Выпадак Уладзімера Хільмановіча — адна з многіх вядомых і невядомых гісторыяў беларусаў, якіх дзяржава перасьледуе з палітычных прычын. Парадак канфіскацыі маёмасьці «за палітыку» ў цяперашняй Беларусі такі: на чалавека заводзяць крымінальную справу за тое, што ён выступіў супраць рэжыму Лукашэнкі, на судзе, акрамя тэрміну зьняволеньня, прызначаюць вялікі штраф або кампэнсацыю маральнай ці матэрыяльнай «шкоды пацярпелым». Калі асуджаны ня плаціць добраахвотна, у яго арыштоўваюць маёмасьць, якую пасьля прадаюць праз сайт арганізацыі «БелЮрЗабесьпячэньне». Там на забраныя ў людзей нерухомасьць і іншую маёмасьць глядзяць патэнцыйныя пакупнікі. Прадаюць сканфіскаванае ў «палітычных» звычайна на аўкцыёнах за зьніжаную цану. У выніку аўкцыёну публічна пішуць, колькі было прэтэндэнтаў і за якую суму прадалі сканфіскаваную рэч ці кватэру. А вось хто яе набыў — застаецца таямніцай. Грашыма ад продажу пагашаюць штраф або вызначаную на палітычным судовым працэсе шкоду.
У публічную прастору трапляюць ня ўсе выпадкі канфіскацыі жыльля ці маёмасьці, якую прысуджаюць за палітычныя перакананьні іх уласьніка. Часьцей становіцца вядома пра падобныя выпадкі ў беларусаў, якія пад пагрозай перасьледу пасьпелі выехаць за мяжу. Суды над імі праходзяць завочна, штрафы кампэнсуюць таксама бязь іхнай прысутнасьці. Прадаць сваё жытло ў Беларусі палітэмігрантам з-за мяжы стала складаней з 2023 году, калі Лукашэнка забараніў праводзіць апэрацыі з маёмасьцю без генэральнай даверанасьці, зробленай у Беларусі.
Актыўна распрадаваць нерухомасьць апанэнтаў Лукашэнкі пачалі ў 2023 годзе. Так з аўкцыёну прадалі кватэру Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх, дом і кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў, кватэру праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча, зямельны надзел з лазьняй Віктара Бабарыкі ў Лагойскім раёне, кватэру былога судзьдзі Аляксея Пацко, які адмовіўся выносіць палітычныя прысуды, нерухомасьць эканаміста Паўла Данэйкі.
Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія таксама пазбавіліся сваёй кватэры ў Менску, якую канфіскавалі ў даход дзяржавы
Прадавалі і маёмасьць людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі: лецішча Ніны Багінскай у Пухавіцкім раёне, кватэру берасьцейца Віталя Чопіка, які наведваў многія палітычныя суды, а цяпер сядзіць за гэта, гандлёвы цэнтар бізнэсоўца Ўладзімера Захарава ў Наваполацку, які сядзіць у тым ліку за палітыку. На аўкцыён выставілі нават кватэру ўжо памілаванага палітвязьня Віталя Цынкеля з Ваўкавыску.
Акрамя жытла, ішлі з малатка і іншыя рэчы: аўтамабіль, аптычны прыцэл, наручныя гадзіньнікі, калекцыя карцін і доля капіталу ў кампаніях Віктара Бабарыкі, а таксама некалькі аўтамабіляў яго сына Эдуарда.
Помста за працу
Лядоўня, тэлевізар, пральная машына, надзел зямлі, кватэра. Гэта сьпіс маёмасьці, якую дзяржава забрала ў горадзенскага праваабаронцы і журналіста Ўладзімера Хільмановіча. Гарадзенец страціў амаль увесь набытак, які нажыў за свае 59 гадоў. Месца, дзе вырасьлі ягоныя старэйшыя дзеці. Мары пра лецішча на беразе Нёмана. Калекцыі рэдкіх кніг і газэт, якія зьбіраў цягам усяго жыцьця.
«Я не лічу, што гэта бяда, — адразу зазначае Ўладзімер. — Самае каштоўнае — гэта людзі, іх здароўе і жыцьцё. Маёмасьць можна нажыць».
