Стаў вядомы вырак гукарэжысэру, які вярнуўся ў Беларусь з Польшчы
Юры Трашчынскі больш за 20 гадоў адпрацаваў гукарэжысэрам у Белтэлерадыёкампаніі. Паводле зьвестак «Радыё Рацыя», пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Юры падпісаў пэтыцыю супраць гвалту сілавікоў, а пазьней зьехаў у Польшчу. Сілавікі затрымалі Трашчынскага 15 лістапада 2025 году, як толькі ён вярнуўся з-за мяжы ў Менск.
4 траўня 2026 году гукарэжысэру вынесьлі прысуд паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні».
Гомельскі абласны суд прызначыў яму 2,5 года пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у 500 базавых велічыняў, піша «Вясна».
Праваабаронцы лічаць справу Трашчынскага палітычна матываванай і прызналі яго палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пракурор патрабуе для горадзенскай актывісткі Валянціны Навумавай 7 гадоў турмыЧаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.