«Мне так добра раней ніколі не было». Як жыве беларуская сям’я, у якой жонка аддала нырку мужу

Беларуска Алена Хвасьцёнак расказала Свабодзе, як яны з мужам адчуваюць сябе пасьля апэрацыі, пра вяртаньне да працы і пераезд у новае жытло.

18 сакавіка адну нырку беларускі Алены Хвасьцёнак перасадзілі яе мужу Сяржуку, у якога свае ныркі амаль перасталі працаваць. Алена сама прапанавала стаць донарам для мужа. Пры абсьледаваньні лекары папярэдне высьветлілі, што яе орган пасуе для трансплантацыі.

Алена і Сяржук да апэрацыі

«Сябры жартуюць, што мы цяпер адно цэлае з гэтымі ныркамі. Мая нырка ў ім, і мы цяпер нікуды адно ад аднаго», — сьмяецца Алена Хвасьцёнак.

Алена дадае, што апошні месяц жыцьця зусім не памятае, бо адначасова ўладкоўвалася на працу, рамантавала кватэру і пераяжджала, дзеці заканчвалі школьны год. «Няма ніводнай свабоднай хвіліны», — кажа суразмоўца.

Сяржук і Алена Хвасьцёнкі паходзяць з Полацку. Ужо некалькі гадоў жывуць у польскім Гданьску. У 2021 і 2022 гадах Сяржук тройчы адседзеў арышт, агулам амаль два месяцы: за налепку з Пагоняй, фота зь бел-чырвона-белым сьцягам, стары перапост з «экстрэмісцкага» мэдыя. У выніку Хвасьцёнка звольнілі з працы. У лістападзе 2022 году ў кватэру, дзе ён зарэгістраваны і дзе жыла ягоная маці, прыйшлі зь ператрусам. Выявілася, што на Сяргея завялі пяць крымінальных справаў, у тым ліку за «абразу службовай асобы» (судзьдзі), «паклёп і пагрозу гвалтам міліцыянту». Да візыту сілавікоў ужо ўва ўласную ягоную кватэру ён пасьпеў сабраць рэчы і зьехаў з дому. Спачатку хаваўся ў Беларусі, потым у Расеі, адтуль трапіў у Эстонію, Нямеччыну і ўрэшце ў Польшчу. Праз паўгоду да яго пераехала сям’я. Праблемы з ныркамі ў Сяргея выявілі яшчэ ў Беларусі. У канцы 2025 лекары выявілі, што ныркі амаль перасталі працаваць. Мужчыну прапаноўвалі пажыцьцёвы дыяліз — працэдуру ачышчэньня крыві, якую трэба рабіць некалькі разоў на тыдзень па некалькі гадзін. У рэжыме дыялізу Сяргей ня здолеў бы працаваць. Чарга на перасадку ад памерлага донара была занадта вялікай. Тады Сяргеева жонка прапанавала стаць донарам для яго.

Цяжкія першыя дні

Праз тры з паловай месяцы пасьля вырашальнай апэрацыі сям’я Хвасцёнкаў вяртаецца да звычайнага жыцьця. Абое сужэнцаў выйшлі на працу, пераехалі ў новае жытло і ачуньваюць.

«У мяне ўсё ў парадку пасьля апэрацыі. Было вельмі цяжка першыя чатыры дні, можа, тыдзень. Зусім нармальна я пачала сябе адчуваць недзе празь месяц. Адчуваньнямі мне гэта крыху нагадвала кесарава сячэньне. Паціху зажывае рана», — расказала Алена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Жывы донар — гэта ж я!» Як беларуска вырашыла ўратаваць мужа, аддаўшы яму нырку

У яе мужа Сяржука сытуацыя была не такой простай. У нейкі момант, але не адразу пасьля апэрацыі, ягоны арганізм перастаў прымаць нырку. Сяржук зноў лёг у шпіталь. Там яму зрабілі яшчэ некалькі апэрацыяў. Дагэтуль Сержуку, бывае, становіцца кепска, нядаўна моцна забалеў жывот, ён тэрмінова паехаў у шпіталь на абсьледаваньні. Баліць страўнік ад вялікай колькасьці таблетак.

Алена ў польскім шпіталі

Дозу імунадэпрэсантаў, якія дапамагаюць арганізму не адкідаць перасаджаную нырку, крыху зьнізілі. Спачатку яна была вельмі вялікай, тлумачыць Алена. Імунадэпрэсанты яе мужу трэба будзе прымаць усё жыцьцё. Сяржук таксама ўжывае інсулін, каб рэгуляваць цукар у крыві, сочыць за харчаваньнем.

