Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніжэньне колькасьці насельніцтва Беларусі — тыповае для рэгіёну. Калі верыць афіцыйным лічбам

Ілюстрацыяйнае фота
Ілюстрацыяйнае фота

Сьцісла

  • Эўропа была рэгіёнам з найніжэйшым ростам насельніцтва з 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя.
  • У апошнія гады яна стала рэгіёнам, у якім насельніцтва скарачаецца.
  • На постсавецкай прасторы імклівы рост насельніцтва назіраецца толькі ў краінах зь пераважна мусульманскім насельніцтвам.
  • За апошнія 32 гады насельніцтва большасьці краін ЭЗ расло, а калі зьмяншалася, то павольней, чым насельніцтва Беларусі.
  • Сярод суседзяў Беларусі насельніцтва ў Польшчы і Расеі зьмяншалася павольней, чым у Беларусі, а ў Латвіі, Літве і Ўкраіне — хутчэй.

Зьніжэньне колькасьці насельніцтва Беларусі на 11% з 1992 году — не ўнікальная зьява для Эўропы, гэта рэгіён сьвету з нізкім ростам насельніцтва, з пачатку стагодзьдзя колькасьць насельніцтва ў краінах рэгіёну пераважна зьмяншаецца. Калі грунтавацца на афіцыйнай статыстыкі, якой апэруюць міжнародныя арганізацыі, дык Беларусь не ўнікальная ў рэгіёне, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Колькасьць жыхароў Зямлі: куды коціцца сьвет?

Колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2026 году склала 9.056.080 чалавек. На 1 студзеня 1992 году яно складала 10.198.346 чалавек. Менш на 1 мільён 142 тысячы 266 чалавек — на 11,2%.

Як гэтая дынаміка выглядае ў параўнаньні з краінамі сьвету і рэгіёну? Наступная мапа паказвае, як зьмянілася колькасьць насельніцтва краінаў Зямлі за тры чвэрці стагодзьдзя.

Краіны паводле тэмпу росту колькасьці насельніцтва, 1950–2025

МАПА Ў ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ . Крыніца: ААН

На мапе бачна, што Эўропа і Расея былі ў гэтыя 75 гадоў рэгіёнамі найніжэйшага росту насельніцтва. Найвышэйшымі тэмпамі павялічвалася насельніцтва Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, дастаткова высокімі — Блізкага Ўсходу, Цэнтральнай Азіі, Індыі, памяркоўнымі — ЗША й Кітаю. Насельніцтва Беларусі з 1950 па мінулы год вырасла на 26%.

Аднак гэты рост адбываўся нераўнамерна. У канцы ХХ стагодзьдзя рост запаволіўся, у другой палове 1990-х зьмяніўся спадам.

Вось як выглядае мапа дынамікі зьмены насельніцтва за апошнія 5 гадоў.

Краіны паводле тэмпу росту насельніцтва, 2020–2025

МАПА Ў ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ . Крыніца: ААН

Структураю мапа ня надта адрозьніваецца ад папярэдняй, толькі зона павольнага росту ў інтэрвале 1950–2025 гадоў ператварылася ў зону зьмяншэньня насельніцтва. А там, дзе насельніцтва імкліва расло цягам 75 гадоў, яно расло і апошнія 5 гадоў.

Насельніцтва постсавецкіх краін: рэлігійны разлом

Гэтыя рэгіянальныя адрозьненьні бачныя і пры аналізе зьвестак з краін — былых рэспублік СССР — у часавым інтэрвале з 1992 году, пасьля распаду Савецкага Саюзу.

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ . Крыніца: Усясьветны банк

За 32 гады істотны рост назіраўся ў краінах Цэнтральнай Азіі, а таксама ў Азэрбайджане. Усё гэта краіны зь перавагай мусульманскага насельніцтва. У Расеі рост насельніцтва за траціну стагодзьдзя быў фактычна нулявым, ува ўсіх іншых краінах зь перавагай традыцыйна хрысьціянскага жыхарства назіралася скарачэньне насельніцтва. У Беларусі — больш істотнае, чым у Расеі, але ў чатырох іншых былых рэспубліках СССР насельніцтва зьмяншалася яшчэ больш істотна, чым у Беларусі.

