Зяленскі заявіў, што ў Беларусі адключылі рэстрансьлятары на мяжы. Ультыматум выкананы?

Уладзімір Зяленскі

Менавіта з працай антэнаў, якія дапамагалі расейцам карэктаваць удары па Ўкраіне, быў зьвязаны ўльтыматум, які на мінулым тыдні прэзыдэнт Украіны выставіў Лукашэнку.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што рэтрансьлятары ў Беларусі, якія дапамагалі расейскім бесьпілётнікам трапіць ва Ўкраіну, перасталі працаваць 22 чэрвеня. Пра гэта ён сказаў у камэнтары журналістам, паведамляе hromadske.

Паводле Зяленскага, галоўны вайскавод Украіны Аляксандар Сырскі і выведка далажылі яму, што рэтрансьлятары ўжо не працуюць. Аднак, ці дэмантавалі іх, пакуль невядома.

Раней Зяленскі заявіў, што на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю, на тэрыторыі дзьвюх беларускіх абласьцей, разьмешчаныя рэтрансьлятары, якія дапамагаюць Расеі карэктаваць агонь па мірным украінскім насельніцтве. У той час кіраўнік Украіны заявіў, што самаабвешчанаму кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку «тыдня будзе дастаткова», каб адключыць такое абсталяваньне, «інакш гэта зробіць Украіна».

Ультыматум Зяленскага Лукашэнку

Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

Зяленскі таксама заявіў, што Ўкраіна ведае «пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расею і гэтую вайну», у тым ліку пра кампанію, якая пастаўляе складнікі для расейскай зброі, і пра кампанію, якая пастаўляе паліва ў Расею.

У Кіеве адзначалі, што толькі за першыя пяць месяцаў 2026 году пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею павялічыліся ў 13 разоў, а дызэльнага паліва — у тры разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.

Гэтыя заявы Зяленскага прагучалі праз два дні пасьля інцыдэнту з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у расейскі горад Геленджык на адпачынак. Расейскія ўлады заявілі, што яго атакаваў украінскі дрон, у выніку адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.

Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.

У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Класкоўскі: Нікуды Лукашэнка не ўцякае


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Wall Street Journal: Расея цісьне на Лукашэнку, спрабуючы адкрыць новы фронт у вайне супраць Ўкраіны