Пінчук Сяргей Маўшук і ягоная жонка Алена, якія жывуць у Літве, зьвярнуліся па дапамогу да беларусаў. Найбольш сям’я былых палітвязьняў разьлічвае на спачуваньне такіх, як і яны, уцекачоў, якія апынуліся ў эміграцыі ў выніку падзеяў 2020 году. Былыя палітвязьні плянуюць патраціць сабраныя грошы на лячэньне і на падрыхтоўку да прыезду малодшай дачкі, якая пакуль жыве ў Беларусі, але хоча ўзьяднацца з бацькамі.
Будаўнік зь Пінску Сяргей Маўшук 19 сакавіка быў вывезены ў Літву ў складзе групы з 15 беларускіх палітвязьняў, якіх улады краіны вызвалілі ў выніку візыту ў Менск Джона Коўла, спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША.
На той момант жонка Сяргея Алена Маўшук, таксама былая палітычная зьняволеная, ужо год як жыла ў Вільні, куды прыехала пасьля памілаваньня Лукашэнкам.
«У Вільні я ўпершыню за пяць гадоў абняў жонку. Мы нарэшце былі разам і пачалі паціху аднаўляцца. Як фізычна (асабліва цяжкімі выявіліся праблемы з зубамі), так і маральна (першы час мяне жудасна мучыла бяссоньніца)», — напісаў Сяргей пра сябе ў звароце, апублікаваным Bysol.org.
На лячэньне зубоў Сяргею спатрэбіцца 1 тысяча эўра. Астатнія з агульнай сумы збору ў 2800 эўра сям’я Маўшукоў плянуе патраціць на арэнду жыльля, прыдатнага для жыхарства зь дзіцём. Маўшукі плянуюць, што ўлетку да іх прыедзе дачка, самая малодшая ў сям’і.
«Цяпер жывем у адпапакаёўцы, але як прыедзе дачка, а ёй 11 гадоў, дык будзе патрэбны яшчэ пакой, таму шукаем новае жытло. Яшчэ дзіцяці спатрэбяцца рэчы, падручнікі, прылады, бо ў верасьні зьбіраемся павесьці яе ў школу, таму сума вырасла», — падзяліўся плянамі Сяргей Маўшук.
Больш падрабязна пра дзяцей ён расказваць ня стаў, спаслаўшыся на асабістыя прычыны.
«Трое — зусім дарослыя людзі, яны вырашылі жыць у Беларусі. Гэтак вырашыла і дачка Алены, якой 16 гадоў. Сумна, але гэта іх права, мы яго паважаем», — сказаў Сяргей.
Сяргей Маўшук таксама дадаў, што жонка Алена марыць мець з усімі дзецьмі добрыя адносіны.
«Яна перажывае за ўсіх, марыць, што калі вернемся, усё лепшае адновіцца, але пакуль мы тут, а яны там, гэта ўсё складана», — прызнаўся Сяргей.
У Вільню Сяргей прыехаў зусім без дакумэнтаў, але ўжо пасьпеў атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве, з чаго вельмі цешыцца.
«З 1 ліпеня ўжо маю ДНЖ, а значыць, змагу легальна працаваць. Шукаю сталую працу. Пляную класьці плітку. Гэта справа, якой я добра авалодаў у Пінску, мне яна падабаецца, тут ёсьць на гэта попыт, не згублюся», — з упэўненасьцю ў голасе кажа Сяргей Маўшук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Алена Маўшук: Умовай майго вызваленьня з калёніі быў выезд зь БеларусіПаводле Сяргея, жончыны справы таксама ідуць угору.
«Яна ўжо не працуе прыбіральніцай, а лічыцца індывідуальным працаўніком — даглядае старых людзей, дапамагае ім у пабытовых справах, прыбірае ў іх дома. Яе ўзялі з выпрабаваўчым тэрмінам тры месяцы, вельмі стараецца, і ў яе ўсё атрымаецца», — перакананы Сяргей у працоўных посьпехах жонкі.
Сяргей вельмі задаволены Вільняй, дзе апынуўся ўпершыню ў жыцьці.
«Даю гораду 10 балаў з 10. Калі б можна было тут застацца назаўсёды, дык не зьяжджаў бы, пакуль на радзіме сытуацыя не выправіцца. Эўрапейскі горад. А яшчэ важна, што ніхто нічога не прымушае, не пільнуе кожны крок. Пачаў тут відэа на вуліцах здымаць, розныя падзеі — вось аварыю нядаўна зьняў. Была паліцыя, але ніхто не замінаў, слова не сказалі. А дома здымаць на вуліцы ўвогуле баяўся», — расказаў Сяргей.
За ўдзел у пратэстах у Пінску супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў Сяргея Маўшука асудзілі на 6,5 году зьняволеньня, ягонай жонцы Алене, якую прызналі вінаватай у тым, што кідала палкі ў міліцыянтаў, прысудзілі 6 гадоў няволі. Абаіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.
Паводле Сяргея Маўшука, пасьля затрыманьня ў сьнежні 2020 году яго моцна білі. У горадзенскай турме, дзе Сяргей адбываў пакараньне з 2024 году, зь ягоных словаў, не хапала вітамінаў і нармальнай ежы.
На праблемы са здароўем скардзіцца і Алена Маўшук, паведаміў яе муж Сяргей.
«У Пінску міліцыянты зь яе зьдзекаваліся і моцна білі, асабліва балюча — па нагах. Цяпер нага баліць, патрэбная апэрацыя», — сказаў Сяргей Маўшук у размове з Свабодай.