Украінскія сілы пацэлілі ў НПЗ і завод кампанэнтаў для ракет у Расеі

Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія сілы пацэлілі яшчэ ў два важныя для Расеі аб’екты — нафтаперапрацоўчы завод ва Ўфе (Башкартастан) і вайсковы завод у Пензенскай вобласьці.

«Ужо другі раз нашыя санкцыйныя адказы на зацягваньне Расеяй вайны дабраліся да нафтаперапрацоўчага заводу ва Ўфе — аднаго з найбольшых расейскіх вытворцаў змазачных матэрыялаў. Адлегласьць — больш за 1300 кілямэтраў ад лініі фронту», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, у Пензенскай вобласьці ад украінскага ўдару пацярпеў стратэгічны аб’ект расейскага вайскова-прамысловага комплексу, што займаецца распрацоўкай і вытворчасьцю кампанэнтаў для ракетнага ўзбраеньня, якім расейскія войскі абстрэльваюць Украіну.

«Адлегласьць да цэлі — прыблізна 600 кілямэтраў ад лініі фронту», — удакладніў кіраўнік Украіны.

Уладзімір Зяленскі чарговы раз адзначыў, што Расея павінна закончыць вайну супраць Украіны.

У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб чарговым пацэльваньні па вайсковым аб’екце ў акупаваным Расеяй Крыме. Папярэдне, адбылося пяць лучаньняў у ангар зь зьнішчальнікамі на вайсковым аэрадроме «Сакі». У адным зь іх, паводле СБУ, на момант удару былі самалёты Су-30 і Су-30СМ. Пасьля атакі адбыўся пажар у той частцы, дзе быў Су-30СМ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Паўсюль гавораць толькі пра гэта». Паліўны крызіс ахапіў Расею аж да самай усходняй мяжы

Чаму гэта важна

Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.

Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі буйны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.

Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь істотна павялічыла аб’ём перавозкі грузаў на акупаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны. Што туды прадаюць