Ігар Ільяш другі раз сустракае дзень народзінаў за кратамі, ён ня траціць вытрымкі, але мае праблемы здароўя

Ігар Ільяш, архіўнае фота

Палітвязень, журналіст Ігар Ільяш 18 ліпеня мае дзень народзінаў — яму спаўняецца 38 гадоў. Ён ужо другі раз сустракае дзень народзінаў у няволі.

Ігара Ільяша трымаюць у бабруйскай калёніі № 2 з канца 2025 году. Што вядома пра ўмовы ўтрыманьня і здароўе палітвязьня?

Жонка Ігара Ільяша журналістка Кацярына Андрэева расказала Свабодзе, што ня мае зь ім ліставаньня і званкоў, але кантактуе з крыніцамі, якія лічыць дасьведчанымі ў справах мужа. Паводле гэтых крыніцаў, пасьля адпраўкі ў калёнію ў Ігара Ільяша пагоршылася здароўе.

«Ён агулам ужо адбыў у ШЫЗА (штрафным ізалятары. — РС) каля 60 дзён. Ад пачатку, як трапіў у калёнію, у карантыне, меў двойчы ШЫЗА па 15 дзён, і потым яшчэ адпраўлялі ў ШЫЗА як меней двойчы. А ў бабруйскай калёніі, як мне расказалі, камэры ШЫЗА малыя, і яны ў паўпадвальным памяшканьні. То бок там вялікая вільготнасьць, а для руху па камэры месца мала. Па выхадзе з ШЫЗА Ігар адразу пачаў скардзіцца на ацёкі: у яго была ацёчнасьць ног і рук. А пасьля ШЫЗА яго адпавілі на працу, на перапрацоўку гумы, прыкладам, шынаў. І гэта таксама вельмі кепска адбілася на здароўі — пачаў адчуваць недахоп каардынацыі руху, асабліва правай рукі. А калі ён апошні раз выйшаў з ШЫЗА, то бачылі, што ён кульгае. Ну і дадайце сюды тое, што праз ШЫЗА рэзка пагоршыўся зрок», — расказала Кацярына Андрэева.

Яшчэ адным дрэнным наступствам для здароўя Ігара Ільяша яна назвала тое, што ён моцна схуднеў.

Кацярына тлумачыць гэта «мізэрным харчаваньнем у калёніі» і тым, што Ігар, як прызнаны «экстрэмістам», можа купляць харчы ў турэмнай краме толькі на 2 базавыя велічыні і толькі тады, калі не знаходзіцца ў ШЫЗА.

Таксама Ігар пазбаўлены прадуктовых перадач з волі, адзначыла Кацярына Андрэева.

Што тычыцца маральнага стану мужа, тут Кацярына Андрэева непакоіцца менш.

«Ягонае здароўе — гэта тое, што мне баліць увесь час, а з астатнім, ведаю, ён дасьць рады. Маральны стан у яго добры. Ён шмат чытае кніг, у тым ліку знаходзіць сваю любімую гістарычную літаратуру. Ведаю, што паход у бібліятэку для яго важнейшы за паход у турэмную краму», — расказала Кацярына Андрэева пра свайго мужа Ігара Ільяша.

Сёлета 19 сакавіка Лукашэнка памілаваў 250 палітвязьняў, 15 зь якіх, у тым ліку журналістка Кацярына Андрэева, былі вывезеныя ў Літву. Вызваленьне стала магчымым пасьля перамоваў, якія правёў у Менску Джон Коўл, спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Кацярына Андрэева спадзяецца, што ў выніку падобных перамоваў выйдзе на волю і яе муж Ігар, а таксама іншыя зьняволеныя журналісты і ўсе беларускія палітвязьні.

«Ня толькі мой Ігар, а ўсе палітвязьні ўва ўсіх калёніях чакаюць новага кола перамоваў і таго, што яшчэ больш чалавек выйдуць на волю. Ігар ня траціць аптымізму, ён верыць, што гэта хутка скончыцца. Мяркую, яму таксама дапамагае тое, што мы разам у думках штодня, што я яго чакаю. Гэта дадае яму сілаў, як мне дадавала сілаў думка пра тое, што ён мяне падтрымлівае і чакае», — сказала Свабодзе жонка Ігара Ільяша, былая палітзьняволеная Кацярына Андрэева.

Што важна ведаць пра суд над Ігарам Ільяшом

  • Журналіста Ігара Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 году і абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361-4 КК).
  • Працэс над Ігарам Ільяшом пачаўся 21 лютага ў Менскім гарадзкім судзе, працэс вёў судзьдзя Сяргей Кацэр. У сакавіку суд аб’явіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы і накіраваў публікацыі журналіста на псыхалінгвістычную экспэртызу.
  • Пры гэтым суд адхіліў хадайніцтва Ільяша аб тым, каб экспэртыза праводзілася ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў, і прызначыў экспэртам доктара філялягічных навук, загадчыка катэдры філфаку БДУ Сяргея Лебядзінскага.
  • 5 верасьня 2025 году Менскі гарадзкі суд прызначыў палітвязьню чатыры гады пазбаўленьня волі.
  • 14 лістапада 2025 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу на прысуд Ігару Ільяшу. Судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Ігара Любавіцкага адхіліла скаргу і пакінула ў сіле рашэньне першай судовай інстанцыі.
  • 5 сьнежня 2025 году журналіст Ігар Ільяш быў унесены ў пералік «грамадзян, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вярнуцца ў Беларусь маральна здаровымі». Журналістка Кацярына Андрэева сустрэлася зь беларусамі Вільні

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На волю выйшла журналістка Кацярына Андрэева, яе муж Ігар Ільяш застаецца за кратамі