У Швайцарыі на ледавіку каля знакамітай гары Матэрхорн знайшлі цела нямецкага альпініста, які прапаў бязь вестак у 1986 годзе. Пра гэта паведаміла паліцыя кантону Вале, піша ВВС.
Цела знайшлі альпіністы. Яны заўважылі турыстычны чаравік, які тырчаў зь лёду. Аналіз ДНК паказаў, што гэта цела нямецкага альпініста, які прапаў бязь вестак 37 гадоў таму. Шырокая пошукава-выратавальная апэрацыя таго часу не змагла знайсьці яго сьлядоў.
Паліцыя не назвала імя альпініста, але паведаміла, што яму было 38 гадоў, калі ён прапаў бязь вестак падчас паходу.
Амаль кожнае лета з-за раставаньня леднікоў альпіністы знаходзяць тое, што дзесяцігодзьдзямі лічылася страчаным. Летась над Алецкім ледавіком знайшлі абломкі самалёту, які разьбіўся ў 1968 годзе.
Летась лёд растаў настолькі, што нават зьмянілася мяжа паміж Швайцарыяй і Італіяй. Першапачаткова мяжа ўсталёўвалася па водападзеле — месцы выцяканьня талых вод у тую ці іншую краіну. Зьмяншэньне ледавіка азначала, што водападзел зрушыўся. Знакаміты італьянскі горны домік Rifugio Guide del Cervino цяпер тэхнічна знаходзіцца ў Швайцарыі. Урады краін вядуць перамовы пра мяжу ў гэтым месцы.