Сяржук Хвасьцёнак у шпіталі

«Пачуваецца па-рознаму, але ў асноўным добра, нашмат лепш. Раней ён сваё кепскае самаадчуваньне не заўважаў, не разумеў, што яму блага, што ў яго высокі ціск. А цяпер адчувае, калі ў яго добры ціск, калі падвышаны. Як я разумею, раней яму было кепска пастаянна, і ён думаў, што так трэба. Ён сказаў: „Мне так добра раней ніколі не было“. Або калісьці было, але ён гэтага не памятае. Ён шмат ходзіць, шпацыруе, займаецца на велатрэнажэры», — расказала ягоная жонка.

Новая праца

Абое Хвасцёнкаў ужо выйшлі на працу. Сяржук два тыдні таму вярнуўся за стырно ў таксі. Раней яму не дазвалялі лекары. У Сержука свабодны графік. Калі ён стамляецца, прыяжджае дадому адпачыць.

«Бо грошы ў нас зусім усе скончыліся», — тлумачыць Алена тое, чаму муж выйшаў на працу, хоць яшчэ не да канца ачуняў.

Перад апэрацыяй беларусы сабралі для Хвасьцёнкаў 4800 эўра, каб сям’я змагла ўтрымліваць сябе нейкі час, калі ніхто з пары ня зможа працаваць праз стан здароўя. Алена шчыра дзякуе ўсім, хто іх тады падтрымаў. Адзначае, што самастойна перажыць гэты пэрыяд аднаўленьня яны б ня здолелі.

Алена і Сяржук Хвасьцёнкі ў польскім шпіталі

Алена таксама знайшла новую працу. Уладкавалася ў агенцтва нерухомасьці бухгальтаркай. З папярэдняй фірмы, якую трымаюць беларусы, яе звольнілі яшчэ перад апэрацыяй. Алена мяркуе, што гэта адбылося праз частую адсутнасьць на працы, бо яна шмат часу праводзіла ў шпіталях, праходзіла абсьледаваньні.

«Я ўжо тыдзень адпрацавала. Мне вельмі падабаецца. Дамова аб працы, сацыяльны пакет. Спадзяюся, заробак з часам будзе лепшы, бо я трапіла ў салідную польскую фірму пасьля сумоўя», — усьміхаецца яна.

Праз паўгоду Сяржук плянуе шукаць іншую працу з большым заробкам, калі яму дазволіць здароўе, дадае Алена.

Часовая кватэра

Пасьля апэрацыі сям’я Хвасьцёнкаў пераехала ў іншае жытло, расказвае суразмоўца. Ім ня трэба плаціць арэндную плату, аплочваюць толькі камунальныя паслугі. Хвасьцёнкам было дорага арандаваць кватэру ў Гданьску, калі яны не працавалі. Алена ўбачыла ў Facebook інфармацыю аб тым, што цэнтар падтрымкі мігрантаў у Гданьску шукае сям’ю, якой патрэбная дапамога з жытлом. Умовы — ня больш за чатыры чалавекі ў сям’і і дадатковая абарона ў Польшчы. У сям’і Хвасьцёнкаў акурат чатыры чалавекі, у іх двое дзяцей-падлеткаў.

У шпіталі Алена і Сяргей правялі няшмат часу. Аднак пасьля Сяргею прыйшлося зноў туды вярнуцца

Алена напісала ліст у гэты цэнтар, патлумачыла, што яны абое пасьля апэрацыі, ня могуць працаваць і складана аплачваць здымную кватэру. Ёй адказалі ў першы працоўны дзень пасьля гэтага ліста, запрасілі да сябе, паказалі кватэру, працягвае Алена.

«Кватэра, вядома, ня супэр. Гэта не назаўсёды — пакуль мы не паправім здароўе. Гэта сацыяльнае жытло. Людзі, які жылі да нас, не клапаціліся пра яго. Перад тым, як сюды пераехаць, у нас было вельмі шмат працы — фарбавалі, прыбівалі, завозілі нейкую мэблю. І самім ня хочацца жыць у кепскіх умовах, і дзяцей прывезьці ў такія», — расказвае беларуска.

Хвасьцёнкі зь дзецьмі

Пераяжджаць дапамагалі сябры. Ні Сержуку, ні Алене нельга цяпер падымаць цяжкія рэчы.

«Мне ўвогуле сказалі усё жыцьцё сябе берагчы і фізычнай працай не займацца. Яму таксама», — усьміхаецца Алена.

Колькі яны змогуць жыць у гэтай кватэры, яна дакладна ня ведае. Але адзначае, што як пачнуць зарабляць грошы, то пераедуць у здымнае жытло.