Уладзімер Хільмановіч пачаў супрацу з праваабарончым цэнтрам «Вясна» у 2002 годзе, з «Радыё Рацыя» — у 2008. У 1990-х быў навуковым супрацоўнікам Музэю гісторыі рэлігіі ў Горадні і аддзелу культуры Горадзенскага гарвыканкаму; працаваў на Горадзенскай абласной тэлевізіі.
Уладзімер Хільмановіч (у цэнтры) падчас акцыі ў падтрымку зьняволенага кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага. 10 сьнежня 2012 году
Хільмановіч мяркуе, што канфіскацыя — гэта помста за ўсю ягоную прафэсійную праваабарончую і публіцыстычную дзейнасьць. Асабліва за дапамогу людзям кансультацыямі ў 2020-м, крытычныя артыкулы пра дзяржаўны перасьлед мірных грамадзянаў. Ён кажа, што даслаў з тузін скаргаў, каб даведацца дэталі сваёй справы, але або атрымліваў адпіскі, або адказу зусім не было.
«Ведаю, што ў справе фігуравалі два мае публіцыстычныя артыкулы», — адзначае суразмоўца.
Афіцыйна зачэпкай для канфіскацыі жытла Хільмановіча стала крымінальная справа, якую на Ўладзімера завялі ў Беларусі ў 2023 годзе нібыта за дачыненьне да «экстрэмісцкага фармаваньня» і «экстрэмісцкай дзейнасьці».
Сам ён ня ведае, пра які менавіта «экстрэмізм» вядзецца. Запэўнівае, што не парушаў ніводнага артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі. Амаль два гады таму Хільмановіча завочна асудзілі ў Горадні на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 40 тысяч рублёў. Каб пагасіць гэты штраф, у яго і арыштавалі маёмасьць.
Пра арышт жытла Ўладзімер даведаўся ад сьледчай, якая вяла ягоную справу, а потым ад выканаўцы з аддзелу прымусовага выкананьня, зь якімі ён кантактаваў онлайн.
«Сыстэме важна чым больш людзей залучыць у такія рэпрэсіі», — кажа праваабаронца і пералічвае імёны і пасады людзей, якія мелі дачыненьне да канфіскацыі.
Разгон пратэстаў у Горадні ў 2020 годзе. Архіўнае фота
Уладзімер адзначае, што не зьдзівіўся канфіскацыі. Праўда, ён гэтага чакаў гадоў на дзесяць раней, але памыліўся ў тэрмінах. Гарадзенец дадае, што не хацеў бы, каб фота ягонага сканфіскаванага жытла траплялі ў сеціва, дзе кожны ахвотны зможа іх пабачыць.
Кватэра, дзе вырасьлі дзеці
Двухпакаёвая кватэра Уладзімера Хільмановіча месьціцца каля аграрнага ўнівэрсытэту і старой сядзібы Станіславова, якая калісьці належала апошняму каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і таксама ў выніку была сканфіскаваная ўладамі.
«Гэта 10-12 хвілін хады да чыгуначнага вакзалу. Месца дастаткова зручнае. Не зусім цэнтар. Другі паверх», — сьцісла апісвае перавагі свайго былога жытла Ўладзімер.
Кватэра дасталася яму ў спадчыну. Там Хільмановіч пражыў 17 гадоў, да 2014-га. Спачатку адзін, як ажаніўся — разам з жонкай. Там жа вырасьлі двое іхных старэйшых дзяцей. У кватэры сям’я за гэты час рабіла рамонты, пераклейвала шпалеры, мяняла мэблю, але, заўважае Ўладзімер, не раскошныя эўрарамонты, бяз надта дарагой тэхнікі, а каб было ўтульна жыць.
Графіці ў Горадні, восень 2020 году
«Вядома, настальгічныя моманты ёсьць. Але для мяне матэрыяльнае — не галоўнае. Самае дарагое — гэта адносіны зь сям’ёй, зь сябрамі, захоўваць людзкасьць. Ніякая таталітарная дзяржава ня здолее гэтага забраць у людзей», — азначае ён.
