І ўсё пералічанае ім не падабаецца. Пра гэта сьведчаць як сацыялягічныя апытаньні, якія некаторым незалежным дасьледчым кампаніям удаецца праводзіць у Расеі, так і апытаньні ў інтэрнэце ці мінакоў на вуліцах, піша «Настоящее время».
- «Занадта шмат злодзеяў у нас распладзілася ў Расеі, таму гэта вельмі небясьпечна. Выбары будуць. Я спадзяюся, усё ж камуністы перамогуць, хоць яны і абас...аліся, прашу прабачэньня, за савецкі час».
- «Варыянтаў два: або мы павінны цалкам Украіну пад сябе падмяць, або нас Эўропа расчляніць на часткі».
- «Трэба быць міралюбнымі і не марнаваць грошы на забойства суседніх плямёнаў, і тады яны ня будуць забіваць вашыя плямёны».
Так мінакі ў Маскве адказвалі на пытаньне журналістаў Sota.Vision аб крызісе, выкліканым ударамі УСУ па энэргетычных аб’ектах у Расеі.
Паводле апытаньня амэрыканскай дасьледчай кампаніі Gallup, якое праводзілі з сакавіка па травень 2026 году, больш за палову жыхароў Расеі лічаць, што эканамічная сытуацыя ў іх горадзе або рэгіёне пагаршаецца. Гэта самы высокі паказьнік за ўвесь час падобных дасьледаваньняў, якія Gallup праводзіць у Расеі з 2006 году. Трывога нарастае і ў кабінэтах чыноўнікаў.
«Вайна грукаецца ў нашы дзьверы»
Газэта Washington Post з спасылкай на ананімныя крыніцы ў расейскай уладзе піша, што расейскія эліты асьцерагаюцца эскаляцыі вайны Крамлём. У апошнія месяцы дроны УСУ паразілі 9 з 10 найбуйнейшых расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, што выклікала ў краіне сурʼёзны паліўны крызіс; украінскія бесьпілётнікі і ракеты ўсё часьцей і ўсё больш пасьпяхова атакуюць цэлі ў глыбіні Расеі, што нэрвуе Пуціна, і сытуацыю можа выправіць толькі паляпшэньне супрацьпаветранай абароны.
Так становішча ў краіне апісвае для The Washington Post адзін зь неназваных маскоўскіх бізнэс-кіраўнікоў:
«Усё залежыць ад таго, наколькі нам удасца абмежаваць украінскія ўдары па тэрыторыі Расеі і наколькі хутка мы зможам стварыць эфэктыўныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны ад нападаў бесьпілётнікаў. Людзі больш не пачуваюцца ў бясьпецы... Вайна ўжо грукаецца ў нашы дзьверы», — кажа ён.
Пуцін можа пайсьці на эскаляцыю
Суразмоўцы The Washington Post асьцерагаюцца, што Пуцін у адказ на атакі Ўкраіны можа пайсьці на яшчэ большую эскаляцыю канфлікту, аплачваць якую давядзецца прыватным асобам. Неназваны маскоўскі бізнэс-кіраўнік сказаў журналістам, што ўлада можа паспрабаваць забраць іхныя грошы якім-хаця чынам, таму зараз усе думаюць, «як забраць свае грошы і зьехаць».
Раней кіраўнік расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў ужо прапаноўваў «змабілізаваць» грошы насельніцтва і кампаніяў, якія ляжаць у расейскіх банках. Праўда, пазьней ён ад гэтай заявы адмежаваўся, але яе пачулі прадстаўнікі буйнога расейскага бізнэсу, кажа суразмоўца The Washington Post.
The Independent піша, што Пуцін аказаўся выбіты з раўнавагі апошнімі посьпехамі Ўкраіны. Расейскі прэзыдэнт заўсёды гаворыць, што ўдары Ўкраіны па расейскай нафтавай інфраструктуры й іншых аб’ектах лягістыкі ёсьць спробаю «дэстабілізаваць грамадзтва», і сам ён лічыць, што гэтая стратэгія Кіева працуе. Менавіта раскол грамадзтва Пуцін лічыць галоўнаю пагрозаю сваёй уладзе, піша The Independent, а параза расейскага войска на полі бою можа стаць каталізатарам палітычнага крызісу, які можа прывесьці да зрынаньня ўлады ў Крамлі.
Грэф выступіў за хутчэйшае завяршэньне вайны
Старшыня рады дырэктараў расейскага «Сбербанка» Герман Грэф на штогадовым сходзе акцыянэраў сказаў, што, на ягоную думку, цяпер хвалюе расейцаў больш за ўсё:
«Думаю, нас усіх хвалюе адно і тое ж. Я ня думаю, што ёсьць у краіне чалавек, у якога ёсьць нейкія іншыя хваляваньні, акрамя хутчэйшага завяршэньня ваенных дзеяньняў, гэта відавочна».
Галоўны рэдактар праекту «Можам растлумачыць» Максім Глікін таксама ўважае, што «стомленасьць ад вайны ў Расеі дасягнула межаў». Пры гэтым Максім Глікін мяркуе, што прэзыдэнт Расеі яшчэ ня вычарпаў усіх магчымасьцяў фінансаваньня вайны, якую распачаў і пакуль не зьбіраецца заканчваць.
«На нарадзе аб бэнзіне мы бачылі кіраўнікоў дзяржаўных карпарацыяў, алігархаў. Там былі Алекпераў, Сечын. Натуральна, ён раіцца з такімі элітамі, з Косьціным, думае, дзе ўзяць грошы і як пагасіць бэнзінавы крызіс. У гэтым сэнсе, калі ён вырашае нейкія праблемы, пэўны ўплыў магчымы. Але гэта ня ўплыў на рашэньне аб вайне, гэта ўплыў на разьвязаньне пытаньняў з грашыма або з бэнзінавым крызісам, а ўплыў на разьвязаньне пытаньняў аб вайне я сабе слаба ўяўляю. Пакуль ня бачыў ніякіх прыкмет», — сказаў для «Настоящего времени» галоўны рэдактар праекту «Можам растлумачыць» Максім Глікін.
Вялікія страты расейскага войска прывялі да зьніжэньня тэмпаў наступу
Паводле Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (CSIS), у першай палове 2026 году стасунак расейскіх стратаў да ўкраінскіх вырас у пяць разоў у параўнаньні зь мінулымі пэрыядамі і дайшоў да прапорцыі 8/1.
Расея актыўна страчвае вайскоўцаў у так званых мясных штурмах: расейскія камандзіры за ўсякую цану імкнуцца ўзяць пэўны ўчастак украінскай тэрыторыі і пры гэтым не зважаюць на страты асабовага складу, мяркуе вайсковы экспэрт Ігаль Левін.
«Калі б яны такім коштам бралі абласныя цэнтры накшталт Запарожжа ці Херсону, гэта была б асобная дыскусія. Калі ідзецца пра нейкія складаныя, глябальныя працэсы — зьнішчэньне мастоў, ліквідацыю вышэйшых кіраўнікоў Украіны, нанясеньне нейкіх па-сапраўднаму лякальных удараў, у Расеі нічога не выходзіць. Ёй пад сілу толькі выбарачны тэрор накшталт начной атакі на Кіеў, калі пацярпелі звычайныя жылыя дамы і загінулі цывільныя», — упэўнены ваенны аналітык Ігаль Левін.
Дасьледнікі CSIS адзначаюць, што высокія страты ў расейскім войску ўжо прывялі да зьніжэньня тэмпаў яго наступу.