Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць насельніцтва Беларусі за гады кіраваньня Лукашэнкі скарацілася на 1,2 млн чалавек

У Гомлі раней жыло звыш паўмільёна чалавек, цяпер горад страціў гэты статус
У Гомлі раней жыло звыш паўмільёна чалавек, цяпер горад страціў гэты статус

Працягваецца імклівае скарачэньне колькасьці жыхароў Беларусі.

Колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2026 году склала 9 млн 56 тыс 80 чалавек. Гэта на 1 млн 154 тыс. 323 чалавекі менш, чым на аналягічную дату 1995 году, тады насельніцтва было 10 млн 210 тыс. 403 чалавекі. Падзеньне склала 11,3%, вынікае з праведзенага агенцтвам «Позірк» аналізу зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Гарадзкое насельніцтва скарацілася за 30 гадоў на 0,4% (з 7 млн 182 тыс. 690 да 7 млн 157 тыс. 309), а сельскае — у 1,7 раза (з 3 млн 278 тыс. 177 да 1 млн 898 тыс. 771).

У рэгіянальным разрэзе дэмаграфічная сытуацыя палепшылася толькі ў Менску, дзе насельніцтва за названы пэрыяд павялічылася на 19,8% (з 1 млн 665 тыс. 580 чалавек да 1 млн 995 тыс. 91).

Ва ўсіх абласьцях зафіксаванае зьніжэньне. Найгоршая дынаміка ў Віцебскай вобласьці, дзе насельніцтва скарацілася больш чым на чвэрць — на 25,6% (з 1 млн 426 тыс. 433 да 1 млн 60 тыс. 687).

У Магілёўскай вобласьці жыхароў стала менш на 22,7%, Горадзенскай — на 19,2%, Гомельскай — на 16,2%, Берасьцейскай — на 13,8%, Менскай — на 8,9%.

Колькасьць насельніцтва Беларусі на пачатак 2025 году складала 9 млн 109 тыс. 280 чалавек.

Імклівае зьніжэньне колькасьці насельніцтва прывяло да таго, што другі горад краіны — Гомель — страціў званьне 500-тысячніка, а, напрыклад, Ворша блізкая да страты статусу горада 100-тысячніка, хаця ў пачатку 1990-х яго насельніцтва складала амаль 130 тысяч чалавек. Акрамя эміграцыі да зьніжэньня насельніцтва прыводзіць натуральная страта, калі ў краіне нараджаецца меней людзей, чым памірае.

Акрамя таго, у Беларусі пры штогод закрываюцца школы, перадусім вясковыя, а з мапы рэгулярна зьнікаюць цэлыя населеныя пункты.

Пры гэтым варта заўважыць, што даныя Белстату могуць ня ўлічваць масавай эміграцыі людзей зь Беларусі з палітычных і эканамічных матываў. Такі адток працягваецца з 2020 году.

Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады па выніках прэзыдэнцкіх выбараў улетку 1994 году і з таго часу ўтрымлівае ўладу ў краіне. Ніводныя наступныя выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як празрыстыя і справядлівыя, на ўсіх нязьменна фіксаваліся сотні парушэньняў, такія як парушэньні ў падліку галасоў, ціск на альтэрнатыўных кандыдатаў і іншыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG