Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белпошта» паінфармавала пра тое, што з 11 ліпеня зьменіцца парадак выплаты ўваходных паштовых пераказаў.
За выдачу і пералік грошай у гатоўцы ў аддзяленьнях паштовай сувязі або з дастаўкай дадому будуць спаганяць камісію ў памеры 0,5% ад сумы, якая перавышае 2 тыс. беларускіх рублёў на працягу каляндарнага месяца.
Пры гэтым новыя правілы не датычацца сацыяльна значных негандлёвых плацяжоў, куды ўваходзяць, напрыклад, пэнсіі, алімэнты, дзяржаўныя дапамогі і таму падобныя выплаты.
Для вызваленьня ад платы атрымальніку трэба паказаць арыгінал або завераную копію дакумэнту, які пацьвярджае, што пераказ адносіцца да такой катэгорыі.
Чаму гэта важна?
«Белпошта» ў чарговы раз зьмяняе свае правілы адносна розных дзеяньняў. Яны ідуць не на карысьць карыстальнікаў.
Летась у траўні выйшла новая рэдакцыя закону «Аб паштовай сувязі» — цяпер апэратары паштовай сувязі павінны перадаваць у сыстэму дзяржаўнага прадпрыемства «Белпошта» зьвесткі аб усіх паштовых адпраўленьнях у адрас фізычных асобаў. Размова пра кампаніі, якія маюць дзейную ліцэнзію Міністэрства сувязі апэратараў паштовай сувязі. Цяпер налічваецца 18 такіх прадпрыемстваў.
Таксама закон вызначыў, што кругласуткавы доступ у адзіную базу даных аб паштовых адпраўленьнях будуць мець супрацоўнікі МУС, якія займаюцца апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю. У рэчаіснасьці гэта можа таксама азначаць, што сілавікі будуць бачыць і зьвесткі палітычна перасьледаваных асобаў.
У сакавіку 2026 году «Белпошта» ўвяла новыя тарыфы на дастаўку лістоў і паштовак. З таго часу перасылка простай паштовай карткі, ліста ці бандэролі масай да 20 грамаў каштуе 1 рубель і 4 капейкі (было 86 капеек). Даплата за кожныя наступныя 20 грамаў складае 8 капеек.
Пераказ грошай — запатрабаваная паслуга ў беларусаў. У лістападзе 2025 году польскія ўлады паведамілі, што 29% беларусаў, якія жывуць і працуюць у Польшчы, працягваюць дсылаць грошы на радзіму. Лічба зьменшылася, бо ў 2024-м такіх было 33%. Часьцей за ўсё — раз на 2-3 месяцы.
Палова пераказаў не перавышала 1 тысячы злотых. Згодна з тагачасным курсам, гэта складала 935 беларускіх рублёў. Аднак якімі службамі карыстаюцца беларусы для пераказу грошай польскія ўлады не паведамлялі.
Форум