У нядзелю, 12 ліпеня, на гары Матэргорн у Швайцарыі загінулі два альпіністы — 32‑гадовы ізраільцянін Алам Фарэс і грамадзянін Беларусі. Пра гэта паведамілі швайцарскія СМІ і ізраільскае выданьне Ynet, якое паразмаўляла са сваякамі загіблага ізраільцяніна.
Паводле швайцарскай пракуратуры кантону Вале, здарэньне адбылося каля 11‑й гадзіны раніцы на вышыні прыкладна 4030 мэтраў у час спуску зь вяршыні.
Пра беларускага напарніка свайго пляменьніка расказаў дзядзька Алама Фарэса. Дасягнуўшы вяршыні, Алам паведаміў, што ўсё добра, і пачаў спуск. Аднак празь некалькі гадзін сувязь зь ім зьнікла. Сьведкі на месцы паведамілі, што бачылі, як два чалавекі ўпалі ў выніку каменяпаду.
Ратавальную апэрацыю з выкарыстаньнем верталётаў вялі каля чатырох гадзін. Пасьля дзьвюх гадзін пошукаў знайшлі два целы, якія адпавядалі апісаньню альпіністаў.
Паводле сям'і, на целе беларускага альпініста знайшлі пашпарт, што дазволіла вызначыць ягонае грамадзянства, аднак імя ахвяры трагічнага здарэньня ў Альпах пакуль публічна не называюць.
Тым часам Міністэрства замежных спраў Беларусі пацьвердзіла гэты выпадак і гібель беларускага грамадзяніна. Пры гэтым МЗС пакуль ніяк не камэнтуе абставінаў здарэньня і не называе асобы загіблага.
Швайцарская пракуратура ўжо займаецца расьсьледаваньнем, каб высьветліць усе абставіны здарэньня.
Швайцарскае нямецкамоўнае выданьне Blick таксама падае інфармацыю пра тое, што трагічны зрыў з гары ў альпіністаў адбыўся на вышыні каля 4030 мэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чалавечы затор ля вяршыні Эвэрэсту прывёў да ахвяраў. ФатафактРанейшыя трагедыі зь беларускімі альпіністамі
Цяперашні выпадак, на жаль, не адзіны за апошнія гады зь беларускімі горнымі турыстамі.
14 жніўня 2019 году на гары Тэтнульды ў Грузіі загінулі дзьве беларускія турысткі, а трэцяя атрымала чэрапна-мазгвыя траўмы.
На той самай вяршыні Матэргорн у Альпах на мяжы Швайцарыі з Італіяй 20 жніўня 2019 году загінула 33-гадовая Кацярына Кліманская. Ні пра якую непадрыхтаванасьць гаварыць не выпадала — беларуска была добра падрыхтаваная да ўзыходжаньняў і ў добрай спартовай форме. Яна ішла з дасьведчаным сябрам-альпіністам з Украіны, які не пацярпеў. Кацярына раптоўна ўпала, сказаўшы перад гэтым сябру, што зьнясілілася, і неўзабаве памерла.
1 траўня 2024 году ўжо на іншай альпійскай вяршыні — Зёнціс — загінуў 32-гадовы беларус, які жыў у Нямеччыне і любіў горы. Ён заблукаў, а затым пасьлізнуўся на сьнезе і ўпаў у прорву глыбінёй больш як 100 мэтраў. Пазьней пракуратура паведаміла, што мужчына меў недастатковы для такіх гораў рыштунак.
Гінулі беларусы ў папярэднія гады й ў іншых горных рэгіёнах. 20 верасьня 2019 году 62-гадовы беларускі альпініст загінуў на Эльбрусе. Пошукі цела працягваліся амаль чатыры дні, іх істотна ўскладніла тое, што беларус не зарэгістраваўся ў ратавальнай службе перад узыходжаньнем.
А 3 верасьня 2025 году таксама на Эльбрусе зьнікла сувязь з 26-гадовым Іванам Сукачом. Ён таксама не зарэгістраваў свайго паходу ў ратаўнікоў, і тым было цяжка знайсьці цела. У выніку мёртвага беларуса знайшлі ў раёне вадаспаду на вышыні 2,8 тысяч мэтраў.