Каштоўныя для Ўладзімера рэчы, якія засталіся ў кватэры, — гэта бібліятэка старых кніг і гадавікі старых беларускіх газэт, якія ён зьбіраў усё жыцьцё.
«Напэўна, яны прападуць назаўсёды. Іх ніколі ўжо не адновіш», — разважае ён.
Лецішча на Нёмане і тэлевізар з Польшчы
Улады таксама сканфіскавалі і прадалі побытавую тэхніку Хільмановічаў. Тэлевізар і лядоўню, узгадвае суразмоўца, ён калісьці прывёз з Польшчы, калі яшчэ былі адкрытыя і даступныя межы. «Пэўна, заплаціў нейкае мыта». Пральную машыну купіў у Доме тэхнікі на вуліцы Горкага ў Горадні. Кажа, што крэдытамі ніколі не карыстаўся.
Забралі ў Хільмановіча і надзел зямлі ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёну на беразе Нёмана з паўразбураным сельскім клюбам. Участак хтосьці купіў на аўкцыёне зь пятага разу за 3242 рублі.
«Там вельмі прыгожае месца. Я плянаваў там стварыць сваё лецішча, накшталт агратурыстыкі. На беразе Нёмана вельмі маляўніча. І для сябе, для сяброў зрабіць месца, куды можна было б прыяжджаць, сядзець, распальваць вогнішча. Гэта ня так далёка ад Горадні. Але не ставала сродкаў, потым часу, а потым агульная палітычная сытуацыя была такая, што было не да таго, каб укладаць апошнія грошы ў гэты надзел зямлі», — тлумачыць Уладзімер.
Уладзімер Хільмановіч. Горадня, 2015 год
У Хільмановіча ў Беларусі застаўся яшчэ адзін участак зямлі пад лецішча каля Парэчча на Горадзеншчыне. Але ён кажа, што ня быў там больш за 20 гадоў. Чуў, што на ягонай зямлі ўжо вырас лес. Так што цяпер ён, імаверна, валодае лясным маладняком, усьміхаецца суразмоўца.
Прадалі «за бясцэнак»
Кватэру Ўладзімера Хільмановіча прадалі з другой спробы сёлета 30 чэрвеня. На першы аўкцыён увогуле не было ахвотных, на другі — ажно дзевяць. Таргі ішлі амаль да ночы, кажа гарадзенец. Урэшце цана вырасла з 100 тысяч рублёў да амаль 137 тысяч (больш за 40 тысяч эўра паводле курсу чэрвеня. — РС).
«Думаю, цана кватэры на 4-5 тысяч эўра была заніжаная. Абрабавалі ня толькі мяне, але і майго сына, які там прапісаны і мае права на частку гэтай кватэры», — дадае Ўладзімер.
За аўкцыёнам, прызнаецца суразмоўца, у сам дзень продажу ён не сачыў і нават забыўся на яго, бо быў заняты працай, пасьля глядзеў Мундыяль. Хто купіў ягоную кватэру, гарадзенец ня ведае.
«Ці то нейкія чыноўнікі, ці то расейцы, ці то хтосьці, хто хоча таньней купіць нерухомасьць „на халяву“. Магчыма, гэта будзе хтосьці хітры і цынічны, хто хуценька перапрадасьць, каб самому застацца ў будучыні безадказным. Я ня маю асаблівай цікавасьці даведвацца, хто купіў маю кватэру такім шляхам — калі іншага чалавека па-бандыцку абрабоўваюць», — камэнтуе Уладзімер.
І тэхніку, і кватэру прадалі за цану, ніжэйшую за рынкавую, «за бясцэнак», адзначае суразмоўца. Пры гэтым афіцыйна штраф Хільмановіча складае 40 тысяч рублёў. Куды пойдзе рэшта грошай ад продажу кватэры (амаль 100 тысяч рублёў), ён ня ведае. Як і не разумее, навошта тады было канфіскоўваць яшчэ і побытавую тэхніку, і лецішча.
