Як удалося высьветліць расьсьледніцкаму праекту «Система», жонка кіраўніка расейскага «Сбербанка» Яна Грэф для афармленьня сваіх картаў у гэтым банку выкарыстала «фантом» — імя «Павлов Владимир Васильевич», паведаміў тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ».
Расьсьледніцкі праект «Система» даведаўся, што Ўладзімір Паўлаў — гэта рэальны чалавек. Яму 43 гады і ён відавочна блізкі да сям’і Грэфа.
Тэлефон Паўлава ў чужых нататніках фігуруе як «Греф Герман Оскарович», «Владимир Греф», «Яна Греф Архангельское», «Володя Архангельское» і «Охр Архангельское Володя». У пасёлку Архангельскае недалёка ад Рублёўскай шашы пад Масквой знаходзіцца рэзыдэнцыя Грэфа.
Той жа нумар выкарыстоўвалі для дастаўкі тавараў у Архангельскае. Ад імя карыстальніка «Мария Греф» (гэтак жа завуць адну з дачок кіраўніка «Сбербанка») у Архангельскае заказвалі біядабаўкі, а сам Паўлаў фігуруе як пакупнік спрэю супраць грыбка пазногцяў і акумулятара для аўтамабіля Tesla (Грэф мае такі). Дастаўку ў Архангельскае замаўляла і Яна Грэф — як правіла з прэміяльных крамаў адзеньня. Пры гэтым пазначаны ў замовах Грэфавай жонкі адрас электроннай пошты таксама выкарыстоўвалі для даставак на імя Паўлава.
У 2021-м у якасьці месца працы Ўладзімір Паўлаў пазначаў «Сбербанк» — гэта вынікае з ковід-пропуску на машыну, уладальнікам і страхаўніком якой лічыўся сам Грэф.
У пропуску пазначаны і пашпарт Паўлава — беларускі. Паўлаў нарадзіўся ў вёсцы ў Магілёўскай вобласьці і да пераезду ў Расею працаваў грузчыкам на абласной птушкафабрыцы.
Хто такі Герман Грэф
Герман Грэф — адзін з набліжаных да Пуціна банкіраў. Зь ім Пуцін афіцыйна сустракаецца па некалькі разоў на год, каб абмеркаваць стан расейскай эканомікі.
Ён вядомы расейскі дзяржаўны дзяяч, эканаміст, які з 2007 году займае пасаду прэзыдэнта і старшыні праўленьня расейскага «Сбербанка», найбуйнейшага банку ў краіне.
Раней Грэф працаваў у расейскім урадзе і быў адным з ключавых рэфарматараў расейскай эканомікі. З 2000 па 2007 год займаў пасаду міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі.
Яго ўважалі за аднаго з галоўных «лібэральных рэфарматараў» у камандзе Ўладзіміра Пуціна, ён прасоўваў падатковую рэформу і ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.
За сваю блізкасьць да расейскага кіраўніцтва і пасаду ў буйным дзяржаўным банку пасьля 2022 году Грэф трапіў у санкцыйныя сьпісы ЗША, Эўразьвязу і іншыя.
Сёлета Герман Грэф на штогадовым сходзе акцыянэраў «Сбербанка» сказаў, што, на ягоную думку, цяпер хвалюе расейцаў больш за ўсё:
«Думаю, нас усіх хвалюе адно і тое ж. Я ня думаю, што ёсьць у краіне чалавек, у якога ёсьць нейкія іншыя хваляваньні, акрамя хутчэйшага завяршэньня ваенных дзеяньняў, гэта відавочна».