У Тульскай вобласьці ад украінскага ўдару пацярпеў хімічны завод. Ва Ўкраіне больш за 20 параненых

Украінскія сілы ўжо двойча атакавалі хімічны завод у Новамаскоўску Тульскай вобласбці — ў чэрвені 2025 і ў траўні 2026 году. Архіўнае фота

У ноч на 26 чэрвеня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну балістычнымі ракетамі і ўдарнымі дронамі. Пацярпелі Кіеў, Херсонская, Сумская, Запароская і Херсонская вобласьці.

Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сілаў Украіны, расейскія войскі выкарысталі 7 балістычных ракет «Іскандэр-М», якімі нанесьлі ўдар па Кіеве і Кіеўскай вобласьці, а таксама па Палтаўшчыне, і 189 ударных дронаў. Тры ракеты і 174 дроны ўдалося зьбіць, а чатыры ракеты і 11 бесьпілётнікаў пацэлілі ў 12 лякацыяў.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што за ноч зьняшкодзілі 660 украінскіх дронаў над шэрагам расейскіх рэгіёнаў.

У Кіеве два чалавекі атрымалі раненьні, у Запароскай вобласьці адзін чалавек загінуў

Ва ўкраінскай сталіцы ад расейскага абстрэлу пацярпеў Дарніцкі раён. Паводле гарадзкіх уладаў, у выніку падзеньня аскепкаў зьбітай ракеты загарэўся склад. Два чалавекі параненыя. Пажар тушылі больш за дзьве гадзіны.

У Сумах расейскія ўдары лучылі ў 9-павярховы жылы дом і аўтамабільную стаянку. Аб пацярпелых не паведамляюць. Ратаўнікі мусілі эвакуаваць 40 чалавек.

У Запароскай вобласьці — адзін чалавек загінуў і 10 чалавек параненыя. Расейскія войскі цягам апошніх 24 гадзін нанесьлі ўдары па 44 паселішчах вобласьці.

У Херсонскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 42 населеныя пункты, 14 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку адно дзіця.

У Краменчуку Палтаўскай вобласьці пацярпела энэргетычная інфраструктура. Паводле ўладаў, людзі не пацярпелі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Запарожжы ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі больш за 20 чалавек, Украіна нанесла новыя ўдары па НПЗ у Расеі

У Расеі ўкраінскія дроны пацэлілі ў хімічнае прадпрыемства

Губэрнатар Тульскай вобласьці Расеі Дзьмітрый Міляеў паведаміў, што ў выніку атакі ўкраінскімі дронамі пашкоджаныя лініі электраперадач і прамысловае прадпрыемства ў Новамаскоўску.

У Шчокінскім раёне пашкоджаны прыватны дом, пацярпела яго ўладальніца. Паводле губэрнатара, над рэгіёнам за ноч зьняшкодзілі 73 украінскія дроны.

Украінскія маніторынгавыя каналы паведамляюць, што ў Новамаскоўску пацярпеў хімічны завод «Азот». Вайсковыя крыніцы пакуль не камэнтуюць гэтых удараў. Маштабы пацэльваньня таксама пакуль невядомыя — на апублікаваных відэазапісах відаць густы чорны дым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі пасьля ўкраінскіх удараў загарэліся нафтабаза і хімкамбінат