Шаркаўшчынскі раённы савет (Віцебская вобласьць) ухваліў рашэньне аб ліквідацыі адразу 10 сельскіх населеных пунктаў.
Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэньні раённага савета, зьліквідавалі 5 хутароў і 5 вёсак:
- хутар Цёплая Гара і вёска Пестуны Більдзюгскага сельсавета;
- хутары Мурашчына, Ліпава, Красная Горка, Гузаватка Германавіцкага сельсавета;
- вёскі Дубнікі і Яцелеўшчына Ёдзкага сельсавета;
- вёску Ізабеліна Лужкоўскага сельсавета.
У Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці, згодна з рашэньнем Рагачоўскага раённага савета дэпутатаў, зьліквідавалі мястэчка Кручпольле Дварэцкага сельсавета.
Абодва рашэньні набылі юрыдычную моц 26 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зьніжэньне колькасьці насельніцтва Беларусі — тыповае для рэгіёну. Калі верыць афіцыйным лічбамЧаму гэта важна
Згодна зь зьвесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, з 2021 году лік населеных пунктаў зьменшыўся з 23 250 да 23 190 у 2025 годзе.
Дзяржаўнае прадпрыемства «Белгеадэзія», якое вядзе ўлік зямлі і адпаведна пералік населеных пунктаў, паведаміла, што на пачатак 2026 году ў краіне налічвалася ўжо 23 172 населеныя пункты, у тым ліку 115 гарадоў, 85 пасёлкаў гарадзкога тыпу і 22 972 вёскі. Такім чынам, толькі за апошні год лік населеных пунктаў скараціўся на 18 — з 23 190 у 2025 годзе да 23 172 на пачатак 2026 году.
За апошнія 9 гадоў найбольш зьліквідавалі населеных пунктаў у Віцебскай вобласьці, на другім месцы — Гомельская, трэцяе месца падзялілі Менская і Магілёўская вобласьці. У Берасьцейскай вобласьці летась зьнікла найменш населеных пунктаў.
Аляксандр Лукашэнка сярод іншага заяўляў, што сваёй задачай бачыць «выратаваньне беларускай вёскі». Пра гэта ён казаў у прыватнасьці летась 18 сьнежня на Ўсебеларускім народным сходзе. Лукашэнка не выключае, што для вырашэньня праблемы з адтокам людзей з рэгіёнаў будзе ўстаноўлены ліміт на ўвод новых мэтраў жыльля ў Менску — ня больш за 300 тысяч за год.
Беларускія ўлады ня раз заяўлялі, што трэба падтрымаць жыхароў вёскі, на гэта была скіраваная дзяржаўная праграма разьвіцьця аграгарадкоў, будаўніцтва ў вёсках жыльля, сацыяльных і гаспадарчых аб’ектаў, фэрмаў. Але ў краіне надалей працягваецца спад долі сельскага насельніцтва.