У правінцыі Альмэрыя на поўдні Гішпаніі ідуць беспрэцэдэнтныя лясныя пажары, у выніку якіх загінулі 12 чалавек.
Як паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на Агенцтва надзвычайных сытуацыяў Андалюсіі (паўднёвы рэгіён Гішпаніі), у тушэньні бяруць удзел 150 пажарнікаў.
Міністар аховы здароўя Антоніё Санс назваў пажар «найбольш разбуральным на сёньняшні дзень у рэгіёне» і ахарактарызаваў сытуацыю як «беспрэцэдэнтную трагедыю».
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Праз сьпёку ў траўні і чэрвені ў Заходняй Эўропе засуха ахапіла велізарныя тэрыторыі, што зрабіла іх асабліва ўразьлівымі да лясных пажараў.
Дасьледнікі адзначаюць, што сёлетняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.
Асноўныя прычыны гэтага, паводле навукоўцаў: глябальнае пацяпленьне праз спальваньне выкапнёвага паліва; перасушаныя глебы, якія ўзмацняюць награваньне паветра; зьмены ў атмасфэрнай цыркуляцыі, якія «завешваюць» гарачае паветра над Эўропай; памяншэньне воблачнасьці і ахаладжальнага эфэкту аэразоляў.
Паводле Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, сярэдняя тэмпэратура ў Эўропе падымаецца ўдвая хутчэй за сярэдні паказьнік у сьвеце, што робіць працяглыя пэрыяды сьпёкі ўсё больш імавернымі.
Небясьпека цяпер ідзе ня толькі ад максымальных тэмпэратураў, але і ад высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузкі мэдычных установаў і транспарту.
Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.