У Расеі гараць яшчэ два НПЗ, адзін зь іх за 1,5 тысячы кілямэтраў ад Украіны

Пажар на НПЗ «Газпром нефтехим Салават», Башкартастан. 14 ліпеня 2026 году

Улады Расеі паведамілі пра пажары пасьля атак бесьпілётнікаў па нафтаперапрацоўчых заводах у Башкартастане і на Кубані.

Удар па нафтаперапрацоўчых заводах у Расеі

Пра пажар у Краснадарскім краі Расеі паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Telegram-канал ASTRA піша, што ў Афіпскім раёне на Кубані, дзе знаходзіцца рэзэрвуарны парк нафтаперапрацоўчага заводу (НПЗ), пачаўся пажар. Апэратыўны штаб Краснадарскага краю пацьвердзіў паведамленьні Telegram-каналаў пра пажар на Афіпскім НПЗ.

Аналіз выданьня ASTRA таксама паказвае, што ў Башкартастане быў атакаваны і палае адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных комплексаў Расеі — ТАА «Газпром нефтехим Салават». Паводле адкрытых зьвестак, гэта адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных комплексаў Расеі, які ўваходзіць у групу «Газпром».

Таксама пасьля атакі ў Салаваце, падобна, гарыць яшчэ адно прадпрыемства — нафтабаза «Роснефть-Опт». Кіраўнік Башкартастану Радзій Хабіраў пацьвердзіў атаку БПЛА на прамысловую зону Салавату і заявіў, што ахвяраў няма. Паводле яго, ёсьць шэраг асяродкаў задымленьня. Горад Салават знаходзіцца больш чым за 1500 км ад мяжы з Украінай.

Расея атакавала Адэсу

У Адэскай вобласьці ў выніку расейскага нападу пашкоджаная цывільная і прамысловая інфраструктура, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер.

Паводле яго, на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў расейскія бесьпілётнікі пашкодзілі будынкі аўтарамонтных майстэрняў, гаспадарчую пабудову і бэнзавоз. Таксама пашкоджаныя 11 грузавікоў і 1 легкавы аўтамабіль. Ратаўнікі патушылі пажар. На іншым прадпрыемстве загарэліся цыстэрны з сланечнікавым алеем.

  • Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі называюць гэтыя ўдары ваеннымі злачынствамі і заяўляюць пра іх мэтанакіраваны характар. Расея гэтыя абвінавачаньні адмаўляе і сьцьвярджае, што не наносіць наўмысных удараў па цывільных аб’ектах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Bloomberg: з-за ўкраінскіх удараў нафтаперапрацоўка ў Расеі ўпала да мінімуму з 2005 году