Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць беларускіх банкаў утрая павысілі камісію за прыём расейскіх рублёў у гатоўцы

Расейскія рублі
Расейскія рублі

Беларускія банкі ў чэрвені ўвялі камісіі за прыём расейскай валюты ў гатоўцы, аднак стаўкі падаліся ім малымі. Цяпер банкіры падвышаюць іх.

З 15 ліпеня аб падвышэньні камісіі адразу ўтрая паведаміў «СберБанк».

Мова пра папаўненьне гатоўкай бягучых і разьліковых банкаўскіх рахункаў фізычных асобаў-нерэзыдэнтаў у расейскіх рублях. Цяпер гэтая апэрацыя абыдзецца ім у 15% ад сумы папаўненьня. Да гэтага часу стаўка складала 5%.

Падвышаная стаўка будзе аўтаматычна прымяняцца да ўсіх новых дамоваў. Для кліентаў, якія падпісалі такія дамовы да 14 ліпеня ўключна, яна набудзе моц з 15 жніўня. А для фізычных асобаў-нерэзыдэнтаў, якія адкрылі рахункі ў расейскіх рублях яшчэ раней — да 23 чэрвеня, па 14 жніўня будзе прымяняцца паніжаная стаўка за залічэньне гатоўкі — у памеры 5%.

Асноўная прычына, чаму беларускія банкі так моцна падвысілі стаўкі, — лішак расейскіх рублёў у гатоўцы і высокія выдаткі на іх захоўваньне і перавозку.

Падобныя камісіі ўвялі і іншыя беларускія банкі. Памер стаўкі вагаецца ад 5% да 15%.

Якія яшчэ банкі ўвялі камісіі?

З 14 ліпеня такую аплату ўвёў «Альфа Банк». Вынятак зрабілі пры прыёме грошай ад кліентаў, якіх абслугоўваюць у банку ў межах зарплатнага праекту. Ня будуць спаганяць платы пры прыёме расейскіх рублёў для пераказу на рахунак па ўліку ўкладу (дэпазыту), адкрытага ў банку, у час аднаго апэрацыйнага дня.

Банк ВТБ-Беларусь з 10 жніўня ў тры разы павысіць камісію за папаўненьне гатоўкай рахункаў фізычных асобаў-нерэзыдэнтаў у расейскіх рублях. Памер стаўкі складзе 15%.

Такую самую стаўку ўвялі ў сваіх апэрацыях і іншыя банкі — Тэхнабанк і МТбанк. Адсотак бярэцца ад сумы залічэньня.

Чаму гэта адбываецца?

У першай палове 2026 годзе расейскія грамадзяне і расейскі бізнэс кінуліся здымаць грошы з банкаў. Аб’ём гатоўкі ў абарачэньні павялічыўся на 17,2 мільярда даляраў — гэта другі па велічыні паказьнік пасьля пандэмічнага 2020 году, калі рост склаў 18,6 мільярда даляраў.

Інфраструктура лічбавых плацяжоў у Расеі дае збоі, а кантроль за банкаўскімі апэрацыямі моцна ўзмацніўся. Акрамя таго, банкаўскія дэпазыты сталі менш прывабнымі — цэнтральны банк РФ пачаў зьмякчаць грашова-крэдытную палітыку, сярэдняя максымальная працэнтная стаўка па рублёвых дэпазытах у дзесяці найбуйнейшых банках зьнізілася з 15% у студзені да 12,97% у пачатку чэрвеня. Такім чынам, зьнік яшчэ адзін стымул захоўваць грошы ў банку, і некаторыя ўкладнікі перайшлі на ашчаджэньні ў гатоўцы.

Расея працягвае вайну ва Ўкраіне і нават афіцыйныя СМІ пацьвярджаюць, што эканоміка краіны хістаецца праз адчувальныя праблемы.

Паводле зьвестак цэнтральнага банку, аб’ём гатоўкі, якая захоўваецца па-за банкамі, вырас на 17,5% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году і перавысіў 19 трыльёнаў рублёў (243,14 мільярда далараў ЗША) з пачатку году, пісала агенцтва Reuters.

Гэта стала ціскам на банкаўскую сыстэму, якая абапіраецца на дэпазыты для фінансаваньня. Дэфіцыт ліквіднасьці, які павялічваўся, у чэрвені дасягнуў 2 трыльёнаў рублёў, паказалі зьвесткі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG