22 траўня ў Вільні завяршыўся III Кангрэс па палітзьняволеных у Беларусі, на які з розных краін Эўропы прыехалі дзясяткі былых палітвязьняў, а таксама праваабаронцы, валянтэры, палітыкі.
Ацэнкі экспэрткі ААН
Карына Маскаленка з групы ААН па правах чалавека ў Беларусі пазытыўна ацаніла працу беларускіх праваабаронцаў і арганізатараў дапамогі ахвярам рэпрэсій. На яе думку, яны не разгубіліся ў складаных умовах эміграцыі, змаглі аб’яднаць намаганьні, яны добра каардынуюць працу з міжнароднымі праваабарончымі структурамі. Як вынік — тысячы былых палітвязьняў і ўцекачоў зь Беларусі атрымліваюць базавую дапамогу, а беларускае пытаньне застаецца ў фокусе міжнароднай увагі.
Што да міжнароднай ацэнкі дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі, то тут пакуль больш дэклярацый, чым дасягненьняў, лічыць экспэртка ААН Карына Маскаленка. Яна мяркуе, што міжнароднае правасудзьдзе мае інструмэнты пакараньня беларускага рэжыму за рэпрэсіі і злачынствы, але яны не выкарыстоўваюцца цалкам.
«Суседнія краіны, акрамя Літвы, ня робяць і палову таго, што маглі б», — мяркуе Маскаленка.
Сярод іншага, на яе думку, Беларусь заслугоўвае працягненьня да адказнасьці за парушэньні канвэнцыі аб недапушчэньні катаваньняў.
«Сілавікі ў Беларусі гэта разумеюць і баяцца», — заўважыла экспэртка ААН.
Маскаленка распавяла, як праходзяць агляды сытуацыі ў Беларусі на штогадовых сэсіях у Камітэце правоў чалавека ААН. Паводле яе, там штораз гучаць нэгатыўныя ацэнкі выкананьня правоў чалавека ў Беларусі, адзінкі з удзельнікаў сэсій спрабуюць падтрымліваць афіцыйны Менск, а той не прызнае парушэньняў і не дазваляе экспэртам ААН візыты ў Беларусь з праверкамі.
«Ня трэба ілюзій, наперадзе новыя рэпрэсіі, бо гэтую машыну ніхто не зламаў», — папярэдзіла Марына Маскаленка ўдзельнікаў кангрэсу.
Паводле Маскаленкі міжнароднае правасудзьдзе мае інструмэнты пакараньня беларускага рэжыму за рэпрэсіі, але яны не выкарыстоўваюцца цалкам, за выключэньнем Літвы.
Што робіць Літва
Экспэртку ААН падтрымаў Віціс Юрконіс, кіраўнік прадстаўніцтва Freedоm House у Літве. Ён выступіў супраць «нармалізацыі тэрору» і выказаўся за тое, каб па стаўленьні да «беларускага пытаньня» ацэньваць тое, як эўрапейскія краіны ўвогуле ставяцца да правоў чалавека.
Юрконіс нагадаў, што Літва падала пазоў у Міжнародны крымінальны суд аб прыцягненьні Беларусі да адказнасьці за злачынствы рэжыму, але з боку іншых краін робіцца недастаткова для спыненьня рэпрэсій у Беларусі.
«Трэба працаваць хутчэй. Адбыўся суд, быў вынесены неправасудны прысуд — гэты судзьдзя адразу мусіць зьявіцца ў санкцыйных сьпісах. Але дзеля гэтага патрэбная сыстэмная і напружаная праца», — мяркуе Юрконіс.
«Лукашэнка яшчэ ў 2020 годзе прапановаў „перагарнуць старонку“. І мы бачым лабістаў, якія ходзяць з прапановамі аб дыялёгу, у іх ёсьць рэсурс, а між тым рэпрэсіі працягваюцца», — заявіў Юрконіс і заклікаў былых палітвязьняў актыўней уключацца ў працу, накіраваную на спыненьне рэпрэсій.
Палітыкаў Эўразьвязу Юрконіс заклікаў дзейнічаць так, каб беларускія чыноўнікі ведалі, што за іх незаконныя дзеяньні ім абавязкова давядзецца адказваць.
Дыскусія пра санкцыі
Пазьней у дыскусіі аб эфэктыўнасьці міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі выступіла дэпутатка Сейма Літвы Кацярына Раяка, якая пацьвердзіла падтрымку Літвой змаганьня беларусаў за дэмакратыю.
«Мая пазыцыя такая, што санкцыі мусяць быць, але іх недастаткова», — сказала парлямэнтарый зь Літвы.
Дэпутатка Сейма мяркуе, што санкцыі і прыцягненьне да адказнасьці за злачынствы не прывядуць да краху рэжыму Лукашэнкі, тут мае сказаць сваё слова беларускі народ.
Пытаньне, ці варта працягваць санкцыі супраць уладаў Беларусі задалі прадстаўніку Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўлу Латушку.
Латушка заявіў, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі нельга зьмяншаць як мінумум да тае пары, пакуль не вызваленыя ўсе палітвязьні і ня спынены саўдзел Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны. Ёсьць і трэцяя ўмова, паводле Латушкі:
«І трэцяе пытаньне, якое мы мусім задаць: ці спыненыя рэпрэсіі ў Беларусі і трансмежны перасьлед беларусаў, нас з вамі, якія апынуліся за мяжой? Тут таксама адмоўны адказ».
Яшчэ адным крытэрам у ацэнцы пэрспэктыў санкцый, паводле Латушкі, ёсьць тое, ці пачаў рэжым дыялёг з беларускім грамадзтвам? Павал Латушка мяркуе, што гэтага не адбылося.
«Таму, калі мы падводзім рысу і пытаемся, ці мінуў час ціску, дык адказ адназначны — не», — сказаў палітык.
Паводле зьвестак Латушкі санкцыі дзейнічаюць адносна больш як ста беларускіх прадпрыемстваў. Мэта санкцый, паводле Латушкі, скарачэньне рэсурсаў і магчымасьцяў прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне і гібрыдныя атакі супраць краін Эўразьвязу, а таксама прымус Лукашэнкі спыніць агрэсіўную ўнутраную палітыку.
Паводле Латушкі гэтыя захады ўжо даюць вынік.
«Рэжым адчувае макраэканамічныя праблемы. Стагнацыю ў разьвіцьці эканомікі, унутраны валавы прадукт не расьце, мінусуе вытворчасьць, асабліва апрацоўчая прамысловасьць, не хапае крэдытных рэсурсаў, згубілі рынак Украіны, у 7,5 раза згубілі экспарт у Эўразьвяз, а продажы тавараў на афрыканскім рынку не дазваляюць збалянсаваць гэтыя страты, бо там дарагая лягістыка і афрыканцы зацягваюць аплату», — сказаў Павал Латушка.
Пры гэтым Латушка заявіў, што АПК падтрымлівае палітыку адміністрацыі ЗША на камунікацыю з Менскам пад уплывам санкцый дзеля таго, каб дамагчыся вызваленьня ўсіх палітзьняволеных. Але без спыненьня рэпрэсій гэта не прынясе пажаданага выніку, сказаў Латушка:
«Ужо пасьля вызваленьня Анджэя Пачобута зьявілася 26 новых палітвязьняў».
Што да пазыцыі Эўразьвязу палітык сказаў, што беларусы просяць Эўразьвяз «не ўваходзіць у дыялёг з Лукашэнкам пакуль той ня пойдзе на дыялёг зь беларускім грамадзтвам, і ў выніку ня пойдзе на сыстэмныя зьмены».
Форум