Інцыдэнт ня толькі з аўтобусам, але і з фурамі
Расейскія ўлады і дзяржаўныя мэдыя Беларусі паведамілі, што 2 ліпеня на стаянцы памежнага пункту пропуску «Красны Камень» у Бранскай вобласьці Расеі «дрон ударыў» у аўтобус, які ехаў маршрутам Менск — Гомель — Анапа.
У ім былі 12 пасажыраў. Двое кіроўцаў атрымалі лёгкія раненьні.
Позна ўвечары дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны» паведаміў, што ў выніку інцыдэнту пацярпелі тры чалавекі, у тым ліку адзін пасажыр. Усе атрымалі патрэбную дапамогу, пагрозы жыцьцю няма.
«Апроч аўтобусу, ад удару пацярпелі тры беларускія фуры — адна зь іх згарэла цалкам», — паведаміў тэлеканал.
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч у этэры тэлеканалу АНТ адзначыў, што гэтым разам дрон быццам ударыў у аўтобус ненаўмысна.
«Аўтобус беларускі ня выбраны знарок для, скажам так, цэлі паражэньня. Гэта аўтобус, які выпадкова перасоўваўся па тэрыторыі Бранскай вобласьці, і бесьпілётнік, які выпадкова ўпаў па дарозе паміж дзьвюма трасамі».
Ён нагадаў, што ўлады папярэджвалі грамадзянаў, каб устрымаліся ад паездак у суседнюю Расею.
Расейскія СМІ абвінавацілі Ўкраіну ў наўмысным удары па цывільных аб’ектах, але ўкраінскі бок зьняпраўдзіў абвінавачаньні і назваў іх «сьвядомай і цынічнай правакацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі: пасьля рэгулярных атак дронаў чыгуначныя брыгады адмаўляюцца ехаць на БраншчынуІнстытут вывучэньня вайны: Расея апраўдвае новыя ўдары па Ўкраіне інцыдэнтамі зь беларускімі аўтобусамі
«Сакратар Савету бясьпекі Беларусі генэрал-лейтэнант Аляксандар Вальфовіч 2 ліпеня заявіў, што беларусам варта ўстрымацца ад паездак у Расею ў цяперашні час, і прызнаў факт удару, але не абмяркоўваў паходжаньня ўдару, у прыватнасьці, устрымаўся ад прыпісваньня ўдару ўкраінскім войскам. Беларускія чыноўнікі працягваюць унікаць прыняцьця крамлёўскіх ілжывых заяваў, якія спрабуюць паказаць Украіну як пагрозу для Беларусі», — сказана ў справаздачы ISW за 2 ліпеня.
Паводле экспэртаў, першы інцыдэнт зь беларускім аўтобусам, які адбыўся на тэрыторыі Бранскай вобласьці 17 чэрвеня, расейскія службоўцы выкарысталі, каб апраўдаць наступныя далёкабойныя ўдары па Ўкраіне, і могуць зрабіць тое ж самае і цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дрон ударыў у пасажырскі аўтобус на выезьдзе зь Беларусі ў Расею. Менск: гэта выпадковасьцьГэта ўжо другі інцыдэнт зь беларускім аўтобусам у Расеі за апошні час
17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.
Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.
Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу паводле факту тэрарыстычнага акту.
У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».
Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.