Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніца СБУ вывезла дадому таемныя дакумэнты. Зь іх вынікае, што рыхтаваліся і да ўварваньня зь Беларусі

Наступствы расейскіх абстрэлаў Ровенскай вобласьці, 13 траўня 2026 году
Наступствы расейскіх абстрэлаў Ровенскай вобласьці, 13 траўня 2026 году

У Роўна асудзілі супрацоўніцу абласнога ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны за непакору або адмову выканаць загад у асаблівых умовах (ваеннага становішча і ў баявой абстаноўцы) на пяць гадоў пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на адзін год.

Як вынікае з выраку, які ў сваім распараджэньні мае Свабода, асуджаная больш за паўгоду знаходзілася пад кругласутачным хатнім арыштам і будзе яшчэ абмежаваная гэтым захадам стрыманьня да таго часу, пакуль не завершыцца апэляцыйны працэс.

Асуджаная працавала памочніцай начальніка ўпраўленьня СБУ па працы з асабовым складам і мела званьне палкоўніка. Ёй таксама давядзецца заплаціць дзяржаве больш за 19 тысяч грыўняў (прыблізна 420 даляраў у эквіваленце) за правядзеньне экспэртыз у яе справе.

Супрацоўніцу СБУ абвінавацілі ў тым, што яна ў першы дзень ваеннага ўварваньня Расеі, якое не выключалася і на Ровенскую вобласьць, не перадала на зьнішчэньне 48 сакрэтных дакумэнтаў, а вывезла іх дадому.

Якія дакумэнты «ратавала» ад зьнішчэньня

Зь пераліку сама меней 7 дакумэнтаў могуць сьведчыць аб тым, як Украіна рыхтавалася да расейскага ваеннага ўварваньня, у тым ліку, з боку Беларусі.

У прыватнасьці, 19 студзеня 2022 году былі дэтальна расьпісаныя службовыя інструкцыі для супрацоўнікаў аддзелу контрвыведнай абароны інтарэсаў дзяржавы ў сфэры інфармацыйнай бясьпекі. Дакумэнт у аб’ёме 12 старонак меў грыф «Таемна».

Праз тры дні, 22 студзеня 2022 году, таксама пад грыфам «Таемна» быў напісаны ліст аб захадах па супрацьдзеяньні пагрозам Расеі, яго накіравалі ўсім начальнікам падразьдзелаў у Ровенскай вобласьці.

Наступны таемны ліст аб узмацненьні контрвыведнага рэжыму ва ўсіх раёнах Ровенскай вобласьці выдалі ўжо 13 лютага. А перад гэтым, 1 лютага 2022-га, зацьвердзілі плян службовай дзейнасьці абласнога ўпраўленьня СБУ на 2022 год.

Як вынікае з выраку, спэцыяльныя службы, пачынаючы з студзеня 2021 году, выдавалі дакумэнты па ўзмацненьні дзейнасьці сваіх рэгіянальных структур і кантролю за падборам кадравага складу, а таксама ўключэньне падразьдзелаў СБУ ў тэрытарыяльную абарону.

Улічваючы, што Ровенская вобласьць мяжуе зь Беларусьсю, найбольш імаверна, што ў дакумэнтах адзначалася небясьпека і з паўночнага кірунку.

Як дзейнічала абласное СБУ ў першы дзень уварваньня

А 6-й раніцы 24 лютага 2022 году ўсе супрацоўнікі сабраліся ў памяшканьні абласнога СБУ. Празь дзьве гадзіны пачалася нарада, на якой калектыў часткова азнаёмілі з шыфратэлеграмай кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны (на той момант абавязкі старшыні гэтай спэцслужбы выконваў Васіль Малюк, ён быў зацьверджаны на пасадзе 7 лютага 2023 году. — РС).

На нарадзе абмеркавалі пытаньні арганізацыі аховы, узаемадзеяньня зь іншымі службамі, а таксама пытаньні перадысьлякацыі і эвакуацыі. Апроч таго, на нарадзе прагучаў вусны загад аб тэрміновым зьнішчэньні матэрыяльных носьбітаў інфармацыі з абмежаваным доступам, якая тычылася арганізацыі і ажыцьцяўленьня службовай дзейнасьці.

Згодна з мабілізацыйным плянам, які таксама меў статус таемнага, супрацоўнікі абласнога ўпраўленьня пачалі сартаваць дакумэнты на дзьве групы — тыя, якія трэба было зьнішчыць, і тыя, якія плянавалі вывезьці памяшканьня абласной СБУ ў спэцыяльнае сховішча.

Як вынікае з выраку, у першы дзень уварваньня спалілі прыблізна 90 мяхоў дакумэнтаў толькі з таго аддзелу, у якім працавала асуджаная, а ўсяго перагрузілі і зьнішчылі тысячы мяхоў дакумэнтаў, што выдаваліся абласным упраўленьнем.

«Расейцы чакалі, што ўкраінскае кіраўніцтва ўцячэ». Амэрыканскі экспэрт пра сцэнары вайны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:54 0:00
Наўпроставы лінк

Чаму гэта важна

24 лютага 2022 году расейскія войскі ўварваліся ў Харкаўскую, Херсонскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласьці, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

Да сярэдзіны сакавіка Расея акупавала Херсонскую вобласьць, поўдзень Запароскай і Данецкай вобласьцяў.

Зь Беларусі падразьдзелы расейскай арміі прасоўваліся да Кіева і паступова занялі паўночна-заходнія населеныя пункты вакол Кіева. У атачэньні апынуліся Сумы і Чарнігаў.

З паўночнай часткі Ўкраіны расейскія войскі вышлі ў канцы сакавіка — пачатку красавіка 2022 году.

Пэўны час кіраўніцтва Ўкраіны пераконвала, што не дапускала ўварваньня з тэрыторыі Беларусі, давяраючы запэўненьням Аляксандра Лукашэнкі. Але пазьней прызналі, што мелі адпаведную інфармацыю.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.

За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 19 чэрвеня абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG