Пасьля двухдзённых перамоваў з Пуціным Лукашэнка прыбыў у Кітай. Сі заявіў аб падтрымцы сувэрэнітэту Беларусі

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна, 29 чэрвеня 2026 году, Пэкін

Аляксандар Лукашэнка з Расеі, дзе два дні праводзіў перамовы з Уладзімірам Пуціным, накіраваўся ў Кітай.

Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, у аэрапорце яго сустракаў міністар адукацыі Кітаю Хуай Цзіньпэн.

У Пэкін Лукашэнка прыбыў 28 чэрвеня, а раніцай 29 чэрвеня правёў сустрэчу зь Сі Цзіньпінам.

«Цяперашнія кітайска-беларускія дачыненьні перажываюць гістарычны пік», — працытавала прэсавая служба Лукашэнкі словы лідэра Кітаю.

Лукашэнка адзначыў, што вельмі цэніць «станоўчую ацэнку» Сі Цзіньпінам беларуска-кітайскіх узаемадачыненьняў.

«Гэта тое, пра што мы з вамі гаварылі. І, можа быць, у нейкай ступені марылі напярэдадні гэтай глябальнай супрацы паміж Беларусьсю і Кітайскай Народнай Рэспублікай», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за падтрымку ініцыятывы разьвіцьця прамысловасьці і прамысловай каапэрацыі паміж краінамі. «Ува ўсіх кірунках эканамічнага разьвіцьця Беларусь выкарыстоўвае вашыя тэхналёгіі. Мы задаволеныя тэхналёгіяй і якасьцю той прадукцыі, якую цяпер атрымліваем», — сказаў ён.

Паводле яго, Беларусь і Кітай на сталай аснове абменьваюцца думкамі наконт міжнароднай сытуацыі. «Я вас пастаянна пра гэта інфармую. Мяркую, нам варта гэтыя кантакты працягнуць і далей», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як Лукашэнка павіншаваў лідэраў ЗША і Кітаю з днём народзінаў. Параўналі

Пасьля сустрэчы МЗС Кітаю зрабіў адмысловую заяву аб Беларусі

У заяве Міністэрства замежных спраў Кітаю адзначаецца, што лідэр краіны Сі Цзіньпін заявіў аб падтрымцы сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі.

Сі Цзіньпін заявіў, што Кітай і Беларусь «павінны падтрымліваць стратэгічную камунікацыю, спрыяць пастаяннаму разьвіцьцю двухбаковых адносін на высокім узроўні і прыносіць больш карысьці народам абедзьвюх краін», — гаворыцца ў апублікаваным на афіцыйным сайце паведамленьні міністэрства.

Кітай гатовы працягваць дапамагаць разьвіцьцю Беларусі «ў межах сваіх магчымасьцяў».

Агенцтва Reuters зьвярнула ўвагу на тое, што гэтая заява прагучала падчас «росту напружанасьці паміж Беларусьсю і Ўкраінай», калі Ўладзімір Зяленскі заявіў аб спробах Пуціна прымусіць Лукашэнку ўзмацніць падтрымку Расеі ў яе вайне супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праект беларуска-расейска-кітайскага порту ў Прыморскім краі адклалі «ў рэзэрв»

Што папярэднічала

Перад візытам у Кітай Аляксандар Лукашэнка наведаў Расею. Як паведамлялі дзяржаўныя СМІ, ён два дні праводзіў перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у яго рэзыдэнцыі на Валдаі. Аднак тэмы перамоваў не ўдакладнялі.

Пасьля ад’езду Лукашэнкі з Расеі дзяржаўны тэлеканал Расеі апублікаваў інтэрвію Ўладзіміра Пуціна. У ім расейскі прэзыдэнт адзначыў, што на сустрэчы «не абмяркоўваліся дэталёва агрэсіўныя заявы Кіева ў адрас Менску».

Паводле Пуціна, у Лукашэнкі «няма панікі» з прычыны заяваў Уладзіміра Зяленскага, ён ставіцца да іх «вельмі спакойна і ўраўнаважана».

Расейскі прэзыдэнт адзначыў, што яны з Лукашэнкам сустракаліся ў нефармальнай абстаноўцы, а на перамовах прысутнічаў і прэм’ер Расеі Міхаіл Мішусьцін, бо «абмяркоўваліся найперш эканамічныя пытаньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пра што ўжо другі дзень гавораць Лукашэнка і Пуцін? Афіцыйнага адказу дагэтуль няма, але зьявіліся вэрсіі

Чаму гэта важна

За час свайго кіраваньня Беларусьсю Лукашэнка 17 разоў наведаў Кітай. За некалькі тыдняў да цяперашняга яго візыту Беларусь наведаў намесьнік старшыні КНР Хань Чжэн, які прыехаў у Менск пасьля візыту ў Санкт-Пецярбург, дзе сустракаўся з Уладзімірам Пуціным. Пад візыт кітайскага госьця ўлады Беларусі прымеркавалі Беларуска-кітайскі форум прамысловага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва. Зь ім правялі перамовы Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер Аляксандр Турчын.

Сваімі частымі кантактамі з Кітаем Лукашэнка імкнецца паказаць, што Беларусь мае ня толькі расейскі, але і кітайскі вэктар, мае падтрымку такога глябальнага сілавога цэнтру, як Кітай. Гэта дазваляе яму дэманстраваць як унутры краіны, так і звонку, што краіна не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі.

Аднак, як сьцьвярджаюць аналітыкі, імкненьне Менску манэтызаваць сваю геапалітычную ляяльнасьць Кітаю не дае жаданага выніку. Можна сказаць, што беларуска-кітайскія адносіны разьвіваюцца ў дзьвюх паралельных плашчынях. Палітычныя дачыненьні на высокім узроўні, а вось што тычыцца эканамічных зносін, то тут цікавасьць Кітаю да Беларусі невялікая.

Кітай цяпер — другі гандлёвы партнэр Беларусі пасьля Расеі. Ягоная доля ў беларускім замежным гандлі складае 11%. За апошнія 10 гадоў, паводле ўладаў, Беларусь патроіла тавараабарот з Кітаем і падвоіла экспарт у гэтую краіну. Аднак імпарт кітайскіх тавараў і паслуг у Беларусь шматкроць перавышае экспарт беларускіх у Кітай. Дзесяць гадоў таму дэфіцыт у гандлёвых адносінах з КНР складаў $1,5 млрд, а за студзень–лістапад 2025 году ён ужо налічваў $5,5 млрд.

У апошнія тры гады Кітай стаў адным з найбольшых донараў Беларусі: кітайскі ўрад вылучае крэдыты і тэхнічную дапамогу ў розных сфэрах — ад IT-сэктару да лясной гаспадаркі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кітай не ўратуе Беларусь. І вось чаму