Само па сабе гэта не азначае падрыхтоўкі да вайны, але адбываецца ў трывожным кантэксьце, адзначае ініцыятыва.
З пачатку 2026 году актывізаваліся інвэнтарызацыі, рамонту і мадэрнізацыі пабудоваў грамадзянскай абароны ў Беларусі.
Паказальным у BelPol назвалі паседжаньне камісіі ў надзвычайных сытуацыях Магілёўскай вобласьці. Паводле здабытага расьсьледнікамі пратаколу, станам на 2 чэрвеня 2026 году ў вобласьці было 276 пабудовах грамадзянскай абароны (186 сховішчаў, 85 супрацьрадыяцыйных укрыцьцяў, 5 абарончых укрыцьцяў).
Зь іх гатовымі да прыёму насельніцтва былі 204 аб’екты. 34 аб’екты плянавалі сьпісаць, 38 (пераважна ў Магілёве і Бабруйску) — аднавіць. Толькі за бягучы год удалося аднавіць 43 аб’екты.
Па выніках праверак, праведзеных у лютым-красавіку, выдалі 66 прадпісаньняў, да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 11 службовых асобаў. Пры чым лік аб’ектаў, непрыдатных да выкарыстаньня, пасьля праверак вырас (з 13 да 36 у Магілёве, з 8 да 13 у Бабруйску).
BelPol мяркуе, што справа не ў пагаршэньні стану сховішчаў за некалькі месяцаў, а ўва ўзмацненьні праверак.
Справа ня толькі ў Магілёўскай вобласьці. Высновы зьявіліся пасьля вывучэньня іншых дакумэнтаў: існуюць шматлікія дзяржаўныя закупкі, якія сьведчаць аб падобных работах па ўсёй Беларусі. Мадэрнізаваць ці парамантаваць аб’екты грамадзянскай абароны плянуюць «Белтэлекам», Нацыянальны банк, комплекс ачышчальных пабудоваў на вуліцы Ковельскай у Берасьці, магілёўскі завод «Будмашына» і аб’екты «Будгазу»…
«Гэта сьведчыць не пра адзінкавыя рамонты асобных збудаваньняў, а пра цэнтралізаваную праграму аднаўленьня сыстэмы грамадзянскай абароны», — піша ініцыятыва.
«Безумоўна, сама па сабе мадэрнізацыя сховішчаў не зьяўляецца простым доказам падрыхтоўкі да ўзброенага канфлікту. У многіх краінах такія мерапрыемствы праводзяцца ў рамках забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі і павышэньня ўстойлівасьці крытычнай інфраструктуры. Аднак у Беларусі сытуацыя разьвіваецца ў спэцыфічным ваенна-палітычным кантэксьце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Супрацоўніца СБУ вывезла дадому таемныя дакумэнты. Зь іх вынікае, што рыхтаваліся і да ўварваньня зь БеларусіШто гэта можа значыць?
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўпершыню згадаў пра тое, што зь беларусай тэрыторыі надаюць дапамогу расейскім «Шахедам» 26 сьнежня 2025 году. Ужо праз тры тыдні, 16 студзеня 2026 году Аляксандар Лукашэнка пастанавіў праверыць боегатовасьць Узброеных сілаў Беларусі. За праверкі сховішчаў, падобна, сур’ёзна ўзяліся прынамсі ў лютым.
Аб’екты, якія ў народзе называюць бамбасховішчамі, бываюць рознымі: гэта могуць быць як магутныя сховішчы, якія бароняць ад бомбаў і ракетаў, так і цывільныя сховішчы ў падвалах, якія бароняць ад аскепкаў ці выбуховай хвалі, але не ад наўпроставага трапленьня ў дом балістычнай ракеты.
Колькі ў Беларусі сховішчаў якіх тыпаў і дзе яны месьцяцца, невядома. Гэтай інфармацыі ўлады не раскрываюць, ёсьць адно ўрыўкі састарэлых зьвестак па асобных гарадах.
За апошнія гады мноства беларусаў, якія з палітычных прычынаў мусілі пакінуць радзіму, пабылі ў бамбасховішчах, перадусім тыя, якія выехалі ўва Ўкраіну ці Ізраіль. У Беларусі слова «бамбасховішча» да вайны, пачатай расейцамі супраць суседняй Украіны, было чымсьці з падручнікаў гісторыі. Аднак цяперашнія праверкі сховішчаў розных тыпаў і частыя заявы Лукашэнкі пра тое, што «краіна рыхтуецца да вайны» паказваюць на тое, што слова вяртаецца ў актыўны ўжытак, і разам з гэтым расьце трывога.