Украіна атакавала НПЗ у Самарскай вобласьці, Расея ўдарыла па гарадах Украіны

Пажар НПЗ у Сызрані ў Расеі

Уначы расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 13 ракетамі і 115 беспілётнікамі.

Удар па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Расеі

У ноч на 12 ліпеня ўкраінскія бесьпілётнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у горадзе Сызрань Самарскай вобласьці Расеі. Губэрнатар вобласьці Вячаслаў Фядорысьцеў паведаміў пра пашкоджаньні прамысловага прадпрыемства і жылых дамоў. Паводле яго, адзін чалавек загінуў, яшчэ трое, у тым ліку дзіця, атрымалі раненьні.

Паводле расейскіх маніторынгавых каналаў і выданьня ASTRA, на тэрыторыі Сызранскага НПЗ узьнік пажар. Завод уваходзіць у структуру «Раснафты» і раней ужо быў мішэньню ўкраінскіх удараў.

Украінскія атакі ў Азоўскім моры і Растоўскай вобласьці Расеі

Таксама ўкраінскія дроны пашкодзілі танкер у Азоўскім моры каля Азова-Чарнаморскага марскога каналу. Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юры Слюсарь паведаміў пра атакі на Таганрог і іншыя раёны вобласьці. Расейскае Міністэрства абароны заявіла, што за ноч расейская СПА зьнішчыла 349 украінскіх бесьпілётнікаў.

Расея атакавала гарады Ўкраіны

Наступствы расейскай атакі на Хэрсон

Уначы расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 13 ракетамі і 115 беспілётнікамі. У выніку ўдараў загінулі людзі ў Крывым Рогу, Хэрсоне і Дніпрапятроўскай вобласьці. У Крывым Рогу расейскі ўдар па прамысловым прадпрыемстве забіў двух чалавек. У Хэрсоне загінуў адзін чалавек, яшчэ трое былі параненыя.

  • Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і грамадзянскую інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі і іншымі відамі ўзбраеньняў.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі называюць гэтыя ўдары ваеннымі злачынствамі і заяўляюць пра іх мэтанакіраваны характар. Расея гэтыя абвінавачаньні адмаўляе і сьцьвярджае, што не наносіць наўмысных удараў па цывільных аб’ектах.