У Беларусі запусьцілі сэрвіс імгненных плацяжоў «Крок». Што гэта такое, хто за ім стаіць і наколькі ён бясьпечны

Лягатып новай сыстэмы

Згодна з анонсам, новы сэрвіс дазваляе плаціць з выкарыстаньнем QR-коду наўпрост з рахунку. Ён пачаў працу ў абмежаваным рэжыме з 1 ліпеня. Разьбіраемся, як ён дзейнічае і ці стане запатрабаваным.

Сыстэму плацяжоў «Крок» у Беларусі пачалі распрацоўваць яшчэ ў 2024–2025 гадах як альтэрнатыву міжнародным платным сыстэмам. Базай стала сыстэма імгненных плацяжоў, якую Нацыянальны банк запусьціў яшчэ ў 2019 годзе для юрыдычных асобаў.

Ад 1 ліпеня навінка пачала працаваць у абмежаваным выглядзе, да яе далучыліся 5 банкаў: «Беларусбанк», «Альфа-Банк», «Банк Дабрабыт», «Белаграпрамбанк», «Прыёрбанк». Задумана, што праз гэты сэрвіс можна плаціць паводле QR-коду, наўпрост з рахунку на рахунак, абмінаючы міжнародныя карткавыя платныя сыстэмы, такія як Visa, Mastercard ці расейскі «Мир».

Працуе гэта наступным чынам: прадавец генэруе QR-код нейкага тавару ці групы тавараў, пакупнік счытвае гэты код мабільнай аплікацыяй свайго банку, правярае дадзеныя і націскае «аплаціць», прадавец бачыць пацьверджаньне ў сваёй сыстэме. Пакупнік таксама можа згенэраваць QR-код для аплаты, які прадавец можа счытаць.

Распрацоўкай новай сыстэмы займаўся Нацыянальны банк

Пакуль да сыстэмы далучыліся няшмат гандляроў — агулам паўтара дзясятка пунктаў, пераважна зь Менску.

Плянуецца, што ад сьнежня «Крок» стане дасяжны для кліентаў усіх банкаў. Згодна з інфармацыяй стваральнікаў, сэрвіс мае ліміты — да 50 апэрацыяў на дзень з максымальнай сумай аднаго плацяжу да 72 тысяч рублёў.

Гэтая сыстэма — цалкам дзяржаўная распрацоўка, за ёй стаіць Нацыянальны банк, галоўны банкаўскі рэгулятар краіны.

У якіх краінах ёсьць такія сыстэмы і ці зручная яна для беларусаў

Падобныя сэрвісы з магчымасьцю хуткіх аплатаў працуюць у шмат якіх краінах. У Польшчы даўно існуе сэрвіс хуткіх плацяжоў Blik, які дазваляе пераводзіць аплату з дапамогай часовага згенэраванага коду. Платныя сыстэмы, якія працуюць паводле QR-коду, ёсьць у Кітаі (AliPay, WeChat Pay), Бразыліі (PIX), Вялікай Брытаніі (Faster Payments Service).

Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру BEROC Анастасіі Лузгіной, беларуская сыстэма найбольш падобная да кітайскай.

«Крок» шмат у чым выкарыстоўвае тыя ж прынцыпы працы, што і кітайскія сэрвісы. У Кітаі плацяжы вельмі часта праводзяць менавіта з дапамогай QR-кодаў. Як і ў Кітаі, у сыстэме «Крок» аплата адбываецца беспасярэдне з банкаўскага рахунку, што дазваляе мінімізаваць выдаткі бізнэсу на правядзеньне плацяжоў, хоць цалкам яны, вядома, не зьнікаюць. Другі момант — гэта сам QR-код. І тут, як і ў Кітаі, ёсьць магчымасьць, напрыклад, адсканаваць QR-код у краме з дапамогай тэлефона або згенэраваць уласны QR-код, які касір счытвае сканэрам. Можна зрабіць выснову, што пры стварэньні «Кроку» ў значнай ступені быў выкарыстаны менавіта кітайскі досьвед», — кажа эканамістка.

Беларуская сыстэма «Крок» функцыянальна нагадвае кітайскія сыстэмы хуткіх плацяжоў. Такія як WeChat Pay, альбо AliPay

Што да польскай сыстэмы Blik, то суразмоўца зьвяртае ўвагу на яе большы функцыянал. Дзякуючы Blik можна перавесьці некаму грошы літаральна адным дотыкам ці зьняць грошы ў банкамаце, ня маючы з сабой карткі. Таксама польская сыстэма больш глябальная: цяпер яна на стадыі інтэграцыі ў эўразону.

Беларуская сыстэма «Крок», з словаў Анастасіі Лузгіной, можа працаваць у крамах ня так хутка і ствараць чэргі.

«У кожным разе вам трэба ня проста дастаць тэлефон. Неабходна ўключыць камэру, адсканаваць QR-код, дачакацца, пакуль выявіцца сума, якую трэба аплаціць, і праверыць, ці ўсё пазначана правільна. Гэта ўсё займае даволі шмат часу. І калі вы стаіце ў чарзе ў краме, такі спосаб аплаты можа запавольваць увесь працэс разьліку», — зьвяртае ўвагу суразмоўца.

Другі момант — пакуль сыстэма працуе толькі ўнутры краіны, дадае эканамістка.

Што да матывацыі ўладаў у стварэньні такой сыстэмы, то «Крок» дазваляе мець сваю альтэрнатыву сыстэмам Visa і Masterсard ва ўмовах санкцыйнага ціску, нагадвае суразмоўца. Гэта таксама крыху зьмяньшае кошт камісіі для бізнэсу: для картак яна 1,2–2,5% у залежнасьці ад трансакцыі, у «Кроку» — 0,8%.

У чым можа быць небясьпека

Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці з спэцыялістам, які працаваў у банкаўскай сфэры Беларусі ў ІТ-галіне. Суразмоўца зазначае, што цяпер беларускім банкам абмежавалі доступ да ўсясьветных лідэраў вытворчасьці праграмнага забесьпячэньня для банкаўскай сфэры праз санкцыі. Аднак нейкіх вострых праблемаў зь бясьпекай наш суразмоўца ня бачыць.

«Такія тэхналёгіі выкарыстоўваюцца ў многіх месцах, а тут, відаць, проста дамовіліся пра падтрымку гэтай плацежнай плятформы з усімі банкамі. З часам ашуканцы, вядома, паспрабуюць нешта прыдумаць і з QR-кодамі. Але ў цэлым, безумоўна, ёсьць шматфактарная праверка ў саміх мабільных праграмах банкаў, а таксама вокны пацьверджаньня, дзе выяўляецца сума пераводу і патрабуецца ўвод розных кодаў», — кажа суразмоўца.

І дадае, што перад уводам такой сыстэмы банкі мусілі прайсьці доўгі этап узгадненьня з спэцыялістамі ў бясьпецы. А што да доступу ўладаў да інфармацыі аб плацяжах, яны і так яе мелі праз сыстэму АРІП.

Праблема зь бясьпекай можа ўзьнікнуць тады, калі махляры нейкім чынам атрымаюць доступ да смартфона, працягвае суразмоўца.

«Праблемы зь бясьпекай, хутчэй за ўсё, могуць узьнікнуць толькі тады, калі сам карыстальнік нейкім чынам скампрамэтуе свае дадзеныя і дасьць доступ да тэлефона або мабільнага банкінгу. Але ў такім выпадку ўжо ня будзе мець значэньня, ці ёсьць у яго „Крок“: ашуканцы і без таго змогуць вывесьці ўсе грошы», — тлумачыць спэцыяліст.