Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяльны прадстаўнік Трампа Коўл пагутарыў зь Ціханоўскай пра «намаганьні ЗША ў Беларусі»

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску. 19 сакавіка 2026 году
Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску. 19 сакавіка 2026 году

Джон Коўл апошнім часам наведвае Менск для перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, пасьля якіх у Беларусі вызваляюць палітычных вязьняў.

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл паведаміў у Х, што 13 траўня меў «добрую размову» зь Сьвятланай Ціханоўскай:

«Я падзякаваў ёй за нязьменную падтрымку намаганьняў ЗША ў Беларусі».

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла пра тэлефонную размову з Джонам Коўлам і Крысам Сьмітам:

«Вельмі ўдзячная за сёньняшнюю тэлефонную размову з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта Злучаных Штатаў Джонам Коўлам і намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Крысам Сьмітам.

Я выказала шчырую падзяку прэзыдэнту і яго камандзе за дапамогу ў вызваленьні больш за 500 палітычных зьняволеных у Беларусі.

Прэзыдэнт Трамп заявіў, што мэта — вызваліць іх усіх, і я ўпэўненая ў посьпеху гуманітарных намаганьняў у гэтым кірунку».

Дыпляматычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі, які прысутнічаў пры тэлефоннай размове, паведаміў Свабодзе, што гутарка была вельмі зьмястоўнай:

«Мы ўдзячныя адміністрацыі ЗША за вызваленьне палітвязьняў і за тое, што знаходзімся ў сталай камунікацыі з нашымі партнэрамі: і пасьля майго візыту ў Вашынгтон месяц таму, і зараз, падчас размовы. Праца для вызваленьня палітвязьняў працягваецца. Як адзначыў нядаўна прэзыдэнт Трамп, задача — вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі».

Джон Коўл апошнім часам наведвае Менск для перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, пасьля якіх у Беларусі вызваляюць палітычных вязьняў.

Джон Коўл заявіў 28 красавіка, што разьлічвае дамагчыся наступнага вызваленьня вязьняў у Беларусі на працягу траўня. Паводле яго, у выпадку такога разьвіцьця падзеяў магчымае далейшае зьмякчэньне санкцыяў у дачыненьні да Менску, паведамляе Reuters.

Заява прагучала пасьля вызваленьня польска-беларускага журналіста і актывіста Анджэя Пачобута ў рамках абмену зьняволенымі на мяжы з Польшчай. Навіна была сустрэтая зь вялікай радасьцю ў Варшаве, дзе вызваленьне Пачобута доўгі час лічылася адным з прыярытэтаў польскіх уладаў, азначае агенцтва Reuters.

Нядаўна прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаўся наконт нядаўняга абмену вязьняў на беларуска-польскай мяжы паводле формулы 5 на 5.

Трамп адзначыў, што выканаў просьбу прэзыдэнта Польшчы Караля Наўроцкага аб вызваленьні Анджэя Пачобута. У паведамленьні згадваўся і Аляксандар Лукашэнка, якому Дональд Трамп падзякаваў.

Абмен прайшоў 28 красавіка 2026 году. У межах абмену ў Польшчу вывезьлі зьняволенага журналіста і актывіста польскай нацыянальнай меншасьці Анджэя Пачобута, які адбыў у турме больш за 5 гадоў.

Захады Дональда Трампа для вызваленьня беларускіх палітвязьняў

5 верасьня 2025 году на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы аб вызваленьні часткі з 1400–1500 зьняволеных у Беларусі, большасьць якіх — палітвязьні.

Да таго Трамп называў лічбу 1300 зьняволеных і не ўжываў слова «палітычныя».

Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, назваўшы яго «паважаным чалавекам», «моцным лідэрам» і «моцнай асобай».

Гаворачы пра вызваленых і пра астатніх зьняволеных, Трамп ужыў слова «закладнікі».

Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня 2025 году Трамп апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Перад перамовамі з Пуціным на Алясцы Трамп пазваніў Лукашэнку.

Зь сярэдзіны 2024 году Беларусь вызваліла некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі зьмякчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Хоць пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства няспынна працягваецца па сёньня.

Каго вызвалілі раней

Гэта ня першае вызваленьне беларускіх палітвязьняў пры ўдзеле амэрыканскай дыпляматыі.

12 лютага 2025 году зь беларускіх турмаў вызвалілі журналіста Беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, амэрыканскага грамадзяніна, імя якога не называецца, і шматдзетную маці Алену Маўшук.

У красавіку 2025 году прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл наведваў Беларусь, вынікам чаго стала вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна, палітвязьня Юрася Зянковіча.

У выніку сустрэчы 21 чэрвеня пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Тады вызвалілі Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея, выкладчыцу Натальлю Дуліну, актывіста анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, уладальніцу беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіну Красьнянскую, фігуранта справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонава, бізнэсоўца Сяргея Шэлега.

11 верасьня 2025 году пасьля папярэдняй сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША вызвалілі 51 палітычнага вязьня, у тым ліку Ўладзімера Мацкевіча, аднаго зь вядомых інтэлектуалаў Беларусі; Міколу Дзядка — анархіста, журналіста; журналістку Ларысу Шчыракову; былога лідэра «Маладога фронту», сталяра Зьмітра Дашкевіча; лідэраў незалежных прафсаюзаў Генадзя Фядыніча і Аляксандра Ярашука ды іншых. Палітык Мікола Статкевіч тады адмовіўся выяжджаць за межы Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG