Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна на Валдаі пачалася ў пятніцу а 18-й гадзіне. Як паведамляў тэлеграм-канал «Пул Первого», перамовы праходзілі ў фармаце «сам-насам», а сярод тэмаў называліся беларуска-расейскія дачыненьні, супольныя праекты, міжнародны парадак дня і сытуацыя ў рэгіёне.
Праз чатыры з паловай гадзіны, а 22:26, паведамілі толькі, што прэзыдэнты працягваюць размаўляць: «Тэмаў для абмеркаваньня, як мы ўсе разумеем, шмат». Ніякіх фота, відэа ці інфармацыі пра вынікі сустрэчы так і не зьявілася.
Па стане на раніцу суботы стала вядома, што перамовы працягваюцца ў пашыраным складзе.
Тым часам нямецкі тэлеканал n-tv выказаў здагадку, што Лукашэнка мог прывезьці Пуціну прапанову Ўладзімера Зяленскага наконт спыненьня вайны. Напярэдадні прэзыдэнт Украіны заявіў, што перадаў свае прапановы кіраўніку Расеі праз пасярэдніка, не назваўшы ягонага імя. Паводле вэрсіі n-tv, гэтым пасярэднікам мог быць менавіта Лукашэнка.
Палітоляг Аляксандар Фрыдман адзначае, што калі гэтая вэрсія адпавядае рэчаіснасьці, то для Лукашэнкі можа надыйсьці «момант ісьціны»: альбо паспрабаваць адыграць ролю ў спыненьні вайны і тым самым зьменшыць рызыку ўцягваньня Беларусі ў канфлікт, альбо апынуцца ў самым эпіцэнтры новай эскаляцыі. Зрэшты, падкрэсьлівае палітоляг, вырашаць будзе не пасланец, а той, хто атрымаў пасланьне.
- Украінскія СМІ разглядаюць сустрэчу як рэакцыю на ўльтыматум Зяленскага па рэтрансьлятарах і як спробу Масквы ўтрымаць кантроль над Лукашэнкам на тле напружаньня з Украінай. Адзначаюць таксама, што сустрэча адбылася на наступны дзень пасьля таго, як Лукашэнка заявіў пра кантакты з прадстаўнікамі Зяленскага.
- Пра тэрміновасьць візыту, паводле расейскіх СМІ, можа сьведчыць тое, што сустрэча адбылася ў рэзыдэнцыі Пуціна ў Валдаі, куды ён звычайна не запрашае міжнародных лідэраў.
Што папярэднічала
19 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі публічна даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на дэмантаж чатырох рэтрансьлятараў у Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях, якія, паводле Кіева, выкарыстоўваюцца Расеяй для карэкціроўкі ўдараў «Шахедаў» па Украіне. Зяленскі папярэдзіў, што ў выпадку невыкананьня Украіна зробіць гэта самастойна.
Афіцыйны Менск ня даў публічнага адказу і не пацьвердзіў наяўнасьць рэтрансьлятараў. Дзяржаўныя СМІ тэму цалкам замаўчалі. Сам Лукашэнка заявіў, што «размаўляў зь людзьмі Зяленскага» у Беларусі, і заклікаў да перамоваў. Паводле Зяленскага, рэтрансьлятары перасталі працаваць з 22 чэрвеня.
26 чэрвеня Лукашэнка прыляцеў зь неабвешчаным візытам на закрытую сустрэчу з Пуціным на Валдай.
Форум