Варта адзначыць, што сярод краін, якія фігуруюць на графіку, самыя заможныя — Расея, Казахстан і Беларусь. Але рэкардсмэны росту насельніцтва — зусім не яны, а даволі бедныя краіны.

Беларусь у трэндзе Ўсходняй Эўропы

А як выглядае Беларусь у параўнаньні з краінамі Эўропы, у тым ліку суседзямі? Адпаведныя зьвесткі — на наступным графіку.


ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ . Крыніца: Усясьветны банк

Ён часткова зьняпраўджвае стэрэатып пра «выміраньне Эўропы». Тэмпы росту насельніцтва ў краінах Эўропы сапраўды невысокія,што відаць на мапе з дынамікай насельніцтва за апошнія 5 гадоў, Эўропа насамрэч у зоне зьмяншэньня насельніцтва. Але за апошнія 32 гады многія краіны ЭЗ дэманстравалі рост насельніцтва, некаторыя — нават вельмі імклівы.

Апошні графік паказвае заўважны падзел — насельніцтва краін Заходняй Эўропы апошнюю траціну стагодзьдзя расло, а ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы яно або павялічвалася значна павольней, або зьмяншалася. Насельніцтва Польшчы скарацілася ў меншай ступені, чым у Беларусі, насельніцтва Літвы і Латвіі — у значна большай ступені, чым у Беларусі. Яшчэ тры краіны Эўразьвязу — Баўгарыя, Румынія і Харватыя — зазналі за 32 гады большую страту насельніцтва, чым Беларусь.

Рост і страта насельніцтва без уліку міграцыі

На дынаміку колькасьці жыхароў, асабліва ў Эўропе, істотна ўплываюць міграцыйныя патокі. Таму прывяду таксама зьвесткі так званага натуральнага прыросту насельніцтва ў Беларусі і краінах ЭЗ у 1992–2024 гадах. Натуральны прырост — без уліку міграцыі, гэта балянс паміж колькасьцю нараджэньняў і сьмерцяў жыхароў краіны.

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ . Крыніца: Усясьветны банк

Графік фіксуе менш значныя адрозьненьні ў дынаміцы, чым папярэдні. Адносна высокі рост насельніцтва многіх краін Заходняй Эўропы тлумачыцца вялікай іміграцыяй. Напрыклад, насельніцтва Кіпру вырасла за 32 гады на 68%, у той час як натуральны прырост склаў толькі 24%, гэта значыць дадатковы рост на 44 адсоткі адбыўся коштам іміграцыі. І наадварот — насельніцтва Латвіі за той жа пэрыяд скарацілася на 29%, аднак натуральная страта насельніцтва склала толькі 20%, скарачэньне яшчэ на 9 адсоткаў тлумачыцца эміграцыяй з краіны.

На беларускія лічбы міграцыя практычна не паўплывала — адрозьненьні складаюць адзін адсотак. Міжнародныя інстанцыі — ААН, Усясьветны банк — вядуць статыстыку, у тым ліку і міграцыі, на падставе дадзеных, атрыманых ад статыстычных ведамстваў краінаў. І паводле гэтых дадзеных чыстая міграцыя ў Беларусі (іміграцыя мінус эміграцыя) складала ў 2020–2024 гадах мінус 82 тысячы чалавек. Аднак гэта супярэчыць зьвесткам аб сотнях тысячаў беларусаў, якія эмігравалі ў апошнія 5 гадоў, што пацьвярджаюць і ўлады. Хутчэй за ўсё, многія эмігранты не пазбавіліся рэгістрацыі ў Беларусі. І для Белстату яны жывуць у краіне і пакінулі яе часова.

Але калі грунтавацца на дадзеных афіцыйнай статыстыкі, якімі апэруюць міжнародныя арганізацыі, можна адзначыць, што Беларусь зь яе дынамікай колькасьці насельніцтва — не ўнікальная ў рэгіёне. Гэта рэгіён нізкіх тэмпаў росту насельніцтва, ладная частка краін рэгіёну зазнае скарачэньне насельніцтва, у некаторых краінах рэгіёну, больш заможных, чым Беларусь, гэтае скарачэньне нават большае, чым у Беларусі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG