Галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй: патрэбна ствараць новыя брыгады на выпадак новага наступу зь Беларусі

Аляксандар Сырскі. Архіўнае фота

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў, што падчас пагрозаў зь Беларусі неабходна ствараць новыя брыгады, каб гарантавана адбіць магчымы наступ.

«Вораг, дарэчы, скарэктаваў свае пляны і зьбіраецца сёлета яшчэ стварыць новыя дывізіі і пяць брыгадаў. Мы вымушаныя рэагаваць на такія дзеяньні. На вайне ініцыятыву або перахопліваеш, або аддаеш. Трэцяга няма», — сказаў Аляксандар Сырскі ў камэнтары ўкраінскаму выданьню LIGA.net.

Паводле яго, Расея, не дасягаючы посьпехаў на асноўных кірунках, вырашыла пашырыць арэал сваіх актыўных дзеяньняў на поўначы Ўкраіны, а гэта, згодна з плянамі Расеі, павінна прывесьці да падаўжэньня лініі актыўнага фронту на 160 кілямэтраў.

Аляксандар Сырскі адзначыў, што Расея пераважае ў колькасьці вайскоўцаў і ўзбраеньня, таму, каб гарантавана адбіць гэты магчымы наступ і абараніць тэрыторыю, Украіне трэба сфармаваць новыя брыгады.

Паводле яго, цяпер лінія фронту істотна павялічылася ўглыб. «Таму, калі фронт павялічваецца ў шырыню і ў глыбіню, арытмэтыка няўмольная: патрэбныя новыя вайсковыя часткі», — дадаў ён.

Чаму гэта важна і што папярэднічала

Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэкцыі атак на Ўкраіну.

Палітык заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

24 чэрвеня Зяленскі, спасылаючыся на зьвесткі ўкраінскага войска, заявіў, што рэтрансьлятары ў Беларусі перасталі працаваць 22 чэрвеня. Зяленскі заявіў, што незразумела, ці цалкам дэмантавала Беларусь рэтрансьлятары, ці проста прыпыніла іх выкарыстаньне на гэты момант.

26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць сьпіс 500 беларукіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу зь Беларусі на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.

У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёй».

Але 15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнкі быў далёкім ад ваяўнічага. Ён сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўваход Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.

Лукашэнка таксама стрымана выбачыўся перад Зяленскім за ранейшыя рэзкія словы і чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Крэмль адкідае сьцьверджаньні СМІ аб ціску Расеі на Беларусь у сувязі з вайной ва ЎкраінеЗяленскі заявіў, што ў Беларусі адключылі рэстрансьлятары на мяжы. Ультыматум выкананы?Пуцін ставіць Лукашэнку ўмовы? Новая апэрацыя КДБ. Школьнікі адмаўляюцца ад беларускай мовыWall Street Journal: Расея цісьне на Лукашэнку, спрабуючы адкрыць новы фронт у вайне супраць Ўкраіны