Беларускім цяжкаатлетам дазволілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах

Беларус Сяргей Шаранкоў на чэмпіянаце Эўропы 2024 году ў Сафіі выступаў у нэўтральным статусе. У агульным заліку ён заняў 4-е месца

Такое рашэньне прыняла 26 чэрвеня Міжнародная фэдэрацыя цяжкай атлетыкі. 

Фэдэрацыя спаслалася на тое, што спорт павінен быць нэўтральным, а спартоўцы — мець магчымасцьць выступаць на спаборніцтвах самага высокага міжнароднага ўзроўню.

Рашэньне тычыцца і расейскіх спартоўцаў.

Чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Поўнае адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай захавала Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі. У тэнісе беларусы могуць выступаць толькі індывідуальна. У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца ў тры турніры сэзону 2026—2027.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна заклікала міжнародныя фэдэрацыі адмовіцца ад допуску атлетаў зь Беларусі і Расеі на спаборніцтвы

Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК

У заяве Выканаўчага камітэту МАК ад 7 траўня адзначалася, што з сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у шматлікіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.

У МАК зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.

«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.

Дазвол на ўдзел у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі футбольны клюб зарабіў грошы за ўдзел у эўракубках, але ня можа атрымаць іх праз санкцыі