Хільмановіч на фоне будынку суда ў Горадні. Архіўнае фота
«Робіцца ўсё, каб нашкодзіць чалавеку як мага больш, „укусіць“ яго, папсаваць нэрвы. Такая сталінская сыстэма. Вядома, гэта вельмі непрыемна, калі чужыя людзі рабуюць цябе. Гэта бандыцтва. Гэта робіцца пад шыльдай законнасьці. Гэта ажыцьцяўляе дзяржава, што самае непрыемнае», — прызнаецца суразмоўца.
Да людзей, залучаных у гэты працэс, Уладзімер мае жаль.
«Чалавек пакліканы Богам да нечага добрага, стваральнага, дапамагаць іншым. Гэтыя людзі — цынікі, можа быць, яны хочуць узбагаціцца. Вельмі прыкра і шкада. Але такія людзі былі ўва ўсёй гісторыі чалавецтва. Нічога новага няма. Гэта адбывалася стагодзьдзямі», — разважае суразмоўца.
«Жыву ў вельмі сьціплых умовах»
Цяпер у эміграцыі Ўладзімер жыве ў горшых побытавых умовах, чым меў на радзіме. Займае больш цеснае жытло разам з жонкай і двума малодшымі дзецьмі. Старэйшая дачка ўжо скончыла ўнівэрсытэт і жыве асобна.
«Я жыву зараз у вельмі сьціплых умовах, што датычыць побыту, — у маленькай кватэры. Але не наракаю. Я разам з сваёй сям’ёй», — кажа ён.
Уладзімер за мяжой зь 2021 году. Прыехаць у Беларусь праз палітычны перасьлед ня можа. У 2021-м ён выехаў на некалькі месяцаў у працоўных справах у Польшчу, плянаваў вяртацца. Аднак маштабная хваля рэпрэсіяў супраць праваабаронцаў і журналістаў у Беларусі ўлетку 2021 году спыніла яго.
«Страціўшы радзіму, плакаць па кватэры ня будзеш. Прапала кароўка — прападзі і вяроўка. Мы страцілі намнога больш — сваю краіну, магілы продкаў», — падкрэсьлівае суразмоўца.
Уладзімер адзначае, што дзяржава ўвесь час знаходзіць новыя спосабы рэпрэсаваць людзей, як ім адпомсьціць, нават тым, хто выехаў за мяжу.
«Завочны перасьлед прыдумалі, каб зрабіць людзям балюча, непрыемна, нагадаць, што дзяржава не даруе нічога», — мяркуе ён.
Уладзімер Хільмановіч
Хільмановіч спадзяецца ў будучыні вярнуць ўсё, што ў яго, на ягоную думку, незаконна забралі.
«Няма сэнсу перажываць. Калі ў Беларусь вернецца законнасьць і мы вернемся, мы ўсю маёмасьць вернем праз судовыя органы. Калі сытуацыя будзе разьвівацца так кепска, як зараз, таксама няма па чым шкадаваць», — разважае беларус.
Разам з тым ён заўважае, што маёмасьць, якую забралі ў беларусаў яшчэ падчас сталінскіх рэпрэсіяў, мала хто з уласьнікаў сабе вярнуў. Адзінкі здолелі атрымаць кампэнсацыю ў пачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай. Але з прыходам Лукашэнкі гэты працэс спыніўся.
Уладзімер прызнаецца, што перажываць гэтую сытуацыю і чакаць справядлівасьці яму дапамагае вера.
«Як хрысьціянін я гляджу на ўсё гэта спакойна. На ўсё Божая воля. Калі вернецца законнасьць, усе вінаватыя будуць пакараныя. Калі не, то іх чакае больш высокая і больш страшная кара пасьля іхнага жыцьця, якое яны прысьвяцілі служэньню такой подлай сыстэме», — разважае беларус.
Уладзімер гаворыць, што ўсё адно прыйдзе час, калі кожны чалавек застанецца без сваёй маёмасьці.
«Урэшце ўсе мы паміраем. Нам застаецца мэтар на два ў лепшым выпадку або ў калюмбарыі яшчэ меншы квадрацік. Таму нічога матэрыяльнага з сабой на той сьвет не забярэш, — усьміхаецца ён. — Для мяне самае дарагое — як ты ставіўся да людзей, як людзі ставіліся да цябе, што ты бачыў, дзе ты падарожнічаў».