалоскі выпадкаў катаваньняў, у прыватнасьці, пагражаюць тэрорам сем'яў і блізкіх, таму нярэдка нават знаходзячыся ў бясьпечнай краіне, пацярпелыя не адразу паведамляюць аб перажытым, а тым больш – згаджаюцца аддаць галоснасьці свой досьвед.
26 чэрвеня як Дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў быў устаноўлены Генэральнай Асамблеяй ААН. 26 чэрвеня ў 1987 годзе ўвайшла ў дзеяньне Канвэнцыя супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных і зьневажальных для годнасьці чалавека відаў абыходжаньня і пакараньня.
Форум