13 ліпеня брэнд LSTR заявіў, што спыняе сваю працу. На сайце LSTR зьмешчана аб'ява, што крама «часова не працуе». LSTR вырабляў адзеньне ў нацыянальным стылі і з нацыянальнымі прынтамі, у краме прадаваліся лідзкія кеды і сувэніры. Брэнд пачаў працу ў 2011 годзе.
Таксама нядаўна стала вядома пра закрыцьцё этнакрамы Ragna і брэнду адзеньня Honar, які вырабляў вышыванкі і аксэсуары з нацыянальным арнамэнтам.
З 2020 году пасьля частых візытаў дзяржаўных органаў мусілі закрыцца ці зазналі сур’ёзныя цяжкасьці ў далейшай працы крамы «Князь Вітаўт», Symbal.by, «Росквіт», Vokladki, БЧБ.бел, «Адметнасьць», «Цудоўная крама», «Хамелеон» і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У іхных рэчах былі і нацыянальны пасыл, і ідэя, і душа». Што кажуць беларусы пра закрыцьцё LSTR«Чарговы крок у русыфікацыі Беларусі»
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі назваў гэта «чарговым крокам у русыфікацыі Беларусі»:
«Гэта сумныя і трывожныя зьвесткі, якія паказваюць, што наступ на беларускую культуру працягваецца ўва ўсіх праявах. Гэтым разам чарга дайшла да нацыянальнага адзеньня і сымболікі. У гэты ж час працягваюць зьнішчаць беларускія кнігарні і выдавецтвы, беларускія кніжкі пастаянна ўносяць у „экстрэмісцкія“ сьпісы — яны фактычна забароненыя на тэрыторыі Беларусі. Цяпер справа дайшла да адзеньня і прыкладнога мастацтва.
Гэта чарговы крок у русыфікацыі Беларусі, які праводзіцца рукамі беларускіх уладаў. Вядома, гэта праграма зьнішчэньня ўсяго беларускага, якая працягваецца больш за 200 гадоў. Так рэжым паказвае сваю несамастойнасьць і поўную залежнасьць ад імпэрскіх наратываў як у галіне прыкладнога мастацтва, так і ўсяго, што зьвязана з візуалізацыяй беларускай культуры. У такіх умовах варта супраціўляцца гэтаму і бараніць сваё ўсімі магчымымі формамі».